Унікум выставы -- партрэтная галерэя роду

Унікум выставы -- партрэтная галерэя роду

Герб «Ліс»

Герб «Ліс»

Сігнатура вялікага князя Льва Сапегі

Сігнатура вялікага князя Льва Сапегі

У Вільні ў палацы Хадкевічаў (Літоўская мастацкая галерэя) на вуліцы Вялікай, 4 (Didћiojo, 4) да 20 мая працуе маштабная выстава «Сапегі — дзяржаўныя дзеячы, мецэнаты і калекцыянеры».

Значнасць Сапегаў у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага цяжка пераацаніць: 51 з іх займаў найвышэйшыя пасады. Трое былі біскупамі, 30 — сенатарамі, 5 — гетманамі, 6 — канцлерамі і падканцлерамі...

Сапегі прайшлі шлях ад баяраў-русінаў да князёў Святой Рымскай імперыі;
ад дробных землеўласнікаў да найбуйнейшых латыфундыстаў; ад абаронцаў праваслаўнай веры да ўсвядомленых пратэстантаў і гарачых каталікоў; ад баяраў на перыферыі Еўропы да грамадзянаў свету.

Сапегаўскай выставай Літва паказала, як такія рэчы трэба рабіць. Чаго варты 544-старонкавы каталог-фаліянт з пералікам экспанатаў і грунтоўнай даведкай пра кожны.

Экспанаты ж — рарытэтныя рэчы і мэбля з палацавых інтэр’ераў Сапегаў, кнігі іх бібліятэкі, дакументы, выданні Статута 1588, які склаў слынны канцлер Леў Сапега.

Дарэчы, летась Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў супрацоўніцтве з Расійскай нацыянальнай бібліятэкай (РНБ) выпусціла кампакт-дыск «Сапегіяна: кнігазбор роду Сапегаў» — з каталогам кніжак сапегаўскай бібліятэкі, адной з найбольшых у ВКЛ, і копіямі каштоўных выданняў. Пра кампакт-дыск на выставе звестак няма — адчуваецца, што беларускі бок не браў удзелу ў яе арганізацыі.

Але Беларусь непазбежна там прысутнічае. Найперш — у панарамных здымках храмаў, фундаваных Сапегамі, і іх рэзідэнцыяў:
замкаў у Старым Быхаве, Гальшанах, Дзярэчыне, кляштараў картузаў у Бярозе і кармелітаў у Бялынічах, палаца ў Ружанах, езуіцкага калегіума ў Оршы, царквы Св. Тройцы ў Чарэі, касцёла Св. Андрэя ў Слоніме...
Сапраўдны унікум выставы — партрэтная галерэя роду. Усе 72 партрэты — ад Гедыміна і легендарнага Сунігайлы-Сямёна — прывезеныя ў Вільню з Кракава. Баракальная калекцыя партрэтаў — велічнае відовішча.

Выстава адбываецца пад ганаровым патранатам князя Міхала Сапегі, які жыве ў Бельгіі. На адкрыцці князь адзначыў, што пакідае гісторыкам ацэнку палітычнай дзейнасці Сапегаў: «Я ўсведамляю, што гэтая ацэнка не заўжды будзе карыснай». Але пасля Сапегаў засталася і багатая культурная спадчына, якой могуць ганарыцца народы ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

***

Герб «Ліс»

У XVII—XVIII стст., падчас супрацьстаяння з Радзівіламі, быў складзены легендарны радавод Сапегаў. Нібыта пад імем Сямён хрысціўся троцкі кашталян Сунігайла, унук князя Нарымонта Гедымінавіча. Даследаванні гэтага не пацвярджаюць. Польскі гісторык Уладзіслаў Сямковіч дапускаў, што Сунігайлавічы, якія карысталіся гербам «Ліс», у 1434 прынялі ў гербавае брацтва Сапегаў.

Герб «Ліс» — двойчы перакрыжаваная срэбная страла ў чырвоным полі. «Лісам» ён завецца, бо кляйнот (геральдычнае завяршэнне шлема) у класічным варыянце герба — палова лісіцы. Апісанне герба стала родавым дэвізам Сапегаў: «Крыж азначае цноту, а страла — перамогу...»

Радавод ад пісара Сямёна

Род Сапегаў — са Смаленшчыны. Першым з Сапегаў вядомы Сямён, які ў 1440-я быў пісарам Казіміра Ягайлавіча. У войнах з Масквою ў 1500—1503 і 1512—1522 ВКЛ страціла тэрыторыі, дзе знаходзілася маёмасць баяраў Сапегаў, — Ельню, Гарадзішча, Апакаў. Але Сапегі прыдбалі праз службу і ўдалыя шлюбы новыя ўладанні. Сыны Сямёна Багдан і Іван — пачынальнікі галоўных ліній роду: старэйшай Чарэйскай—Ружанскай і малодшай Кодзенскай. Назвы пайшлі ад галоўных уладанняў — Чарэі пад Чашнікамі, Ружанаў пад Слонімам ды Кодня на Берасцейшчыне (сёння ў Польшчы).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0