Актывіст міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Уладзімір Яроменак прыгавораны да 10 сутак арышту за нецэнзурную лаянку паводле артыкула 17.1 КоАП (дробнае хуліганства),
паведаміла Кася Галіцкая.

17 мая Яроменак быў абвінавачаны па гэтым жа артыкуле судом Фрунзенскага раёна Мінска на сем сутак арышту і 23 мая павінен быў выйсці на волю, аднак гэтага не адбылося.

Яроменак, нагадаем, з’яўляецца фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. Яго прыгаварылі да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але 13 жніўня 2011 года вызвалілі на падставе ўказа кіраўніка дзяржавы аб памілаванні. Над Яроменкам устаноўлены прэвентыўны нагляд. 27 красавіка ён таксама быў асуджаны на сем сутак адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства.

Таксама сёння не выйшаў з-пад арышту другі актывіст «Маладога фронту» Зміцер Крамянецкі.
15 мая суд Цэнтральнага раёна Мінска прыгаварыў яго да 10 сутак арышту за дробнае хуліганства. Галіцкая не выключае, што Крамянецкі таксама будзе паўторна асуджаны і аналагічная доля чакае найбліжэйшымі днямі і іншых актывістаў, затрыманых разам з ім у Мінску 14 мая і якія трапілі за краты па абвінавачанні ў дробным хуліганстве.

Нагадаем, Крамянецкі быў затрыманы 10 дзён таму разам з іншымі маладафронтаўцамі — Раманам Васільевым і Мікалаем Дземідзенкам. Людзі ў цывільным адчынілі дзверы іх кватэры сваім ключом і загадалі ўсім, хто знаходзіўся ў памяшканні, легчы тварам на падлогу. Праз некаторы час супрацоўнікі спецслужбаў вывелі з кватэры Васільева і Крамянецкага. Маладыя людзі былі затрыманыя праз тры дні пасля таго, як выйшлі з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна, дзе адбывалі 15-сутачны арышт.

Актывісты арганізацыі звязваюць затрыманне сваіх таварышаў з правядзеннем акцыі «Горад наш», падчас якой на вуліцах гарадоў вывешваюцца бел-чырвона-белыя сцягі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?