Бураўкін у вобразе Бая, Дамавік-Барадулін, Дранько-Майсюк пераапрануты Лесавіком… Менавіта так убачылі аўтары праекта «Беларускі фальклор» вядомых літаратараў.

Да канца года Саюз беларускіх пісьменнікаў і кампанія «Будзьма!» створаць каляндар, у якім постаці творцаў будуць аб’яднаныя з беларускай міфалогіяй.

«Мы хочам спалучыць персаналіі і народныя міфы, — кажа фотамастак Валер Дубоўскі. — Мы вырашылі, што ў праекце не мусіць быць ніякага гламуру, а імправізацыі мусіць быць шмат».

Канчаткова «спіс роляў» яшчэ не склаўся, што праўда, Генадзь Бураўкін ужо ўвасобіў вобраз Бая, Міхась Скобла — Лазніка, Аксана Данільчык — Лёлі.

Цяпер ідуць здымкі Рыгора Барадуліна ў вобразе Дамавіка.

«Мы імкнуліся спалучыць вобраз і творчасць пісьменніка» — кажа Дубоўскі. — «Напрыклад,

Міхась Скобла — відавочны Лазнік, у яго, як высветлілася, нават „Ода лазні“ ёсць».

Сярод іншых персанажаў, якія з’явяцца ў календары — русалкі, чэрці (Сяржук Сыс і Віктар Жыбуль), Лесавік (Леанід Дранько-Майсюк), Жыцень (магчыма гэта будзе Алесь Разанаў, а магчыма Анатоль Вярцінскі).

Ідэю ўхваліў Ніл Гілевіч, аднак сам браць удзел не стаў,
бо мяркуе, што паэт мусіць быць маладым, і пераапранацца не мусіць. Тым не менш,
паралельна рыхтуецца іншы каляндар, у якім беларускія пісьменнікі будуць прадстаўленыя ў сваім звыклым выглядзе
— сярод іншых удзел возьме Гілевіч, а таксама Святлана Алексіевіч.

Мэта абодвух праектаў, кажуць стваральнікі, — прыцягненне ўвагі да беларускай літаратуры і яе папулярызацыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?