02.06.2012 / 10:59

Рэканструкцыя адной забастоўкі 7

Пра тое, як семінарысты ў 1906-м дамагаліся палітычных правоў, піша Анатоль Сідарэвіч.

Гэтых вучняў ужо не называлі «балванамі». Урок гісторыі ў Маладзечанскай семінарыі.

Удзельнік Усебеларускага з’езда і ў будучым генерал-маёр Савецкай Арміі Лукаш Калядка паставіў гэтую падзею ў цэнтр сваіх успамінаў пра юнацтва і вучобу ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі.
Пісаў пра яе і эсэр Мікола Шыла, якога Янка Купала ўвекавечыў у «Тутэйшых». Згадваў і Антон Луцкевіч. Але перш чым пісаць пра падзею, трэба сёе-тое сказаць пра месца, дзе яна адбывалася.

Што такое настаўніцкая семінарыя?

Прасцей было б адказаць газетным штампам мінулых часоў: школа зуброжкі і кузня русіфікатарскіх кадраў.

Але чаму ж тады са сцен семінарый выйшла столькі творчых людзей і змагароў за беларускую справу?

У настаўніцкія семінарыі прымалі выпускнікоў народных вучылішчаў, якія вытрымалі ўступныя іспыты і не мелі фізічных дэфектаў. Затое мусілі мець музычны слых (будучых настаўнікаў вучылі іграць на скрыпцы).

Семінарыя — закрытая навучальная ўстанова. У семінарыстаў свае бацюшка і доктар, свае бібліятэка і гарод (будучы настаўнік павінен ведаць асновы садоўніцтва і гародніцтва). Ніхто пабочны не можа знаходзіцца на тэрыторыі семінарыі, і семінарысты не могуць пакінуць яе без дазволу. Усе іх лісты чытае педагог.

У семінарыях вучылася эліта сельскай моладзі — унукі і праўнукі прыгонных. Другое і трэцяе пакаленне нябітых мужыкоў. Сыны не самых заможных, але і не цёмных праваслаўных сялян.

З семінарыяў выйшла нямала пісьменнікаў — выкладанне славеснасці і гісторыі там было пастаўлена. За непаспяховасць адлічвалі: да выпуску іншы раз даходзіла траціна курса. Аднак ні алгебры, ні замежных моваў не выкладалі, што не дазваляла выпускнікам паступаць ва ўніверсітэты. Пасля семінарыі педагог мог пайсці хіба ў настаўніцкі інстытут і пасля яго заканчэння працаваць у гарадскім вучылішчы.

Таемная нарада

Улетку і ўвосень 1906 года па Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губернях пракацілася хваля аграрных страйкаў. Сяляне адмаўляліся ісці ў наймы да паноў, дабіваючыся павышэння аплаты працы і скарачэння працоўнага дня. (Патрабаванні фармулявалі ў сваіх улётках Беларуская Сацыялістычная Грамада (БСГ) і эсэры). І паны, баючыся страціць ураджай, саступалі.

У асяроддзі семінарыстаў таксама выспяваў бунт. І гэта адчувалі беларускія сацыялісты. Але яны разумелі, што страйк у адной семінарыі поспеху не гарантуе. У красавіку 1906 на арганізаванай БСГ таемнай нарадзе ў Маладзечне паўстаў саюз чатырох семінарый — Маладзечанскай, Свіслацкай, Полацкай і Панявежскай. Пазней да гэтага саюза часова далучылася і Нясвіжская.

Чаго яны хацелі

Пра падзеі ў Маладзечанскай семінарыі мы маем найбольш інфармацыі, бо там вучыўся карэспандэнт «Нашай Нівы» Мікола Шыла.

Семінарыстаў «дасталі» і рэжым, і дырэктар Гадыцкі-Цвірка. Дырэктар, можна прачытаць у «НН», «зрабіў з семінарыі арыштанцкія роты», «ругаецца, як п’яны звошчык на рынку, ды часам лезе біцца з кулакамі». Уеліся вучням у печань матэматык Багдановіч (мянушка Мангол) і выкладчык з мянушкай Дзядзька Хвост. Мангол абзываў семінарыстаў балванамі, а Дзядзька Хвост за імі сачыў і даносіў «па начальству».

