Зараз Міністэрства аховы здароўя Беларусі пераглядае пералік безрэцэптурных лекавых сродкаў.

Як паведамілі ў Мінздароўя, у спіс лекаў, што адпускаюцца без рэцэпта, будуць уключаны некаторыя кантрацэптывы. У прыватнасці, бар`ерныя сродкі, свечкі для мясцовага прымянення, асобныя нізкадазаваныя гарманальныя кантрацэптывы. Пры гэтым гарманальныя лекавыя сродкі для працяглай і сістэматычнай кантрацэпцыі, якія могуць паўплываць на стан рэпрадуктыўнага здароўя, будуць выдавацца па рэцэпце ўрача.

Рэцэпт будзе выпісвацца тэрмінам да шасці месяцаў.

Варта зазначыць, што спіс лекавых сродкаў, якія адпускаюцца без рэцэпта, апошнім разам пераглядалі ў сакавіку — ён скараціўся нязначна, прыкладна з тысячы да 964 наменклатурных пазіцый, што адпавядае больш як 2 тыс. 50 найменням (усяго ў Беларусі зарэгістравана прыкладна 6 тыс. найменняў лекавых сродкаў).

У сакавіку прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя заявілі пра намер зрабіць больш жорсткім з 1 ліпеня кантроль за выдачай рэцэптаў і водпускам лекаў у аптэках у сувязі з парушэннямі існых правілаў.
У міністэрстве, у прыватнасці, сцвярджаюць, што часта ў аптэках без рэцэптаў адпускаюць антыбіётыкі, «сур`ёзныя кантрацэптывы» і іншыя лекі, не ўключаныя ў безрэцэптурны спіс.

Аднак кіраўнік дзяржавы, выступаючы 8 мая з пасланнем да беларускага народа і парламента, заявіў:

«Апошнім часам з`явіліся скаргі нашых грамадзян на новую сістэму водпуску лекаў толькі па рэцэпце ўрача, якую мяркуецца ўвесці ў хуткім часе». Аляксандр Лукашэнка ў прыватнасці згадаў пра кантрацэптывы.
«Я прашу міністра аховы здароўя і прэм`ер-міністра разабрацца з гэтымі пытаннямі», — сказаў ён.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?