Паводле Ігната Ходзькі, у ХІХ ст. гарбата на беларускіх землях была сродкам ідэалягічнай барацьбы.

У 1840 г. Ігнацы Ходзька надрукаваў у сэрыі сваіх славутых «Лiтоўскіх малюнкаў» апавяданьне «Самавар». Просьценькі сюжэт служыць выдатнай iлюстрацыяй нашай матэрыяльнай культуры. Нiбы кінаапэратар, Ходзька схапiў вокам той няўлоўны гiстарычны момант, калi гарбата на землях былога ВКЛ з прадмету раскошы цi экзатычных усходнiх лекаў імкліва зрабiлася рэччу звыклай. Мы цяпер і не задумваемся пра абставіны пранiкненьня гарбаты ў Беларусь. Між тым, ейны шлях да простага чалавека быў няпросты, на якім супрацьстаялі ідэалягічная барацьба ды літоўска-польскі кававы патрыятызм.

Усё пачалося з Ангельшчыны

У беларускую мову слова «гарбата» трапіла праз польскую — herba thee, што ёсьць лішнім пацьверджаньнем таго, што з экзатычнай травой першымі пазнаёмiлiся аптэкары. Нават у Кiтаi — на радзiме чайнай культуры — па першым часе (IV—VI ст.) лiсьце чайнага дрэва выкарыстоўвалася выключна ў лекавых мэтах — пакуль яго не пачалi запарваць i пiць проста так, дзеля асалоды.

З эўрапейцаў першымi пазнаёмiлiся з гарбатай вялікія падарожнікі партугальцы, што завезьлі да сябе чароў-нае лiсьце на пачатку ХVI ст. Завезьлі і надзейна схавалі за сваімі межамі, нават ад гішпанцаў.

У Галяндыю гарбата трапіла на стагодзьдзе пазьней, аднак спатрэбілася яшчэ 50 гадоў, перш чым пра кiтайскае дзiва ад галяндцаў дазналіся ангельцы. Відаць, спрычыніліся да таго «кантакты» зь нідэрляндзкім каралеўскім домам Аранскіх. Але нават Ангельшчыне спатрэбiліся доўгія дзесяцiгодзьдзі, каб напой сапраўды стаў нацыянальным ды, пераадолеўшы ўсеагульны недавер, трапіў у Эўропу. Так супольнымi высілкамі галяндцаў i ангельцаў кантынэнт пазнаёмiўся з новым напоем. Але вялікай папулярнасьці напой не здабыў: уся Цэнтральная і Ўсходняя Эўропа «сядзела» на каве.

Да нас — з Расеі

У нашую малодшую «сястру» казацкiя атаманы з Кiтаю, дзе былі ў пасольстве, прывезьлі першыя зьвесткi пра гарбату яшчэ ў 1567 г. Але прайшлі доўгія 70 гадоў, покуль у 1638 г. гарбата трапіла да царскага двара. Справы пайшлі хутчэй: ужо ў 1670-х гарбата прадавалася ледзь ня ў кожнай маскоўскай краме. Таму першае знаёмства жыхароў Беларусi з кiтайскiм напоем, відаць, адбылося пры малапрыемным пасярэднiцтве маскоўскiх вайсковых абозаў падчас вайны 1654—1667 гг. альбо ў сібірска-ўральскай высылцы.

У Польшчу гарбата прыйшла цераз кантакты зь Нідэрляндамі. Але толькi ў другой палове ХVIII ст., калi пайшла мода на ўсё ангельскае, звычай пiць гарбату не як лекi, а дзеля асалоды ды прэстыжу, пранiк у вышэйшыя пласты грамадзтва. У Лiтве таксама смак напою ведала хiба найвышэйшая арыстакратыя. Прынамсі, пра гэта некалькi разоў згадвае берасьцейскі кашталян, знаны мэмуарыст ХVIII ст. Марцiн Матушэвiч.

Кававы патрыятызм

З далучэньнем да Расеі жыхары былога ВКЛ мусiлi зжывацца з новымi рэалiямi. Самастойны гандаль з Эўропай застаўся ў мінулым, i цяпер гарбата трапляла на нашыя землi выключна празь Сібірскі «чайны» шлях. Расейскi урад абкладаў iмпарт гарбаты больш як 100% мытам, транспартныя выдаткi былi калясальныя, да таго ж на гарбаце як сьлед «наварвалi» маскоўскiя купцы. У вынiку кошт у раздроб быў у 10—12 разоў вышэйшы, чым у Заходняй Эўропе. Дадайце сюды і пагарду да «маскоўскага» акупацыйнага напою, і вы зразумееце адсутнасьць ейнай папулярнасьці.

Апроч таго, сур’ёзным апанэнтам гарбаты выступала кава. Колісь таксама сустрэтая ў Рэчы Паспалiтай не без забабонаў i кпiнаў (бо мода на яе прыйшла ад найгоршых ворагаў — туркаў), да пачатку эпохi падзелаў кава пасьпела ня проста заваяваць папулярнасьць, але зрабiцца сапраўдным нацыянальным напоем. Гэта было апошняе стагодзьдзе ейнага незалежнага iснаваньня. Таму натуральна, што для многiх патрыётаў кава, у адрозьненьне ад гарбаты, сымбалізавала часы былой «залатой вольнасьцi».

Расейцы навучылі нас піць ня толькі гарэлку

Тым часам у Расеі аб’ёмы спажываньня расьлі. У першай палове ХIХ ст. iмпарт вырас з 75 да 360 тыс. пудоў у год, адпаведна, гарбата таньнела i станавілася больш даступнай. У тым ліку і на беларускіх землях.

Звычай пiць гарбату на землi былога ВКЛ прынесьлi расейскiя вайскоўцы i чыноўнiкi. Ад iх гэтую звычку пераймалi спачатку нацыянальна абыякавыя, шчыльна зьвязаныя з расейскiмi iнтарэсамi колы. Таму схiльнасьць да бяскрыўднага напою ў вачах патрыётаў Рэчы Паспалiтай выглядала ледзь ня сымбалем нацыянальнай здрады. Гiстарычна гэты час супадае з пэрыядам мiкалаеўскае рэакцыi, падаўленьнем паўстаньня 1830—1831 гг., закрыцьцём Вiленскага ўнiвэрсытэту ды скасаваньнем Уніі.

У губэрнях, прылеглых да этнічай Расеі, пранікненьне гарбаты ішло хутчэй, чым у сэрцы гiстарычнай Лiтвы, ня кажучы ўжо пра Карону. Ян Баршчэўскi, пясьняр Полацка-Віцебскага краю, у аповесьцi «Драўляны дзядок i кабета Iнсэкта» (1844) зафіксаваў гэтыя зьмены: «Няшмат часу прайшло, ужо i самавар прынесьлi, налiваюць гарбату, стары пан Ротмiстар, седзячы ля стала, сказаў гаспадынi: — Мая панi, даўней гарбата была лекамi ад галавы, цяпер безь яе i жыць ня могуць, якiя перамены ў сьвеце» (падзеі адбываюцца ў 1835 г.).

І ўжо пясьняр гістарычнай Літвы І.Ходзька ў апавяданьні «Берагі Вяльі» пісаў: «Зараз ня ўмеюць ужо гатаваць добрай кавы. Ня ведаюць ужо зараз шмат якiх патрэбных для гэтага сакрэтаў, бо на тое, Мосьцi Дабрадзею, абавязкова патрэбны i аленi рог для ачышчэньня кавы, ды сьмятанкi ня шкодзiць дадаць, трохi мiгдалаў для паху i пазалоты пенкi; цыкорыю, баранi Божа, ня больш як чацьвёртую частку, такая прапорцыя дае прыгажэйшы колер i смаку ня шкодзiць. А зараз ужо з палову сыпяць, але, зжалься Божа, якая гэта кава! Трэба яшчэ ведаць, як смажыць».

Кава пачала здаваць пазыцыі.

Калi б Кiтай прыслаў нам усе свае атруты, ня здолеў бы нам больш пашкодзiць, чым сваёй гарбатай... Частае ўжываньне гэтай цёплай вады аслабляе нэрвы i органы страўнасьці, а таксама надзвычай расслабляе. Дзецям i маладым асобам яна заўжды шкодная.

Кшыштаф Клюк. «Слоўнік расьлін», XVIII ст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?