З пошты Рэдакцыі.

Студэнты, сёньняшнія і ўчорашнія, маюць свой слоўнік, сваю субкультуру, свой стыль і нават сваю геаграфію. Захад — гэта бліжняе замежжа, бліжнія кантакты, бліжняя пэрспэктыва і нават бліжнія ўспаміны. Палітыка — гэта нешта зь мінулага, цікавае толькі тым, хто там мае свой інтарэс. Таму нечаканымі будуць адказы на пытаньні для студэнта і для выкладчыка. І апазыцыя — гэта нейкі праект, а не рэальнасьць, бо ў будзённым побыце абываталя яе не існуе. У Інтэрнэце ёсьць. На вуліцы час ад часу ёсьць. А ў актыўным слоўніку няма.

Кантрольнымі словамі для кантакту міжузроставага і міжклюбнага ёсьць Шушкевіч і Мілінкевіч. Быў Пазьняк. Калі нехта сказаў, што чакаецца Кангрэс дэмакратычных сіл на чале з камуністамі, усе ўспрынялі гэта як нешта з пазамінулага, як рэванш ці мэмуарная акцыя з СССР.

Адкрылі сайт Пазьняка, знайшлі новыя імёны — нейкіх вінцукоў, Лябедзьку, Вячорку, Калякіна. Успомнілі рэктара БДУ Казуліна. Але гэта ўжо было як падрыхтоўка да сэмінару, і пошукі спынілі. Вырашылі, што яны ўсе — з кампаніі Мілінкевіча, калі апазыцыя.

Інтарэс да Кангрэсу ажывіўся падчас выбараў у нейкія саветы 2007 г. «Народная воля», «Наша Ніва» ў кіёсках не прадаецца, давялося шукаць іншыя варыянты, чытаць «чэсныя», відаць, — «СН», «Белорусы и рынок», Белг. «Советскую Белоруссию» не чытаюць. Склалі схему «текущего момента». І вось што атрымалася…

Савецкі Саюз, інтэграцыя, камуністы, Расея, славянафашызм — усё гэта Plusquamperfekt, даўно мінулы час! Ніводзін студэнт ня зьвязвае сваёй будучыні з гэтым мэмуарным жанрам.

Карміцца там могуць толькі канкрэтныя палітбізнэцоўцы, банкіры ці пэнсіянэры. Успамінаць у Менску Маскву і Крэмль могуць толькі людзі, якія ня маюць сілы апірышча ў Беларусі. Гэтак малыя дзеці ў садку кажуць крыўдзіцелям: «Пачакай, прыйдзе старэйшы брат, ён табе дасьць. Ён ужо ў трэцюю клясу ходзіць!»

Сур’ёзная палітыка пачынаецца на Захадзе. Там месца пошукаў, сувязяў, цікавасьці для кожнага актыўнага чалавека з будучыняй. Там рэальныя падважнікі ўплыву на Беларусь. Там грошы, NATO, Ватыкан, працоўныя месцы, тэхналёгіі. Усё барахло арыентавана на Расею. Усё сучаснае — з Захаду і на Захад. Ёсьць ЗША, там наш Касьцюшка і цікавасьць да Балцка‑Чарнаморскага стратэгічнага кардону.

Да Расеі адносіны ніякія. Крымінальная Масква. Бандыцкі Пецярбург. Дурная папса і рэанімаваныя псэўдазоркі. Plusquamperfekt. Што, хіба Масква можа ўплываць на падзеі ў Беларусі? Хай спачатку паўплываюць на Расею. Вайну ў Чачэніі прайгралі. Сплачваюць кантрыбуцыю, аддалі нафту і ўладу сыну мяцежнага імама. Была б мажлівасьць, не наладжваў бы кожны алігарх паасобку сваіх камунікацыяў на Захад!

