У верасні гэтага года будуць запушчаныя тры новыя станцыі метро: «Грушаўка», «Міхалова» і «Пятроўшчына». Блогер Аляксандр Лычаўка расказвае і паказвае, у якім стане станцыі цяпер. А таксама спрабуе растлумачыць, куды нам трэба будзе ўваходзіць і адкуль выходзіць.

Станцыя «Грушаўка»
скрыжаванне пр-та Дзяржынскага — вул. Шчорса

Гэта двухпралётная калонная станцыя, у дызайне якой будуць пераважаць прыродныя матывы. Мастакі ўжываюць словазлучэнне «позняе лета»: маўляў, пераважаць будзе залаціста-зялёная палітра. На рэндары будучага інтэр’еру можна бачыць жоўтыя колы на столі (кроны дрэваў) і хаатычна размешчаныя цёмныя трыкутнікі (апалае лісце) на падлозе.

Пакуль на станцыі выкладзенае падлогавае пакрыццё і выкананае аздабленне ніжняй часткі сцен. У станцыі будзе толькі адзін вестыбюль: мяркуецца, што з боку друга краю станцыі пасажырапаток будзе вельмі слабым, вось і не сталі рабіць там выхад.

Выхады будуць зробленыя ва ўсе чатыры бакі ад скрыжавання праспекта Дзяржынскага і Шчорса. Другая група выхадаў размясцілася б бліжэй да праспекта Жукава (калі б была пабудаваная).

Дарэчы, метрабудаўнікам па дарозе ад «Грушаўкі» да наступнай станцыі «Міхалова» сустрэлася падземная рэчка, якую пакуль не ўдалося канчаткова перамагчы. Са столі пастаянна капае, а ў перагоне змантаваныя двое масіўных дзвярэй велічынёй ва ўвесь праём. Магчыма, калі раптам хлыне паток вады, можна будзе адсекчы бурную падземную рэчку ад астатняга метро.

Станцыя «Міхалова»
скрыжаванне пр-та Дзяржынскага і вуліц Гурскага і Уманскай

Тут праектавальнікі чамусьці таксама не ўгледзелі вялікага пасажырапатоку. Таму прадугледзелі адзін уваходны вестыбюль, які размесціцца ў сярэдзіне станцыі, — у перспектыве такая канструкцыя стане асновай для распрацоўкі тыпавых станцый метро.

Лесвіцы будуць спускацца на платформу ў яе цэнтральнай частцы. Такое рашэнне выкарыстанае на «Першамайскай», толькі там самі платформы размешчаны па баках ад шляхоў, а «Міхалова» будзе станцыяй больш звыклай канфігурацыі: калонная трохпралётная. Пераважная тэма афармлення — «халодны заход», або «зімовы заход». Мяркуючы па малюнках, нешта барвова-карычневае будзе атачаць серабрыста-шэрую платформу.

Выхадаў на паверхню прадугледжана тры. Два — амаль насупраць крамы «На Уманскай» па абодва бакі ад праспекта. Трэці — да гандлёвага цэнтра Globo. Выхад у бок Globo пакуль у зачаткавым стане.

На гэтай станцыі — найменшы працэнт выкананых работ: над самой платформай яшчэ не скончанае перакрыцце, рэйкі не ўсюды замацаваныя бетоннай сцяжкай, а аздабленне прадстаўленае часткова пакладзенымі плітамі падлогі.

Станцыя «Пятроўшчына»
скрыжаванне пр-та Дзяржынскага і вуліц Голубева і Сямашкі

Нават старажылы забыліся, дзе менавіта тут праходзіў праспект: настолькі ўсё перакапана і перагароджана. Станцыя атрымаецца традыцыйнай аднаскляпеністай, а ў інтэр’еры будзе ўвасобленая тэма зімовай зорнай ночы.

На гэтай станцыі прадугледжана больш за ўсё выхадаў. Два з іх будуць выводзіць пасажыраў да «Макдоналдса» і новых дамоў, яшчэ два — да кінатэатра «Бярэсце» і ГЦ «Кірмаш». Адзін — да медуніверсітэта, адзін — да офісных і забаўляльных будынкаў па другі бок вуліцы Сямашкі.

І яшчэ тры — насупраць велізарнага будынка 500-га філіяла «Беларусбанка». Пры гэтым два з іх будуць па цотным баку праспекта Дзяржынскага, акурат недалёка ад новых дамоў, а трэці — каля самага банка. Уладкаваны ён будзе хітра: мяркуючы па ўсім, гэты выхад абсталююць гэтак жа, як выхад са станцыі «Трактарны завод» на Бульвар Трактарабудаўнікоў. Гэта значыць, на адным узроўні з паверхняй, без лесвіцы. Лесвіца, зрэшты, будзе, толькі спускаецца яна не ў сам падземны пераход, а да ўваходу ў яго.

Станцыя «Малінаўка»

Вядуцца работы па будаўніцтве трохпралётнай калоннай станцыі «Малінаўка», якая мае быць адкрытая ў 2013 годзе. Размесціцца яна на скрыжаванні пр-та Дзяржынскага і вул. Ясеніна, а ў аздабленні будуць пераважаць зялёныя і светла-фісташкавыя тоны. Столь пафарбуюць у блакітны колер — атрымаецца такі сабе «летні сад».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?