У некаторых ВНУ Беларусі паводле вынікаў уступнай кампаніі 2012 года можа быць недабор першакурснікаў на навучанне за кошт сродкаў бюджэту. Пра гэта міністр адукацыі Сяргей Маскевіч паведаміў журналістам 21 мая ў Мінску.

Чакаецца, што ў цяперашняй уступнай кампаніі возьмуць удзел прыблізна 100 тыс. чалавек. Прыкладна 10–12% не змогуць прэтэндаваць на месцы ў ВНУ: такі працэнт абітурыентаў традыцыйна набіраюць менш за сем балаў на іспытах ЦТ, і сёлета прынята рашэнне не дапускаць іх да ўдзелу ў конкурсе на паступленне ў ВНУ.

Пры гэтым, паводле звестак Мінадукацыі, на ўсе формы атрымання адукацыі ў дзяржаўных і прыватных ВНУ запланавана прыняць прыблізна 91,6 тыс. чалавек.
У 2011 годзе ў ВНУ было прынята 89,7 тыс., прычым колькасць абітурыентаў была большай, чым у 2012 годзе.

«Я не думаю, што ў ВНУ будзе нейкая сур’ёзная занепакоенасць з пункту гледжання таго, што будуць недаборы, — пракаментаваў міністр. — Я думаю, што найлепшыя ВНУ будуць мець лепшы вынік, а тыя, якія або горш папрацавалі, або менш прэстыжныя, магчыма, не поўнасцю сфарміруюць бюджэтны набор». Паводле яго слоў, «асобныя кропкавыя праблемы», звязаныя з незапоўненымі месцамі на бюджэтнай форме навучання, былі і летась, аднак гэта прадугледжвалася. «Я не бачу ніякай пагрозы, і занепакоенасці ніякай няма, што мы пакінем без кадраў тую ці іншую сферу або галіну», — сказаў Маскевіч.

«Больш праблем» можна чакаць блізу восені, калі абітурыенты вызначаюцца з паступленнем на платную форму навучання.
«Там могуць быць нейкія цяжкасці, у залежнасці ад таго, якія прыярытэты наша моладзь сёння выбірае: многім хацелася б пайсці на традыцыйна папулярныя эканамічныя, юрыдычныя спецыяльнасці, а сёлета колькасць месцаў будзе меншай», — сказаў міністр.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?