На гэтую імпрэзу гледачы асцерагаліся браць з сабой дзяцей, баючыся хапуна ды затрыманняў. Зміцер Вайцюшкевіч даў рэдкі падпольны канцэрт у Мінску, у зале былой балетнай школы. Месцаў ледзь хапіла.

Пляцоўка, дзе меў выступіць Вайцюшкевіч, месціцца ў адным са старых дамоў Мінска, пабудаваным яшчэ да вайны. Перад уваходам – дзіўны надпіс “Абарончае збудаванне”.

У гэтых ці то катакомбах ці то сутарэннях раней месцілася балетная школа, а нядаўна сюды пераехала партыя БНФ.
Арганізатары канцэрту Змітра з ініцыятывы “Рок-салідарнасці” прызнаюць, што гэта, бадай, адзінае месца ў горадзе, дзе цяпер выступу Вайцюшкевіча радыя.

Кіраўнікі ўсіх залаў, дзе лідар праекту WZ-orkiestra перыядычна збіраў аншлагі цягам некалькіх гадоў, цяпер і чуць не хочуць яго прозвішча.

Вайцюшкевіч актыўна браў удзел у апошняй выбарчай кампаніі ў камандзе кандыдата ў прэзідэнты Някляева. Пасля выбараў яго разам з дзясяткам іншых занадта актыўных у выказванні сваёй грамадзянскай пазіцыі творцаў паздымалі з эфіраў і фактычна наклалі забарону на прафесію ў роднай Беларусі.

Сам Вайцюшкевіч з заўсёднай усмешкай пад’язджае да “абарончага збудавання” на старэнькай іншамарцы. У багажніку ў яго – новая лядоўня, чаму “забаронены” спявак відавочна рады. Выходзячы з машыны, ён эмацыйна канстатуе: “Ну і запужалі людзей!” Выявілася, што

напярэдадні выступу да яго тэлефанавалі некалькі прыхільнікаў, каб запытацца, ці варта браць дзяцей на гэты канцэрт. Асцярога сапраўды ненадуманая: неаднойчы ўжо беларускі спецназ разганяў такія вось “кватэрныя” імпрэзы.
Дзяцей сапраўды практычна ніхто не наважыўся браць, затое ў астатнім публіка прыйшла абсалютна розная.
Знайшлася нават прыхільніца Вайцюшкевіча, якая з’яўляецца равесніцай песні “Бывайце здаровы”.

Зміцер хуценька пераапранаецца ў канцэртную кашулю проста ў калідоры. Грымёркі, як і мікрафона, няма. Крэслаў у зале не хапае зусім, таму асноўная частка слухачоў стаіць, прычым вельмі шчыльна адно да аднаго.

Усе як адзін прагна слухаюць Вайцюшкевіча, які ці то жартам, ці то ўсур’ёз расказвае, што хоча напісаць песню пра “чорны спіс”.
Уключэнне ў яго сапраўды чарговы раз змяніла ход яго кар’еры. У час караценькай лібералізацыі ў галіне культуры, што доўжылася няпоўныя тры гады, ён пачаў часта з’яўляцца ў тэле- і радыёэфіры, амаль кожны месяц даваў вялікія сольныя канцэрты і нават зрабіўся салістам дзяржаўнага аркестра філармоніі.
З нейкім асаблівым пачуццём ён выконвае на гэтым падпольным канцэрце песеньку пра дождж на словы Алеся Камоцкага, якую так часта калісьці замаўлялі дачнікі на першым канале беларускага радыё.
Але бачна, што Зміцер не вельмі пераймаецца з нагоды забаронаў. Некалькі дзён таму ён вярнуўся з доўгага туру, наматаўшы за стырном свайго аўто 6000 км.
Апальны на Радзіме выканаўца выправіўся ў падарожжа з мэтай “паглыбіць веды еўрапейцаў пра Беларусь”.
У межах кампаніі “Салідарнасць з Беларуссю” ён граў у Вільні, Варшаве, Кракаве, Берліне, Браціславе, Вене, Амстэрдаме, Празе. Для яго ў тэме забаронаў важны іншы момант: “Мы дык, можа, выкараскаемся, але як пачынаць маладым выканаўцам, ведаючы, што калі ты заспяваеш па-беларуску, табе дубінай дадуць па галаве…”

Вайцюшкевіч ратуецца ад дэпрэсіі, пішучы светлыя песні. Адну з іх ён выконвае на кожным без выключэння выступе. Яна завецца “Красуня-вясна”. Музыка абсалютна ўпэўнены, што прыспее час, калі яе будуць выконваць у фінале “Славянскага базару”. Гэтую сваю фантазію ён таксама заўжды расказвае падчас выступаў:

“Уявіце: усе сем дзён запар выступаюць беларускія выканаўцы. І выходзяць потым разам на сцэну, і паўсюль тысячы бел-чырвона-белых сцягоў. І Лёша Хлястоў, і Галя Шышкова са сцягамі, і хор імя Шырмы. І ўсе пяюць пра красуню-вясну!”
Свой спеў пра галоднага ваўка на верш Дранько-Майсюка ён прымеркаваў да паслання “самі-ведаеце-каго” парламенту, песню “Край” на Караткевіча – “шматпакутнай партыі БНФ, якую ганяюць з офіса ў офіс”, вядома ж, не абышлося і без песні пра адзіны і сапраўдны “Сцяг”… Потым
Вайцюшкевіч прызнаецца, што сам сабе дзівіцца, калі прамаўляе нейкія палымяныя словы ды разважае пра палітыку, бо раней заўжды пачуваўся лірыкам.
І яшчэ ён вельмі любіць ствараць песні пра дзетак і з радасцю іх спяваць, не зважаючы на ўзрост прысутных.
Было бачна, што спявяк сапраўды засумаваў па сваіх мінскіх гледачах.
Некаторых з іх ён нават пазнае ў твар і называе па імені. “Толькі вось не ведаю, калі сустрэнемся наступным разам”, – трохі разгублена паведамляе ён і выконвае на сканчэнне спеў “Магутны Божа”, які частка беларусаў лічыць нацыянальным гімнам.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?