На расійскім медыярынку змяніўся лідар — «галоўная кнопка» краіны цяпер не Першы канал, а «Яндэкс»: партал збірае большую аўдыторыю, чым любая асобна ўзятая тэлекампанія, пішуць «Ведамасці».

У красавіку Яндэкс.ру ў сярэднім наведвалі 19,1 млн людзей за дзень, а Першы канал глядзела 18,2 млн чалавек за дзень, падлічыла аналітычная кампанія TNS (праўда, гэта датычыць толькі аўдыторыі 12–54 гадоў у гарадах з насельніцтвам больш за 100 000 чалавек). «Першы» — самы папулярны расійскі тэлеканал. Дагэтуль ён увесь час быў медыярэсурсам у краіне, інтэрнэт-партал абагнаў яго ўпершыню.

Яндэкс, а таксама Mail.ru амаль наздагналі Першы канал і па тыднёвай аўдыторыі (да выніку канала ў красавіку ім не хапіла 0,7 і 1,2 млн чалавек адпаведна). Самы вялікі адрыў канала ад сайтаў — па месячнай аўдыторыі: хоць бы раз на месяц Першы ўключае 41,4 млн чалавек, што на 8,2 млн чалавек больш, чым карыстальнікаў у Mail.ru і на 8,7 млн ​​- чым у Яндэкса.

Імкліва скарачаецца і розніца паміж аўдыторыяй усіх тэлеканалаў і ўсяго інтэрнэту. Паводле ацэнкі TNS, у красавіку штодня інтэрнэтам карысталася 30,5 млн расейцаў, прыкладна на мільён менш глядзелі ТВ.

Галоўнай перавагай ТВ застаецца працягласць глядзення. На той жа «Першы» гледачы трацяць больш за гадзіну ў дзень, а на Яндэкс — толькі 10 хвілін.

Інтэрнэт нясе з сабой плюралізм. Інтэрнаўт у большай ступені, чым тэлеглядач, вырашае, што яму чытаць і глядзець і калі. Дэмакратычнасць інтэрнэту мяняе таксама свядомасць людзей. Гэта дае надзею і на змены ў палітычным мысленні расіян. Дагэтуль Расія заставалася «жандарам» постсавецкай прасторы, дзе яна спансаруе або падтрымлівае аўтарытарныя рэжымы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?