Адным з трох прысутных на злашчасным караблі святароў быў айцец Ёзас Мантвіла з Літвы. Пра гэта паведаміла каталіцкая служба навінаў CAN.

Айцец Ёзас нібыта меў права служэння ва ўсходнім абрадзе для грэка-каталікоў у Літве. Сцвярджаецца, што ён быў вымушаны пакінуць краіну праз пераслед расійскіх уладаў і эміграваць у ЗША.
Таму ён і апынуўся на борце «Тытаніка», дзе загінуў, не пакінуўшы без духовай апекі людзей, якія танулі.
Паўстае пытанне: якое дачыненне гэта ўсё мае да Беларусі?

Пашукаўшы імя айца Ёзаса Мантвілы ў спісах клерыкаў рыма-каталіцкіх дыяцэзій на тэрыторыі сучасных Літвы, усходняй Польшчы і Беларусі (бо акрамя Холмшчыны толькі ў гэтых рэгіёнах можна казаць пра падпольных грэка-каталікоў у межах Расійскай імперыі), знаходзім, што

ён нарадзіўся каля Марыямпаля і вучыўся ў Сейненскай семінарыі. Рукапакладзены на святара ў сакавіку 1908, ён быў прызначаны вікарным ксяндзом у Ліпску на Аўгустоўшчыне (цяпер Польшча).

Яшчэ Яўхім Карскі ў «Заметкax по белорусским говорам» выразна далучае Ліпск да этнічных беларускіх земляў. Як піша гісторык Андрэй Вашкевіч у сваіх публікацыях на тэму беларускага грэка-каталіцтва на Аўгустоўшчыне, «за перыяд 1905—1913 у каталіцтва з праваслаўя ў Аўгустоўскім павеце Сувалкскай губерні перайшлі 16012 чалавек».

Усе гэтыя людзі былі беларусамі ўніяцкага паходжання. Да таго ж, багата людзей на былых уніяцкіх землях папросту ігнаравала расейскую царкву і таемна прымала сакраманты хросту, шлюбу, споведзі ў рыма-каталіцкіх святароў. Сярод гэтых людзей у Ліпску і працаваў а. Мантвіла.

Няма вялікай пэўнасці, што святар меў права служыць ва ўсходнім абрадзе, бо атрымаць такі дазвол афіцыйна ва ўмовах царскай Расеі было амаль немагчыма.

Тым не менш, будучы святаром, а. Ёзас напэўна не мог адмовіць беларускім сялянам-уніятам у духовай апецы.

Такім чынам, мы можам казаць і пра няхай сабе ўскосны, але беларускі ўніяцкі след на «Тытаніку» ў дадатак да раней вядомых беларускіх габрэйскіх і іншых слядоў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?