Ужо амаль два гады маларытчанка Вера Рудзяюк не атрымлiвае пенсiю. Справа тут не ў якой‑небудзь канцылярскай памылцы цi ў тым, што жанчына адмаўляецца ад пенсii. Не, галоўная прычына — рэлiгiйныя перакананнi Веры Фёдараўны, якiя не дазваляюць ёй замянiць пашпарт савецкага ўзору на новы беларускi. Перашкаджае асабiсты нумар. Нагадаю, што апошнi фармiруецца наступным чынам: першая лiчба абазначае пол грамадзянiна (3 — мужчына, 4 — жанчына), шэсць наступных лiчбаў — скарочаны запiс дня вашага нараджэння. Але не зважаючы на ўсе довады, Вера Фёдараўна працягвае лiчыць, што для веруючага чалавека з’яўляецца недапушчальным прыняцце асабiстага нумара:

«Прымаючы нумар замест прозвiшча, мы здраджваем сваiм продкам i Радзiме. Замяняючы нумарам iмя, якое мы атрымалi падчас хрэсьбiнаў, мы здраджваем Госпаду нашаму, Iсусу Хрысту, — так аргументуе сваю пазiцыю маларытчанка. — Я лiчу, што грамадзяне нашай краiны павiнны мець альтэрнатыву пашпарту з асабiстым нумарам».

Гiсторыя людзей, падобных па сваiх перакананнях да Веры Фёдараўны, пачалася яшчэ да прыняцця Саветам Мiнiстраў пастановы «Аб абмежаваннi тэрмiну дзеяння пашпарта грамадзян СССР узору 1974 года i пашпарта грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь узору 1993 года». Са з’яўленнем пастановы сiтуацыя з вырашэннем гэтага пытання абвастрылася яшчэ больш. Самыя актыўныя «антыпаспартысты» нават спрабавалi ў жнiўнi 2004 года зарэгiстраваць iнiцыятыўную групу грамадзян па збору подпiсаў у падтрымку ўнясення ў Палату прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу праекта Закона «Аб праве грамадзян Рэспублiкi Беларусь набываць i ажыццяўляць правы i абавязкi без асабiстага нумара», але ў рэгiстрацыi было адмоўлена.

У тым жа 2004 годзе, падчас сустрэчы Прэзiдэнта краiны з членамi Сiнода Беларускай царквы, Мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi Фiларэт звярнуўся з просьбай знайсцi альтэрнатыву асабiстаму нумару, якi адзначаецца ў пашпарце. У сваiм звароце Уладыка адзначаў, што развiццё сiстэмы iдэнтыфiкацыi i ўлiку не павiнна ўшчамляць светапогляды грамадзян, а тым больш служыць абмежаваннем iх правоў i свабод.

Афiцыйна Беларуская праваслаўная царква па пытанню асабiстых нумароў прытрымлiваецца наступнага меркавання: «Нiякi знешнi нумар сам па сабе не здольны прынесцi хрысцiянiну шкоды. Прысваенне чалавеку асабiстага нумара не з’яўляецца прыняццем пячаткi антыхрыста нi ў прамым, нi ў вобразным сэнсе, таму што яно не звязана са свядомай здрадай Збавiцелю i ганьбаваннем хрысцiянскай веры, аб чым гаворыцца ў Апакалiпсiсе святога Iаана Багаслова». Такое меркаванне амаль што вырашыла праблему, звёўшы колькасць людзей, якiя адмаўлялiся ад пашпартоў па рэлiгiйных меркаваннях, да адзiнак.

Што датычыцца Веры Фёдараўны Рудзяюк, то, як растлумачыла мне начальнiк упраўлення па працы i сацыяльнай абароне насельнiцтва Маларыцкага раёна Антанiна Iванаўна Лапiч, для таго, каб аформiць пенсiю, грамадзянiн павiнен прадставiць дакумент, якi пацвярджае яго асобу: без пашпарта працэдура афармлення пенсii немагчымая.

«Акрамя Веры Фёдараўны, у нашым раёне было яшчэ 8 чалавек, якiя адмаўлялiся ад пашпарта новага ўзору па рэлiгiйных перакананнях. Але iм на момант уступлення ў сiлу пастановы Савета Мiнiстраў ад 29.10.2002 № 1492 пенсiя была ўжо налiчана. I iх праблема заключалася толькi ў тым, што без пашпарта яны не маглi атрымлiваць пенсiю ў аддзяленнях банка. Каб вырашыць праблему, былi выраблены спецыяльныя пасведчаннi, якiя не ўтрымлiваюць асабiстага нумара. Наконт грамадзянкi Рудзяюк Мiнiстэрства ўнутраных спраў Беларусi пакуль дае вельмi просты i лаканiчны адказ: закон аднолькавы для ўсiх», — патлумачыла сiтуацыю Антанiна Iванаўна.

Сама Вера Фёдараўна, нягледзячы на складанае матэрыяльнае становiшча, працягвае цвёрда стаяць на сваiм: «Як жа гэта так: працаваў жа ўсё жыццё не пашпарт, а чалавек... Ды i за камунальныя паслугi я працягваю плацiць, хоць i не маю новага пашпарта. А чым плацiць? За што жыць? Хiба толькi вераю»...

Аляксандр Алесiк, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0