Звольніць дырэктара, Мангола і Дзядзьку Хваста — такое было дружнае патрабаванне маладзечанскіх семінарыстаў. А таксама: не смець звяртацца да вучняў на «ты» і не смець чытаць іх карэспандэнцыю.

Яшчэ сялянскія сыны патрабавалі скараціць гадзіны непатрэбных прадметаў, накшталт граматыкі стараславянскай мовы, ды ўвесці выкладанне алгебры і замежнай мовы. Маладыя хлопцы, семінарысты запатрабавалі ў дадатак, каб ім далі права ладзіць агульнадаступныя вечарыны. Бо дзе яшчэ пазнаёміцца з дзяўчынай, як не на беларускай імпрэзе?

У патрабаваннях не было «палітыкі». Калі ж удумацца, дык у іх была квінтэсэнцыя палітыкі, бо палітычная свабода немагчымая без павагі да гонару і годнасці чалавека, а справядлівасць немагчымая без прадастаўлення людзям роўных магчымасцяў.

Забастоўка

Патрабаванні да начальства былі сфармуляваныя на сходзе вучняў у верасні 1906. У выпадку іх невыканання семінарыя пагражала страйкам. Пасля ў семінарскай сталоўцы Гадыцкі і бацюшка спрабавалі ўгаварыць вучняў адмовіцца ад «злачыннага» намеру. Але семінарысты стаялі на сваім: забастоўка пачалася 1 кастрычніка.

Вучні паехалі пад родныя стрэхі, а іх упаўнаважныя Іван Сычоў ды Іван Пратасеня дамагліся прыёму ў папячыцеля Віленскай навучальнай акругі барона Корфа. Той, выслухаўшы скаргі, «радзіў, каб вучні пагадзіліся з панам дырэктарам ». Тады два Іваны паехалі шукаць праўды ў Пецярбург, у міністэрства народнай асветы.

Тым часам Гадыцкі выключыў забастоўшчыкаў і напісаў іх бацькам лісты, параіўшы «падаваць прашэнне, каб прынялі зноў у семінарыю дзяцей іх». І некаторыя бацькі, «не папытаўшыся ў сыноў сваіх, падалі Гадыцкаму прашэнні; але як сыны пачулі гэта, то запатрабавалі прашэнні аддаць ім назад»...

А 7 лістапада дырэктара выклікаў у Пецярбург міністр народнай асветы Пётр Каўфман. Чалавек даволі ліберальны, ён спрабаваў увесці ў Расіі ўсеагульную пачатковую адукацыю. Разгон цэлай семінарыі быў яму не на руку. Магчыма, ён парадзіў дырэктару абмежавацца завадатарамі.

Тым часам некаторыя забастоўшчыкі зламаліся і напісалі прашэнні аб аднаўленні ў семінарыі.

І тут здарылася нечаканае: забаставалі... дзеці.
Пры кожнай семінарыі мелася пачатковае вучылішча, у якім будучыя настаўнікі праходзілі педагагічную практыку. Натхнёныя прыкладам большых, страйк абвясцілі яго вучні. 2 снежня «НН» паведамляла: «Яны не хочуць вучыцца да таго часу, пакуль не перастануць іх у школе біць, цягаць за вушы, лаяць і рабіць усё іншае, што не падходзіць да навукі».

У Нясвіжы, Полацку, Панявежы і Свіслачы

Нясвіжскія семінарысты не маглі далучыцца да маладзечанскай забастоўкі, бо да іх была пільная ўвага жандараў: у ліпені 1906 выпускнікі семінарыі зладзілі настаўніцкі з’езд у Мікалаеўшчыне. (Гэты з’езд у аповесці «На ростанях» апісаў яго ўдзельнік Якуб Колас.)

