Суд Навабеліцкага раёна Гомеля 18 мая вынес прыгавор 77-гадоваму ўрачу-неўролагу гарадской паліклінікі № 1.
У гэтай лячэбнай установе адбылося выязное пасяджэнне суда. Жанчына прызнаная вінаватай у атрыманні хабару, незаконнага ўзнагароджання і службовым падлогу.

Як паведаміў дзяржаўны абвінаваўца Аляксей Скараход,

доктарка пакараная трыма гадамі пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці з адтэрміноўкай прыгавору на два гады.

На выязное пасяджэнне былі запрошаныя работнікі паліклінікі, а таксама намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама. Па ініцыятыве пракуратуры выязное пасяджэнне праводзіцца з мэтай прафілактыкі злачынстваў.

За два гады ўрач атрымала незаконны даход у памеры 1 мільёна 235 тысяч рублёў. У матэрыялах справы 31 эпізод.
Урач поўнасцю прызнала сваю віну і раскаялася ў тым, што афармляла лісты часовай непрацаздольнасці за хабар.
Адзін дзень нявыхаду на працу яна ацэньвала ў 12-15 тысяч рублёў.
Здаровыя людзі, якія пажадалі атрымаць бальнічны, не з'яўляліся на прыём да неўролага асабіста, а прасілі пра паслугу медсястру паліклінікі, ёй жа перадавалі грошы.

У дачыненні да медсястры крымінальная справа не распачыналася, яна напісала яўку з пакаяннем. Сама абвінавачаная ўрач на судзе патлумачыла, што ішла на злачынствы з-за цяжкага матэрыяльнага становішча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?