Дзякуючы пасольству ЗША, ставілі спектакль з дапамогай амерыканскага рэжысёра і харэографа. Магчыма, спяшаліся — у кожным разе, ён і глядзеўся, і гучаў пакуль сыравата.

Найгорш тое, што акторы не расстаўлялі паўзаў. Ані ў малым, ані ў вялікім.
Таму і жарты праляталі — гледачу не давалі часу рассмяяцца, і трагічны фінал праваліўся. Не ставала секундаў маўчання — і тут віна пастаноўшчыкаў, не артыстаў.
Трэба адзначыць, што расейскі пераклад Уладзіміра Познера сам сабой ніякі, ды яго яшчэ й зусім не адаптавалі да беларускай рэчаіснасці.
Бліскучы гумар амерыканскага мюзікла амаль прапаўшы, а арыгінальны рытм не ўсюды захаваны. Халтурна перакладзены не толькі песні, але і дыялогі (прысутным на спектаклі досыць параўнаць тое, што яны пачулі, з версіяй арыгінала ў відэакліпе тут унізе).
Прысутныя ў зале амерыканскія дыпламаты былі збітыя з панталыку: чаму ніхто з беларусаў не смяецца?
Дык проста тэкст не ўдаўся, вось публіка і сядзела нерухома ды сачыла сабе за музыкай і пластыкай.
Калі б даць мюзікл на пераклад якомусьці нашаму дасціпнаму Хадановічу — гэта выйшаў бы спектакль! Агонь!
Ясна, што гэта заняло б часу. Але і эфект быў бы выбуховы. Бо Хадановіч пераклаў бы мовай і праблемамі сённяшняй Беларусі.

Не ведаю — ён выбраў бы слэнг ці больш літаратурную мову, але ён сумеў бы знайсці такія эзопавы выразы, якія б публіка разумела б з паўслова.

Сіла арыгінала «Вэстсайдскай гісторыі» была не толькі ў геніяльнай музыцы і харэаграфіі, але і ў ягонай сацыяльнай вастрыні. Нічога такога ў пастаноўцы Музычнага няма. Выйшаў не спектакль пра наш час, пра сучаснае нам каханне і адмарозкаў, а куртуазны маньерызм. Гэта проста беларусы з класічнай кансерваторскай адукацыяй іграюць амерыканцаў 50-х. (Калі артысты з Кітайскай Народнай Рэспублікі граюць Уладзіміра Ільіча Леніна і Надзею Канстанцінаўну Крупскую, гэта, напэўна, выходзіць сувымерна.)

Не, я не кажу, каб паліцыянт быў абавязкова апрануты спецназаўцам у крапавым берэце. Але такія дэталькі выбівалі б іскру. Я нават падазраю, хто з рэжысёраў быў бы здольны паставіць «Вэстсайдскую гісторыю» ў перакладзе Хадановіча — Пінігін.

Урэшце,

сама «Вэстсайдская гісторыя» ў арыгінале — гэта адаптацыя «Рамэа і Джульеты» на сучасныя аўтару рэаліі. Чаму б тады не пераадаптаваць адаптацыю да рэалій мінскіх Шабаноў?
Між тым акцёры ў касцюмах, скапіяваных з Брадвея, стылізаваных пад амерыканскія 1950-я, выглядалі рыхтык як мінская залатая моладзь, япі-пачаткоўцы з праспекта Скарыны. А не як банды са штатаў, дзе неграў лінчуюць. І тым больш не з Шабаноў.

Акцёры, між тым, стараліся, спявалі, танцавалі. Выдатныя танцы, выдатныя салісты, выдатныя хары. І ўратавалі, што маглі. І заслужылі доўгую авацыю. Дый музыка Бернстайна — дарэчы, сына габрэйскіх эмігрантаў з былой Рэчы Паспалітай — ні каліва не састарэла.

Перанос амерыканскага мюзікла ў Беларусь — добрая задума.

Пастаноўка Музычнага намарна не прападзе. Калі няўдачы прэм’еры падправяць, яна з поспехам пройдзе ў гарадах Беларусі. Яна зверне ўвагу беларускіх тэатраў на амерыканскія мюзіклы, на іх канвертабельнасць на сучасную аўдыторыю.

Бо

што ўразіла — гэта сімпатыі публікі да Амерыкі.
Варта было паверанаму Скэнлану звярнуцца да залы па-беларуску, як воплескі перарывалі яго пасля кожнага сказа.

* * *

Рэжысёр-пастаноўшчык Настасся Грыненка. Дырыжор-пастаноўшчык Філіп Сайманз. Харэографы Пол Гордан Эмерсан, Дзмітрый Якубовіч. Выканаўцы галоўных роляў Ілона Казакевіч, Дзмітрый Якубовіч, Дзяніс Мальцэвіч, Святлана і Зміцер Маціеўскія, Віктар Цыркуновіч, Шамхал Хачатуран.

* * *

На дэсерт вам — «Амерыка» з амерыканскага фільма-мюзікла. Life can be bright in America… If you can fight in America…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?