Травень падараваў сапраўднае свята аматарам беларускага сцэнічнага мастацтва на туманным Альбіёне. Следам за Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы ў Лондане выступіў Беларускі свабодны тэатр. 18 траўня карэспандэнт «Тут і цяпер» наведаў легендарны «Глобус».

Мы ўжо распавядалі пра брытанскі дэбют на сцэне тэатра «Блумсбэры» Купалаўскага тэатра.

Паводле адной з версій, травеньскі візіт найстарэйшай тэатральнай трупы Беларусі на туманны Альбіён стаў адказам ідэолагаў Лукашэнкі на запрашэнне падпольнага на радзіме Беларускага свабоднага тэатра да ўдзелу ў прэстыжным міжнародным фестывалі.
Балазе, у выйгрышы засталіся лонданскія аматары беларускага мастацтва.

У легендарным «Глобусе»

Сучасны «Шэкспіраўскі тэатр «Глобус» («Shakespeare’s Globe Theatre») вядзе гісторыю ад 1997 года.
Арэна на паўднёвым беразе Тэмзы — амаль дакладная копія гістарычнага «Глобуса» (The Globe Theatre), дзе на мяжы XVI–XVII стагоддзяў дзеяў Уільям Шэкспір. Дзіва што канструкцыя тэатра ўражвае аўтэнтычнасцю. Амфітэатр у тры ярусы шчыльна атачае прастакутнік сцэны.
Заміж звыклага партэра тут панадворак без крэслаў і даха над галавой. Калі стаіш у натоўпе наўпрост перад сцэнай адчуваеш сябе ў ролі «граўндлінга» — сярэднявечнага бедняка, які плаціў за ўваход у «Глобус» 1 пені ды шчоўкаў падчас імпрэзы лясныя арэхі.
Цяпер замест арэхаў ва ўжытку піва, а квіткі ў «стаячы» панадворак каштуюць 5 фунтаў.
Сучасны «Глобус», рыхтык як і ягоны папярэднік, выраблены амаль з аднаго дрэва. Болей за тое, упершыню пасля Вялікага пажару 1666 года лонданскія ўлады санкцыянавалі саламяны дах — па-над сцэнай ды ярусамі з лаўкамі.

Адпаведна і прадстаўленні ў «Шэкспіраўскім тэатры «Глобус» адбываюцца ў атмасферы, максімальна набліжанай да сярэднявечнай. Ніякіх мікрафонаў і дынамікаў. Заміж пражэктараў і фанаграм — сціплае ўнутранае асвятленне і жывыя інструменты.

«Бацька! Бацька!» — скандавала світа

Нароўні з тэатральнымі калектывамі з 36 краін Свабодны тэатр (заснавальнікі і кіраўнікі — Наталля Каляда і Мікалай Халезін) запрасілі выступіць на фестывалі Globe to Globe.
Гэта цэнтральны складнік Сусветнага Шэкспіраўскага фестываля-2012 і адзін з заключных акордаў Культурнай Алімпіяды. Адзначым, што
«свабодаўцы», якія заваявалі папулярнасць на Захадзе не ў апошнюю чаргу дзякуючы палітызацыі мастацтва, падаваліся ў медыйных анонсах як адны з хэдлайнераў.

Праводзячы паралелі, выступленне Купалаўскага тэатра, прэзентаванае амбасадай Беларусі як «найяскравейшая культурная і дабрачынная падзея года», стала своеасаблівым піярам «для ўнутранага карыстання».

Выступленне легендарнай трупы інтэнсіўна рэкламавалася СМІ ў Беларусі. У Брытаніі яе анансавала хіба што расейскамоўная газета «Англия».

Калі значную частку гледачоў на прэм’еры купалаўскай пастаноўкі «Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл» (рэжысёр Мікалай Пінігін) складалі беларусы і выхадцы з былога СССР, то аўдыторыя «Глобуса» на двух прадстаўленнях Свабоднага тэатра 17 і 18 траўня была пераважна англамоўнай.

Беларусы прэзентавалі ў «Глобусе» ўласную прэм’еру — шэкспіраўскага «Караля Ліра» на беларускай мове. У аснове пастаноўкі Уладзіміра Шчэрбаня — хрэстаматыйны пераклад Юркі Гаўрука, адаптаваны Халезіным.

Сучаснае прачытанне «Караля Ліра» выглядала непрыхаваным намёкам на беларускую рэчаіснасць.
Лір-тыран (Алег Сідорчык) з жалезнай пальчаткай (світа вітала яго «Бацька! Бацька!»), Кент-бязногі афганец (Дзяніс Тарасенка), Эдмунд-спецназавец (Аляксей Нарановіч), калгаснікі, сілавікі ў масках, допыты, смяротнае пакаранне… Рэжысёр пацвердзіў, што ў п’есе яны распавядалі «не пра брытанскіх каралёў і герцагаў, а пра сябе, пра сваіх каранаваных і самакаранаваных каралёў».

«Лондан замёр»

Няхай моўныя маркёры кшталту «масавых беспарадкаў» і «дэстабілізацыя сітуацыі» засталіся незразумелымі англамоўнай большасці (на экранах па-ангельску дубляваўся толькі сінопсіс сцэн),

асноўнае пасланне «свабодаўцаў» публіцы было прынята і зразумета. Нібы пацвярджаючы гэта, «Глобус» то смяяўся, то заміраў так, што ў амфітэатры можна было пачуць палёт камара.

