Беларуская кідальніца молата Аксана Мянькова названая лепшай спартсменкай красавіка па выніках апытання, зладжанага Еўрапейскай лёгкай атлетыкай. Прадстаўніца Беларусі атрымала такое званне ўпершыню.

У канцы кожнага месяца група экспертаў выпускае спіс выдатных спартсменаў, у якім адлюстроўваюцца вынікі, паказаныя імі на працягу гэтага месяца. Апытанне праходзіць на сайце ЕА.

Пераможца вызначаецца па выніках галасавання. Асобна ўлічваюцца меркаванні ў трох групах: прадстаўнікі СМІ, група экспертаў-статыстыкаў і грамадскасць.
Пераможца кожнага апытання атрымлівае 10 балаў, другое месца дае 9 ачкоў і г.д. Спартсмен з найбольшай колькасцю ачкоў у гэтых трох групах аб'яўляецца пераможцам.

У красавіку 2012 года ў лік сушукальнікаў увайшлі прадстаўнікі 12 краін, у іх ліку беларускія кідальнікі молата Аксана Мянькова і Павел Крывіцкі.

На спаборніцтвах у Брэсце, якія прайшлі ў канцы красавіка, Мянькова ўстанавіла рэкорд Беларусі (78,19 м) і паказала найлепшы вынік сезона ў свеце. Нацыянальнае дасягненне алімпійскай чэмпіёнкі Пекіна стала трэцім у гісторыі сусветнай лёгкай атлетыкі.

У мужчын лепшым прызнаны славацкі хадок Мацей Той.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?