Нямецкая журналістка Рут Хофман (Ruth Hoffmann) напісала вельмі незвычайную кнігу. Здавалася б, каго цікавіць сёння, праз два з лішнім дзесяцігоддзі пасля падзення Берлінскай сцяны і ўз’яднання Германіі, тое, як жылі дзеці высокапастаўленых супрацоўнікаў «штазі» — Міністэрства дзяржбяспекі ГДР? Ясна, што нядрэнна.

Прывілеяў і блату ў гэдээроаўскіх байцоў нябачнага фронту, якія ў асноўным вялі вайну супраць уласнага народа, было не менш, чым у іх калегаў з КДБ. Аднак аказалася, што не ўсё так проста.

Сямейныя сакрэты «штазі»

Акрамя архіўных пошукаў, аўтар кнігі «Дзеці штазі» падрабязна распытала 20 чалавек, бацькі якіх працавалі ў МДБ. Менавіта бацькі, таму што каля 85% кадравых супрацоўнікаў «штазі» складалі мужчыны, а жанчыны, як правіла, працавалі там сакратаркамі, прыбіральшчыцамі і да т.п. Многія дзеці супрацоўнікаў «штазі» ведалі адзін аднаго, вучыліся разам і жылі па суседстве, хадзілі ў адны і тыя ж паліклінікі, ездзілі ў адны і тыя ж летнія лагеры… Скажам,

ва ўсходнеберлінскім раёне Ліхтэнберг фактычна цэлы жылы квартал з дамамі павышанай камфортнасці быў аддадзены міністэрству дзяржбяспекі.

Зрэшты, нават паміж сабой

дзецям забаранялі гаварыць пра тое, дзе працуюць іх бацькі.
«Адказвай, калі спытаюць: у міністэрстве ўнутраных спраў», — навучалі дзяцей. Сітуацыі пры гэтым узнікалі зусім не анекдатычныя, асабліва калі дзеці былі ў пераходным узросце. Хтосьці кіне ў школе: «Дзе, кажаш, твой бацька працуе? У МУС? Значыць, у „штазі“, як мой» І сын прыходзіць дадому з пытаннем:
«Тата, ты праўда ў „штазі“ працуеш? А чым ты там займаешся?»

Зразумела, у большасці выпадкаў тата не адказваў: маўляў, дзяржаўная таямніца. Але нават у тых дзяцей, якія прымалі гэтую гульню, такі адказ, як яны распавядаюць сёння, пакідаў не дужа прыемнае пачуццё. Іх вучылі хлусіць. Ім не давяралі, нешта хавалі ад іх. Значыць, немагчыма было наогул казаць аб даверы ў сям’і. Акрамя таго,

адчужэнне ад бацькоў нярэдка прыводзіла да адчужэння ад сістэмы.
Не тое, каб дзеці афіцэраў МДБ масава станавіліся дысідэнтамі, але цынікамі — вельмі часта.

Варожая музыка

У многіх выпадках, якія апісвае Рут Хофман, непазбежны канфлікт бацькоў і дзяцей менавіта ў сем’ях супрацоўнікаў «штазі» выяўляўся асабліва востра.

Нават такія бяскрыўдныя рэчы, як дрэнныя адзнакі па расейскай мове або розныя музычныя густы, выклікалі неверагодныя скандалы.

Многім бацькам не падабаецца музыка, якую слухаюць іх дзеці-падлеткі, але

для татаў-чэкістаўпанк-рок з Захаду быў больш, чым проста «іншай» музыкай: ён быў ідэалагічнай дыверсіяй.
На кар’еры ў МДБ гэта магло б адбіцца вельмі адмоўна, і бацькі-чэкісты забаронамі, пакараннямі, хатнім арыштам і фізічным гвалтам спрабавалі вярнуць дзяцей на шырокі шлях сацыялізму. Бо
дзеці гэдээраўскай эліты мусілі быць узорнымі піянерамі і камсамольцамі, добра вучыцца, займацца грамадскай працай і заўсёды заставацца вернымі лініі партыі. За гэтым сачылі не толькі бацькі — за гэтым сачыла і іх начальства.

Бацькоў выклікалі «на кілім» за тое, што іх нашчадкі слухалі «варожую» музыку і мелі зносіны з сябрамі-пацыфістамі.

Некаторыя таткі ў пагонах, выяўляючы службовую стараннасць, нават пісалі начальству даносы на ўласных дзяцей. А ў двух канкрэтных выпадках справа дайшла да таго, што бацькі афіцыйна ад іх адмовіліся.

Бацька за сына адказвае

Сын аднаго з афіцэраў «штазі» павесіў у сябе на прадпрыемстве насценгазету, якая выклікала гнеў начальства, — крытычнага зместу, але нават па гэдээраўскіх мерках зусім не дысідэнцкую. Тым не менш, хлопца, каб запалохаць іншых, пасадзілі. Пасля чаго бацька абвясціў: «Ён мне больш не сын! Я разрываю з ім усякія адносіны!» І жонцы таксама забараніў сустракацца з сынам. Дакументы, якія цытуе Хофман, паказваюць, што

не толькі сам ідэйна ўстойлівы бацька, але і яго чэкісцкае начальства старанна кантралявалі забарону, каб сын не пераступіў парог бацькоўскага дома.

Хто ж былі гэтыя людзі, для якіх вернасць партыі і ўладзе і любоў начальства былі важней за любоў уласных дзяцей і бацькоўскай вернасці? Гэта праца ў «штазі» зрабіла іх такімі, ці, наадварот, яны пайшлі ў чэкісты, таму што ў іх ужо было закладзена тое, што з пункту гледжання нармальнага чалавека можна ацаніць як нейкую недасканаласць асобы, душэўную звыродлівасць?

Аўтар кнігі «Дзеці «штазі» звярнулася па адказ да прафесара ўніверсітэта ў Грайфсвальдзе Харальда Фрайбергера — вядомага псіхіятра, які спецыяльна займаўся гэтай праблемай і сустракаўся як з дзецьмі супрацоўнікаў «штазі», так і з іх бацькамі.

Фрайбергер лічыць, што толькі людзі пэўнага псіхічнага складу маглі выбраць такую «прафесію».
Каб займацца гэтай працай, ад пачатку патрабавалася быць гатовым да многага, у тым ліку да адмовы ад агульнапрынятых маральных нормаў.

Адно з самых цікавых пытанняў: як змяніліся адносіны бацькоў і дзяцей пасля мірнай рэвалюцыі ў ГДР і ўз’яднання Германіі? Адказ у большасці выпадкаў вельмі кароткі: ніяк. Усё засталося па-старому:

амаль усе бацькі і праз два з лішнім дзесяцігоддзі пасля развалу ГДР наадрэз адмаўляюцца весці якія-небудзь размовы аб сваёй працы ў «штазі» з дзецьмі,
якія даўно ўжо сталі дарослымі. Гэтая тэма застаецца для іх табу. Чаму? Сакрэтаў жа ніякіх ужо няма. Сорамна? Цяжка сказаць. Ва ўсякім выпадку, ганарыцца тут сапраўды няма чым.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?