21.03.2007 / 20:16

Івонка Сурвіла: Адзінае, чаму нам трэба зноў навучыцца – гэта любіць і шанаваць адзін аднаго 1

Старшыня Рады БНР зьвярнулася са зваротам да беларускага народу з нагоды 89‑х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла зьвярнулася са зваротам да беларускага народу з нагоды 89‑ых угодкаў абвяшчэньня БНР.

Дарагія Суродзічы Беларусы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам – Днём 25‑га Сакавіка.

25 сакавіка 1918 году Беларускі народ абвясьціў сьвету, што ён скідае з свайго краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці і абвяшчае Беларускую Народную Рэспубліку незалежнай і вольнай дзяржавай.

На жаль, ня змог тады наш аслаблены вайною народ абараніць сваю маладую Рэспубліку ад новай няволі. І ня мелі мы прыяцеляў у сьвеце, якія б за нас заступіліся. Пачаўся новы перасьлед. Чужакі гэтым разам фізычна нішчылі нашых найлепшых людзей, выкаранялі нашую мову, нашыя адвечныя хрысьціянскія каштоўнасьці. Нішчылі нас і казалі, што яны нашыя «браты».

І на жаль, некаторыя з нас ім паверылі. А дасюль верылі. Толькі падзеі апошняга часу іх пераканалі, што народ наш зажыве шчасьліва адно тады, калі будзе сам гаспадаром у сваёй хаце.

Дарагія Суродзічы, нашая будучыня сёньня ў нашых руках. Ад нас залежыць, ці мы будзем гаспадарамі ў сваёй хаце, ці будзем надалей жыць, дастасоўваючыся да чужых жаданьняў.

Нашае нацыянальнае сьвята – Дзень Волі – найлепшая нагода, каб паказаць сьвету і самім сябе, што мы народ паўнавартасны, што мы здольныя ня толькі быць гаспадарамі ў сваёй краіне, але што мы здольныя быць добрымі гаспадарамі. Адзінае, чаму нам трэба зноў навучыцца – гэта любіць і шанаваць адзін аднаго, бо ўсе мы Беларусы, усе мы сыны і дочкі тае самае беларускае зямлі.

Дык зь вялікай надзеяй зьвяртаюся сёньня да ўсіх Вас, дарагія мае суродзічы Беларусы, дома і на чужыне: пакажыце ў дзень 25‑га Сакавіка, што мы зьяднаны народ і што разам мы здольныя адрадзіць наш край, каб перадаць нашым дзецям і ўнукам не «апошнюю дыктатуру ў Эўропе», а вольную Беларускую Народную Рэспубліку.

Дык памажы нам Божа!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР.

0
Лагодніч / Адказаць
22.03.2007 / 00:15
Плакала, чытаючы. Калі ж народ наш палюбіць сябе, усе наша роднае, беларускае. Мову бацькоўскую, культуру сваю багацейшую і не будуць некаторыя лічыць іх "деравенскай", як нам чужынцы дзяўблі некалькі стагоддзяў, знявечыўшы свядомасць, самаўспрыманне часткай беларусаў саміх сябе. І зараз галоўным гнюсным памкненнем і мэтай чужынцаў з"яўляецца праз далейшае адвучванне нас ад роднай мовы змяніць канчаткова нашу нацыянальную самаідэнтыфікацыю на чужую, растварыць у чужынскай згра і. Не паддамося, не дазволім знішчыць сябе як нацыю, а значыць, зліквідаваць і дзяржаўнасць, самастойнасць беларусаў. Гэта найвялікшыя святыні, бо без іх не будзе і нас, не будзе і перадавой, на узроўні лепшых краін эканомікі.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру