16 мая ў Мінску быў затрыманы актывіст «Маладога фронту» Уладзімір Яроменак. Сёння сталі вядомыя акалічнасці арышту.

Дзверы ў кватэру, дзе жыве маладафронтавец, міліцыянты адамкнулі сваім ключом.

Асудзілі ж яго за тое, што нібыта лаяўся на вуліцы — у двары дома. А праз некалькі гадзін следам за Яроменкам быў затрыманы і Павел Сяргей. Ён паспеў толькі паведаміць, што ў кватэру нехта спрабуе зайсці. Пасля сувязь з ім абарвалася. А Сяргея асудзілі на 5 сутак за «дробнае хуліганства».

Па словах аднаго са знаёмых гэтых хлопцаў, гэта не першы падобны выпадак з гэтай кватэрай.

Пасля папярэдняга «налёту» маладыя людзі не паспелі памяняць замок.

А пачалося ўсё 14 мая, калі на кватэры былі затрыманыя Раман Васільеў, Зміцер Крамянецкі і Мікола Дзямідзенка. У міліцыянтаў, па словах актывістаў, таксама былі свае ключы ад дзярэй. Усе трое асуджаныя за «хуліганства» на суткі.

Місюкевіч прыгадвае гісторыю, пачутую яшчэ ад Змітра Дашкевіча. Аднойчы маладафронтаўцы заначавалі на здымнай кватэры, якую выкарыстоўвалі пад офіс. Дашкевіч прачнуўся ад таго, што ў кватэру нехта ўвайшоў. Калі незнаёмец запаліў святло і ўбачыў маладафронтаўцаў, то ўцёк.

Мяркуючы ж па ўпэўненых рухах мужчыны ў цёмным пакоі, ён быў у кватэры не першы раз.

Якім чынам ключы ад кватэры маладафронтаўцаў аказаліся ў міліцыянтаў? На думку Юльяна Місюкевіча, міліцыянты маглі іх падрабіць, а маглі наўпрост папрасіць у гаспадароў здымнай кватэры ў межах «супрацоўніцтва».

Верагодна, што падчас папярэдніх адседак на сутках з ключоў былі зроблены дублікаты.

У асуджаных забіраюць рэчы, якія яны маюць пры сабе.

Нагадаем, што падчас адседкі на сутах у грамадскай актывісткі Насты Шулейка з кватэры зніклі ноўтбук, дыктафон і флэш-карткі. Па яе словах, ключы ў яе забіралі ў пастарунку. І лічыць, што зайсці да яе ў кватэру без узлому маглі толькі прадстаўнікі спецслужбаў, бо гаспадар знаходзіцца за мяжой.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?