Штодзень у свеце з’яўляюцца дзясяткі і сотні новых праграм для платформы Андроід. Некаторыя з іх распрацаваныя для беларускіх рэаліяй. Выкарыстанне іх можа ў пэўных сітуацыях дапамагчы ўладальнікам смартфонаў. У студзені “Наша Ніва” складала рэйтынг з 7 самых карысных праграм, сёння мы дадаем да яго яшчэ пяць спасылак.

1. Чыгунка. Электрычкі Беларусі. https://play.google.com/store/apps/details?id=com.deadyogi.apps.chugunka

Праграма з раскладам руху беларускіх прыгарадных цягнікоў. Пры кожным запыце яна звяртаецца ў інтэрнэт, каб спраўдзіць інфармацыю на сайце Белчыгункі. Праўда, атрыманыя звесткі застаюцца ў кэшы праграмы, таму паглядзець іх яшчэ раз атрымаецца і без доступа да сеціва. Праграма магла б быць нашмат больш карыснай, калі б стваральніку ўдалося дадаць у яе інфармацыю пра пасажырскія цягнікі.

2. Канстытуцыя Беларусі https://play.google.com/store/apps/details?id=com.zodinplex.constitution.by

3. Крымінальны кодэкс Беларусі https://play.google.com/store/apps/details?id=com.zodinplex.penalcode

Дзве бясплатныя праграмы ад аднаго аўтара дапамогуць узгадаць патрэбную фармулёўку з дакументаў. Аднак карыстацца імі будзе зручна толькі тым, хто разумее структуру Канстытуцыі і Крымінальнага кодэксу. Адсутнасць пошуку па нумары артыкула ці па ключавых словах прымушае шукаць патрэбны пункт уручную, па раздзелах. У стрэсавай сітуацыі, напрыклад, калі над вамі стаіць міліцыянт, гэта наўрад ці атрымаецца зрабіць хутка.

4. Аўтавызначальнік нумара https://play.google.com/store/apps/details?id=by.rix.AndroCID

Прынцып дзеяння праграмы просты – калі вам нехта тэлефануе, нумар аўтаматычна звяраецца з інтэрнэт-базай і высвечвае на экране імя і прозвішча вашага суразмоўцы, ягоны дзень нараджэння і нават адрас рэгістрацыі. База нумароў поўная – ёсць і стацыянарныя тэлефоны, і базы трох мабільных аператараў. У папярэдняй версіі праграмы існавала магчымасць пошуку па гэтых базах. Цяпер такая карысная функцыя вынесеная ў платную версію, якая каштуе $90.

Перад тым, як зарэгістравацца, варта задумвацца, ці гатовыя вы агалосіць у адказ свае дадзеныя – прозвішча, імя і імя па бацьку, кантактныя нумары і ІМЕІ свайго мабільнага тэлефона.

5. Яндэкс-мапы +Коркі https://play.google.com/store/apps/details?id=ru.yandex.yandexmaps

Папулярная расійская праграма, якая дапамагае арыентавацца на мясцовасці і адсочваць коркі на дарогах, працягвае развівацца. У яе дадалася карысная функцыя – магчымасць загрузкі мапы населеных пунктаў. З беларускіх гарадоў прадстаўлены толькі Мінск (яго мапа важыць каля 80 мегабайтаў). Спампаваўшы яе загадзя, можна не клапаціцца, што праграма сажрэ каштоўны трафік. Цяпер праз інтэрнэт перадаецца толькі інфармацыя аб корках.

Як загрузіць праграмы?

Зайсці ў праграму «Google Play» у сябе на смартфоне і ўвесці ў пошук назву праграму са спасылкі. Напрыклад, для Крымінальнага кодэксу гэта «com.zodinplex.penalcode» (частка спасылкі, якая ідзе пасля сімвалаў «id=»). Альбо спампаваць файлы з указаных спасылак сабе на камп’ютар, а пасля скапіраваць іх на смартфон і запусціць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?