Збіты 19 мая Андрэй Моўчан.

Збіты 19 мая Андрэй Моўчан.

Сваякі палітвязняў патрабуюць расследаваць факты прымянення міліцыяй сілы супраць мірных грамадзян. Пра гэта гаворыцца ў іх адозве да генпракурора Беларусі Аляксандра Канюка, прынятай на пасяджэнні круглага стала 23 мая ў Мінску.

Паводле слоў грамадскай актывісткі Ганны Шапуцькі, дакумент будзе перададзены ў Генеральную пракуратуру самімі сваякамі палітзняволеных 24 мая.

«Апошнім часам грамадства скаланаюць навіны аб беспрэцэдэнтна жорсткіх збіваннях мірных грамадзян супрацоўнікамі міліцыі.
Асабліва вызначаюцца сваёй жорсткасцю, садызмам супрацоўнікі праваахоўных органаў Мінска», — падкрэсліваецца ў адозве.

Сваякі палітвязняў пратэстуюць «супраць гвалтоўных дзеянняў супрацоўнікаў сілавых структур, іх злоўжыванняў уладай, фізічных і маральных катаванняў». «Мы патрабуем расследаваць кожны выпадак прымянення сілы супраць мірных грамадзян і пакараць вінаватых», — падкрэсліваюць яны.

Аўтары адозвы патрабуюць неадкладна вызваліць ад пасады намесніка начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігара Яўсеева, «які не спраўляецца са сваімі службовымі абавязкамі, які дапусціў, а магчыма, і ініцыяваў збіванне мірных грамадзян сваімі супрацоўнікамі».

«Мяркуем, што з боку сілавых структур адбываецца правакацыя супраць мірнага грамадзянскага насельніцтва, скіраваная на падрыў канстытуцыйнага ладу, абвастрэнне грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне ва ўмовах глыбокага эканамічнага крызісу, падрыў той мінімальнай стабільнасці ў грамадстве, якая пакуль яшчэ існуе», — гаворыцца ў адозве.

Удзельнікі круглага стала таксама абмеркавалі магчымасць падачы персанальных іскаў да супрацоўнікаў міліцыі, якія неабгрунтавана прымянялі сілу супраць мірных грамадзян.

У якасці аднаго з такіх выпадкаў можна прывесці факт затрымання ў Мінску 19 мая і збівання супрацоўнікамі міліцыі актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Молчана. З пераломам сківіцы і чэрапна-мазгавой траўмай ён знаходзіцца ў бальніцы хуткай дапамогі. Молчана затрымалі за тое, што ён спрабаваў разгарнуць бел-чырвона-белы сцяг у падтрымку віцебскага апазіцыянера Сяргея Каваленкі. У МУС і ГУУС Мінгарвыканкама каментаваць сітуацыю адмовіліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?