У няспынным ланцужку паведамленняў аб тым, як маскоўская паліцыя ганяе з месца на месца антыпуцінскіх пратэстоўцаў, нейкай невыразнай тапаграфічнай дробяззю прамільгнула: «на Арбаце... ля помніка Акуджаву...»

Не ведаю, ці адзначаюцца нейкім чынам юбілеі помнікаў. Між тым, помніку Булату Акуджаву на Арбаце роўна 10 гадоў і два тыдні. Самому паэту — 88 і два тыдні, калі лічыць ад 9 мая, дня нараджэння. Праз два гады, калі будзе 90, магчыма, нехта ўспомніць, напіша: «...споўнілася б...»

А магчыма, і не ўспомніць, і не напіша.

...1961 год, студзень, вестыбюль галоўнага корпуса МДУ, каля двух дзясяткаў студэнтаў на мармуровай падлозе, штармоўкі, заплечнікі, лыжы, гітара... Побач нейкі чалавек каменданцкага выгляду — цёмна-зялёны фрэнч, сінія з чырвоным канцікам галіфэ, абуты ў цёплыя, белыя з рудым, буркі.

Спыніўся, заклаўшы рукі за спіну, гаворыць, узвышаючы голас, нешта непрыемнае, потым зрываецца: «Разысціся, я сказаў! Бач ты, расселіся тут, спяваюць...»

Ніхто не зварухнуўся. «Фрэнч» чакаў, заклаўшы рукі за спіну ды вагаючыся з наскоў на пяткі... І тут грымнула пад гітару акуджаваўскае: «…кричат дуракам: «дураки, дураки!»… А им это очень обидно…»

...Праз 10 з нечым гадоў Акуджава завітаў у «Знамёнку». Разам з Горыным, адсунуўшы на час літаратурныя справы і сустрэчы з мінскімі сябрамі.

У невялічкі пакой народу набілася ці не з усяго тагачаснага Дома друку. Людзі таўкліся і ў калідоры, хаця, канечне, тыя, хто запрасіў куміраў, намагаліся трымаць сустрэчу ў таямніцы.

Я не памятаю, аб чым канкрэтным была размова. Памятаю толькі, што гаворку Акуджавы вызначала абсалютная адсутнасць намёкаў ды іншасказанняў.
Што, дарэчы, стварала некаторыя нязручнасці асабліва пільным персанажам, ад чаго па іх тварах блукалі крывыя ўсмешкі ды нейкае змоўніцкае паразуменне — Юпітэру, маўляў, дазволена...

А потым прагучаў нейкі стогнучы гук і аднекуль з калідора, над галовамі, чапляючыся струнамі за чыесьці пальцы, паплыла гітара... «Мы ж мужчыны... Мы ж дамовіліся», — без воклічу, але з націскам вымавіў Акуджава, звяртаючыся да аднаго з арганізатараў сустрэчы.

Ён не любіў, калі яго ўспрымалі толькі як барда...

Стала вусцішна няёмка. Нават сорамна.

Са мной, падобна, так відавочна гэта было ўпершыню — сорам за тое, у чым ты сам зусім не вінаваты.

Гэта потым я зразумеў асаблівасць з’явы з імем Акуджавы, калі да ўсіх уласцівасцяў сапраўднай паэзіі дадаецца яшчэ адна, мабыць, самая важная — сорам за ўсе зневажальныя заганы быцця. І здольнасць выклікаць гэты сорам у кожнага, хто хаця б крыху сваіх душэўных магчымасцяў здольны выдаткаваць на пераадоленне зла. І ў сабе, і звонку...
Ён усё ж спяваў тады. Праз колькі гадзін, у вузкім (сем-восем чалавек) коле. «Я праспяваю песню, якую напісаў нядаўна», — і крануў струну...

«Когда внезапно возникает еще неясный голос труб… Надежды маленький оркестрик под управлением любви…»

...Яшчэ праз 25 гадоў я апынуўся на сустрэчы з Акуджавам у адной з маскоўскіх рэдакцый. Ізноў было многа народу, Акуджава бесперапынна смаліў. Ён быў зусім мала сівы, у гамонцы тая ж адкрытасць, толькі, мабыць, дабавіўся нейкі стомлены неспакой.

Надышоў час задаваць пытанні.

Я папрасіў прабачэння за агідную непрыстойнасць, якую ў 1993 учынілі ў Мінску пасля яго выступу ў філармоніі ягоныя палітычныя, так бы мовіць, ненавіснікі — ламалі і білі кружэлкі...
І спытаў, ці памятае ён даўнюю сустрэчу ў беларускай маладзёжнай газеце. Ён сказаў, што выбачацца мне няма за што, а сустрэчу не памятае. «Вы яшчэ спявалі нам «Надежды маленький оркестрик», казалі, што толькі напісалі і спяваеце ўпершыню», — нагадаў я. Не, не памятае... Тады я спытаў, ці не збіраецца ён ізноў прыехаць у Беларусь, у яго там шмат сяброў. «Не, — адказаў ён. — Я зараз вельмі рэдка куды езджу». І з маркотнай усмешкай дадаў: «Вы перадайце прывітанне маім беларускім сябрам...»

Летам таго ж 1997 ён памёр... 15 гадоў... Круглая дата...

І сёння, загладжваючы віну за затрымку, я перадаю тое запозненае прывітанне.

Але каму?..

Глядзець таксама:

Папяровы жаўнер

Страшнае слова

Месца ў гісторыі

Памылка мэра

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?