Да міжнароднай акцыі "Ноч музеяў" Беларусь далучаецца ўжо не першы год. Але сёлета, абяцаюць у Міністэрстве культуры, яна будзе рэкорднай па колькасці ўдзельнікаў. Далучаюцца не толькі музеі абласных гарадоў, але і раённыя.

У Гомелі ў палацы Румянцавых-Паскевічаў стартуе мастацкі праект "Палацавы комплекс". Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі запрашае на баль у Тызенгаўза, а

Гродзенскі гісторыка-археалагічны рыхтуе 19 мая ўдзень сярэднявечныя забавы ў Старым замку і "Ноч веера і рэверанса" -- у Новым.

У найбольш канцэнтраваным выглядзе начное музейнае жыццё будзе прадстаўленае ў Мінску, паведамляе Tut.by. Дарэчы,

18 мая ўваход ва ўсе сталічныя музеі будзе бясплатным, але на мерапрыемства "Ночы музеяў" білет давядзецца купіць.

Нацыянальны мастацкі музей 18 мая запрашае на праграму "Апакаліпсіс. Адмяняецца...", якая аб'яднае выставу беларускіх мастакоў-абстракцыяністаў і тэатралізаванае прадстаўленне.

Агульнымі намаганнямі супрацоўнікі музея і іх госці паспрабуюць выкрыць міф пра набліжэнне канца свету. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Надзея Усава абяцае, што
сумаваць не давядзецца нават тым, хто будзе стаяць у чарзе па квіткі. Дарэчы, пра чэргі. Ахвотных наведаць музей просяць прыходзіць не ўпрытык да адкрыцця "начной" праграмы - 19.00, а крыху раней.
Уваход - 25 000 рублёў.

Нацыянальны мастацкі музей упершыню ўзяў удзел у "Ночы музеяў" у 2005 годзе, калі за 5 гадзін акцыі музей наведала каля дзвюх тысяч чалавек. У 2008 годзе ноччу ў музей прыйшло больш за шэсць тысяч чалавек, у 2009 - каля 8 тысяч, у 2010 і 2011 гадах - звыш 10 тысяч чалавек.

Нацыянальны гістарычны музей 18 мая прадставіць праграму "Эпохі мімалётныя імгненні". Будуць працаваць выставы "Вайна 1812 года ў гісторыі Мінска" і

"Экспануецца ўпершыню. З паступленняў Гістарычнага музея".
Намеснік дырэктара Ніна Калымага адзначыла, што асаблівасцю цяперашняй "Ночы музеяў" стане ўвага да аўдыторыі розных узростаў.
Будуць арганізаваныя гістарычныя гульні для дзяцей і інтэлектуальны клуб для моладзі.
У асаблівым рэжыме музей будзе працаваць з 18.00 да 23.00. У гонар 45-годдзя адкрыцця першай экспазіцыі музея ўваход на мерапрыемствы "Ночы музеяў" будзе бясплатным.

Музей сучаснага выяўленчага мастацтва 18 мая запрашае стаць сведкам мастацкага праекта "Усход-Захад. Цырымонія".

У малой зале музея можна будзе ўбачыць кітайскую і японскую чайныя цырымоніі і прадэгуставаць розныя гатункі чаю, паглядзець пясочнае шоу, прайсці майстар-клас па арыгамі, паслухаць японскую флейту сякухаці.
Вялікую залу зоймуць майстры перформансу, інтэрактыўных інсталяцый і электроннай музыкі, тут жа можна будзе паглядзець усходнееўрапейскую анімацыю. Старт "начной" праграмы дадуць а 19-й, фініш прызначаны на 24.00.

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны 18 мая з 18.00 да 22.00 запрашае на праграму "На пляцоўцы танцавальнай 1941 год".

У холе музея будуць гучаць музыка і песні 1940-х, а ў музейнай рэтра-фотастудыі можна будзе зрабіць здымак у касцюмах і антуражы той эпохі.
На другім паверсе музея размесціцца стылізаваны партызанскі лагер, а паверхам вышэй - выстава "Пасляваенная вясна", на якой будуць прадстаўленыя прадметы жаночага гардэроба 1940--1960 гг.

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа 18 мая пакажа малавядомую перапіску класіка з пісьменнікамі, палітычнымі дзеячамі, роднымі, а таксама

рэдкія фотаздымкі з архіва Коласа.
Акрамя таго, у гэты дзень з 14.00 да 15.00 у музеі пройдзе святочная праграма, падрыхтаваная выхаванцамі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі "Ветразь".

Літаратурны музей Максіма Багдановіча да 18 мая падрыхтаваў спецыяльную праграму "Веснаход", у якой знайшлося месца забавам і для дзяцей, і для іх бацькоў. Малыя змогуць уволю памаляваць крэйдай на асфальце і фарбамі на ўласных тварах, навучыцца складаць з паперы матылькоў. Святочны фон будуць ствараць фальклорныя калектывы Палаца дзяцей і моладзі. А

завершыць праграму канцэрт гуртоў "Пацукі" і "Нельга забыць".
Час дзеяння - 17.00--23.00. Уваход - 5000 рублёў (дарослыя), 2500 рублёў (дзеці).

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы падрыхтаваў праект "Паўлінка-next". Сёлета краіна адзначае 130-годдзе класіка беларускай літаратуры, а яго самай вядомай п'есе спаўняецца 100 гадоў. "Начная" праграма пачнецца а 18-й 19 мая і прадоўжыцца да 2.00 20 мая. Частка прадстаўлення пройдзе не пад музейным дахам, а пад шатамі старых ліпаў у парку.

У праграме - парад Паўлінак,
выступленні фальклорных калектываў і сучасных маладых выканаўцаў, старадаўнія беларускія танцы ля фантана, кірмаш рамёстваў,
майстар-клас па пляценні косаў
і многае іншае.
Літаратурны музей Петруся Броўкі 19 мая запрашае паўдзельнічаць у праекце "Стылягі"
і пазнаёміцца з адной з самых яркіх моладзевых субкультур XX стагоддзя. Наведнікі музея пад акампанемент джазавых мелодый змогуць агледзець выставу "Стылягі - адважныя дэндзі краіны Саветаў" і паўдзельнічаць у майстар-класе па ліндзі-хопе (папулярны танец пад джазавую музыку). Броўка быў бы ў шоку. Пачатак праграмы а 18-й. Уваход - 7000 рублёў.

Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры 19 мая праводзіць танцавальна-музычны марафон. З 18.00 да 23.00 наведнікі музея змогуць пазнаёміцца з танцавальнай культурай розных народаў свету і ўзяць удзел у майстар-класах. У праграме будуць прадстаўленыя

ўсходнія танцы, капаэйра, ірландскія танцы, індыйскія танцы, фламенка, грузінскія танцы і беларускія народныя скокі.
Уся гэтая радасць абыдзецца ўсяго ў 10 000 руб. Прынесяце з сабой маракасы або кастаньеты - увойдзеце бясплатна.

"Ноч музеяў" упершыню прайшла ў Берліне ў 1997 годзе. Беларусь далучылася да гэтай міжнароднай акцыі ў 2004 годзе.

Як паказала практыка мінулых гадоў, у музеі ўначы стаяць вялізныя чэргі, гэта трэба ўлічваць, выпраўляючыся на шпацыр. І, безумоўна, варта глянуць прагноз надвор'я, каб "Ноч музеяў" пакінула толькі прыемныя ўспаміны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?