«Я ніколі не чуў большай цішыні ў „Глобусе“. Калі Лір вывозіць пакараную смерцю дачку і аплаквае яе, усе заміраюць, перастаюць дыхаць і, здаецца, нават імкнуцца сінхранізаваць тахканне сэрцаў, каб ільга было напоўніцу адчуць усю жахлівасць сітуацыі перад намі. Падалося, прынамсі на хвіліну Лондан замёр, каб атрымаць досвед, не абцяжараны знешнімі фактарамі», — адзначыў у рэцэнзіі ўзыходзячая зорка брытанскай крытыкі Дэн Хатан.

Нягледзячы на тое, што асноўнай працоўнай мовай тэатра ёсць расейская, акторы досыць арганічна выступалі па-беларуску.

Жаночыя спевы і галашэнні ў духу народнай аўтэнтыкі надалі дзеі нацыянальны каларыт. Да таго ж «свабодаўцы» звыкла эпатажавалі публіку сэксуальнасцю аголеных целаў, эмацыйным гвалтам, арыгінальнасцю і натуралістычнасцю спецэфектаў.

«У пятніцу ўвечары Беларускі свабодны тэатр прадставіў аднаго з лепшых „Караля Ліра“, якіх даводзілася бачыць Лондану, — піша адзін з вядучых рэсурсаў мастацкай крытыкі ў Вялікабрытаніі The Arts Desk. — Забудзьцеся на нашых мясцовых Ліраў з аголенымі тэатральнымі рыцарамі і акторамі ва ўтаймавальных кашулях:

усё было настолькі жорстка і прыгожа, наколькі гэта магчыма было ўявіць. Беларускі свабодны тэатр страсянуў „Глобус“ ад панадворка да самых крокваў».

Хто ўразіў больш?

Канечне, параўноўваць акадэмічны дзяржаўны тэатр, што існуе на грошы беларускіх падаткаплацельшчыкаў, і невялікую мэдэрновую трупу, якая збірае фінансы на наступную пастаноўку ў дабрадзеяў, — абсурдна. Гэтаксама як і ставіць на адну дошку гістарычную рэканструкцыю прыгоннага тэатра XVIII стагоддзя і сучасную версію шэкспіраўскай класікі. Аднак правесці пэўныя паралелі паміж двума выступамі варта.

Па-першае, лонданскі дэбют выдатнага Купалаўскага тэатра, на жаль, прайшоў незаўважаным для мясцовых тэатралаў.
Дзяржаўныя СМІ бадзёра запэўнівалі, што «купалаўцы» «зрабілі фурор у Лондане», і на спектаклі прысутнічалі «прадстаўнікі дыпкорпуса, мясцовых уладаў, парламента, грамадскія і культурныя дзеячы». Аднак з часу выступлення акадэмічнага тэатра (10 траўня) нам не ўдалося знайсці ніводнай згадкі пра тэатр ў брытанскіх медыях. Больш, у прынцыпе, можна нічога не пісаць. Гэта прысуд.

Па-другое, зыходзячы з рэакцыі залаў і ацэнак небеларускіх гледачоў, з якімі ўдалося перамовіцца,

пастаноўка Свабоднага тэатра значна лепш «пацэліла» ў замежную аўдыторыю, данесла яснае і выразнае пасланне.

Мастацтва ці палітычная канфрантацыя?

І, нарэшце, самае непрыемнае.

Заміж таго, каб рабіць супольную справу і ўмацоўваць падмурак беларускай культуры (не палітычны рэжым ці ўласныя амбіцыі), абодва бакі перавялі «беларускія дні» ў Лондане ў плоскасць палітычнай канфрантацыі.

Падобна на тое, што прадстаўнікі афіцыйнага Мінска ўвогуле зладзілі «гастролі» Купалаўскага ў асноўным дзеля таго, каб стварыць уяўнасць канкурэнцыі апазіцыйнаму Свабоднаму тэатру. Але, як выявілася, магчымасці дзяржавы Беларусь ў галіне маркетынгу і піяру за мяжой не вытрымалі канкурэнцыі з паспяховай прамацыйнай стратэгіяй Свабоднага тэатра. Вынікам, супрацьстаянне атрымалася толькі ў беларускіх СМІ і, відаць, у чыноўніцкіх справаздачах наверх.

У сваю чаргу, ідэолагі Свабоднага тэатра распачалі пафасную і малапрывабную кампанію шальмавання візіту найстарэйшага беларускага тэатра.
Мікалай Халезін прыраўняў прыезд «купалаўцаў», сярод якіх нямала носьбітаў незалежнай грамадзянскай пазіцыі, да прапагандысцкай акцыі на карысць рэжыму Лукашэнкі. Арганізаванае ж амбасадай Беларусі мерапрыемства мела падкрэслена апалітычны і дабрачынны характар. «Зразумела, чаму хлопец пераймаецца. Добра было заўжды лічыцца адзіным беларускім тэатрам у Еўропе, а тут з’яўляецца яшчэ адзін», — адрэагаваў у інтэрв’ю Tut.by кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін.
У гэтай сітуацыі важна памятаць: абодва тэатры робяць патрэбную справу, кожны ў сваёй нішы.
Штучнае ж пашырэнне палітычнага расколу ў беларускім грамадстве на сферы і сітуацыі, дзе супярэчлівасцяў можна пазбягаць, толькі паслабіць пазіцыі ўсіх тых, хто бачыць лепшую будучыню для Беларусі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?