Ці вы паедзеце працаваць у РФ? Ці вы перасядзеце з «Volkswagen’a» на «Масквіч» ці «Волгу»? Дык скуль той фактар Масквы? Хіба з гісторыі ВКП(б)? З ГУЛАГУ? Праваслаўныя цэрквы ўсяго сьвету аб’ядноўваюцца ў адну царкву з Ватыканам, ужо летам, не чакаючы 2054 г., каб быць разам, як ад Хрыста да 1054 г. 25 сьнежня Каляды сьвяткуюць ўсе хрысьціяне, акрамя Маскоўскага патрыярхату — 30 мільёнаў супраць 2 мільярдаў хрысьціян! Plusquamperfekt!

Кангрэс дэмакратычных сілаў безь Мілінкевіча? На чале з ПКБ, без Шушкевіча, зь Лябедзькам? То чаму не ў Крамлі?

Аналіз — прагноз. Што было — што будзе? Лябедзька, Вячорка, Калякін і іхні Кангрэс рыхтуюцца да 2008, 2011 г. Для маладога чалавека — гэта розныя эпохі! Тусоўка і замужжа, студэнцтва і разьмеркаваньне, бээрэсэмаўшчына і Італія, Гішпанія, эўрасуседзі. Чым жывуць партапаратчыкі, «штатныя апазыцыянэры»? Ужо дзесяць, можа, гадоў, як адхілілі Пазьняка, каб ад зацятасьці перайсьці да перамогі праз гнуткасьць. І што — тыя ж маніфэстацыі пад брэх сабак‑людажэраў, хіба меншыя? Лябедзька піша па‑расейску, каб спадабацца Маскве, каб хоць не залічылі ў нацыяналы? Дзеля чаго ён ні разу не ўспамінае Мілінкевіча ў сваіх бясконцых пісаньнях? Ён жа быў абавязаны працаваць на «адзінага».

Ну няўжо Калякін, Лябедзька, Вячорка не разумеюць, што іх ніхто ня ведае? Што ня могуць яны быць прэзыдэнтамі. Чаму яны ня хочуць быць побач, а не замест Мілінкевіча? Няўжо не вучыліся гісторыі? Не Рабэсп’ер, а Банапарт стаў імпэратарам. Ня Троцкі, а Сталін. Не Зянок, а Шурык. Ва ўсіх зьяўляюцца шанцы, калі першым пойдзе Мілінкевіч! Дык штурхайце яго наперад, што моцы. 2007 г. — гэта шанец. Покуль Лукашэнка, выбары ў палатку ня будуць выбарам! Масква — гэта ведае ўвесь сьвет — і Пуцін асабіста зацікаўленыя «зачысьціць тылы» ад Лукашэнкі. Буш — за «зьмену рэжыму» ў Беларусі. 2007, а не пасьля вашай пэнсіі, заслужаныя апазыцыянэры рэспублікі!

Калі б была лёгіка перамогі, Вячорка не дапусьціў бы, каб ПКБ кіравала на Кангрэсе. Бо камуністы — гэта 4—6% электарату ў лепшыя часы. Ніводзін чалавек не пайшоў абараняць ні ЦК КПСС, ні ЦК КПБ! Ніводзін грамадзянін. Ніводзін камуніст. Ніводзін афіцэр — усе здрадзілі прысязе, усе! Дык што, хіба яны пойдуць абараняць прэзыдэнцыю на Карла‑Марла? Сьмех. І хіба сёньня Крэмль падтрымае беларускую дэмакратыю на чале з камуністамі? Рэальны вораг Пуціна — камуністы, зь іх апорай на Менск. Пуцін хоча пайсьці ў алігархі. Ён павінен — паводле адукацыі! — «зачысьціць Беларусь», бо дзяржаўны лідэр‑вораг мацнейшы за алігарха. Дзе Беразоўскі, Гусінскі з НТВ? А тут спэцслужбы і частоты, дыпляматычны статус і недаступная алігарху база. Значыцца, ні Лукашэнкі, ні камуністаў!

Можа, захад успрыме дэмакратаў Лябедзьку‑Калякіна? Зь іхнім кангрэсам? Пры рэальным усенародным рэйтынгу Мілінкевіча — афіцыйна некалькі мільёнаў, увесь актыўны, стваральны, вытворчы, дзелавы электарат, а не арыентаваныя паводле ідэалаў і ўзросту лукашысты?

Мілінкевіч — гэта рэальны поступ, 2007 г., рашэньне праблемы Беларусі ў сувязі з глябальнымі зрухамі. Гэта палітычная праблема, а не інтрыгі прэзыдыюмаў. Ня ўдасца разьмяняць Лукашэнку на прамаскоўскіх «без нацыяналаў». Бо прамаскоўскія — гэта не дзяржаўнікі, а мэнэджары алігархаў, беларускіх эмігрантаў у РФ. Усяго толькі. Перачытайце ўсіх апазыцыянэраў, арыентаваных на Маскву. Рэванш. Лукашызм без Лукашэнкі. СССР, Триединое древо і іншы славянафашызм, Белоруссия.

Мілінкевіч правільна робіць, што не дыспутуе з інтэгратарамі. Ён проста можа склікаць свой Кангрэс з рэальнымі актывістамі. Моладзь з Калякіным і Лябедзькам? Сьмех. Можа, і трэба не марнаваць часу, сабраць усіх, хто не зьбіраецца чакаць 2011 г. і весьці рэальны дыялёг з рэальнымі палітыкамі.

У Лукашэнкі выбар: або міжнародны суд, або перамовы зь Мілінкевічам. Крэмль выпхнуў яго з палітычнага жыцьця да нацыяналаў, паставіў на палітэмігрантаў зь Беларусі і іх сяброў АГП‑ПКБ. А гэта азначае ўкраінскі шлях.

Алігархі хочуць адцясьніць беларускі майдан ад будучай рэальнай улады. Вячорка, падтрымаўшы маскоўскіх «інтэгратараў без Лукашэнкі», застаецца без моладзі і рэальных змагароў. Камуністы і імпэрцы Крамля не прызнаюць «побач» — толькі падаўленьне, гегемонія, тэрор — гэта ж тэорыя навуковага камунізму і гісторыя КПСС!

Мы з сябрамі прайшлі тысячы кватэр, зьбіраючы подпісы перад апошнімі выбарамі. Людзі ведаюць Шушкевіча і Мілінкевіча — і вераць ім! Крытыкуюць Станіслава Станіслававіча, але ведаюць, што езьдзіць у Эўропу праз Берасьце і Горадню, а не праз Маскву, як у СССР (!), пачалі пры Шушкевічу. Купілі «Volkswagen» ці «BMW» пры ім, параўнальна зь сёньняшнімі цэнамі і мытам! Прашу афіцыйных прапагандыстаў растлумачыць: як маглі рускія афіцэры і чыноўнікі сядзець на вакзале на чамаданах і клунках, калі менавіта яны першымі пры Шушкевічу набылі Мэрсэдэсы? Пры «нацыяналістах» рускія афіцэры атрымалі болей кватэр у Беларусі, чым у РФ — у пуцінскай Расеі іх калегі дагэтуль кватэр так і не атрымалі! Каго маюць за дурняў «савецкія СМІ» — рускаэтнічных палкоўнікаў і міністраў? Вось чаму зь Мілінкевічам зьвязваюць будучыню:

— Жыць і працаваць як у Нямеччыне ці Швэцыі!

Нямеччына, як і Беларусь, у дзясяткі разоў больш зруйнаваная (савецкімі войскамі, дарэчы!), чым Расея. Але ў 70‑я гады на душу насельніцтва выраблялі: ГДР — 3300$, ФРГ — 6700$, а СССР — 2100$ (з коштам танкаў і ракет)!

Хто хоча «жыць як у Расеі» — калі ласка, можа адкрыта аж да Пакістану і Аўгану! Тут Беларусь, тут Эўропа. Для ўсіх, хто ня хоча ў даўно мінулы час. Мы футурысты. Заўтра — нашае!

VОЛЯ

Дэлегат Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0