Адначасова з маладзечанскімі баставалі семінарысты Полацка, Панявежы і Свіслачы.
У красавіку 1907 у «НН» з Полацка прыйшла інфармацыя: «Вучні настаўніцкай семінарыі сталі дабівацца лепшых варункаў у сваім жыцці і навуцы. Акром таго, яны не хацелі есці поснай стравы. Тады папячыцель вучэбнай акругі... распарадзіўся закрыць семінарыю да восені, а 12 вучняў выгнаў саўсім». Ці няма якіх звестак пра той страйк у следчай справе НКВД гісторыка Данілы Васілеўскага? Ці не пісаў пра яго расстраляны пасля бальшавікамі рэдактар «Савецкай Беларусі» Павел Шастакоў, які ў 1907 стаў полацкім семінарыстам?

І звесткі пра бунты ў Панявежскай і Свіслацкай семінарыях варта шукаць у запісах выпускнікоў. Мо ў следчых справах народнага камісара асветы БССР Антона Баліцкага ці лінгвіста Янкі Бялькевіча яны маюцца, мо Макар Краўцоў дзе абмовіўся пра забастоўку ў Свіслачы ці акадэмік Сцяпан Некрашэвіч ды слуцкі паўстанец Антон Сокал-Кутылоўскі што напісалі?.. Спадзеў на архівы КДБ ды царскай паліцыі.

Не марна баставалі

1 студзеня 1907 маладзечанская забастоўка скончылася. Семінарысты зноў запоўнілі класы: трэба было рыхтавацца да іспытаў. Трапляліся, успамінае Лукаш Калядка, сярод семінарыстаў і сэрцаеды, для якіх дзяўчаты, што служылі ў выкладчыкаў, выкрадалі адказы на экзаменацыйныя білеты.

Тым часам дырэктар адпомсціў завадатарам страйка — Сычову і Пратасеню. 13 красавіка 1907-га карэспандэнт «НН» паведаміў: «З семінарыі выгналі двух вучняў. Начальства іх вінаваціць у тым, што... яны зрабілі саюз чатырох семінарый». Ніякіх звестак пра іх далейшы лёс няма.

Хто цяпер меў узначаліць саюз? Ахвотных стаць лідарамі не знайшлося. Дый рэвалюцыя ў Расійскай імперыі ішла на спад, надыходзіла рэакцыя.

А ўсё ж семінарысты не марна баставалі. Зварот на «ты» і знявагі выкладчыкаў адышлі ў мінулае. Знікла цэнзура. Вучням дазволілі чытаць кнігі не толькі з семінарскай бібліятэкі і «палучаць пісьмы без помачы дырэктара». А ў сярэдзіне чэрвеня чытачы «НН» пабачылі і такое паведамленне: «...Цвірка-Гадыцкі, што быў дагэтуль дырэктарам Маладзечанскай семінарыі..., ужо болей тутака не будзе». Дырэктарам стаў гісторык і мовазнаўца Апанас Ярушэвіч, аўтар працы пра гетмана Канстанціна Астрожскага, прадстаўнік ліберальна-памяркоўнай плыні ў заходнерусізме. Знік і Мангол. А 6 ліпеня прыйшла навіна і з Полацка: «Ад восені ў вучыцельскай семінарыі прыбаўляюць яшчэ чацвёрты клас і прыбаўляюць новыя навукі».

***

Дзяніс Крывадубскі — «Дзяніс з-пад Слуцка»

У «НН» № 31’2011 быў надрукаваны нарыс Анатоля Сідарэвіча «Палітычны дэтэктыў 1907 года». У ім вялося пра тое, як у 1907 пад Слуцкам паліцыя арыштавала вучняў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі Дзяніса Крывадубскага, Лукаша Калядку і Міхала Вайцяховіча, Міколу Шылу і Леаніда Шашуру. Семінарысты, удзельнікі забастоўкі, падазраваліся ў распаўсюдзе забароненай літаратуры, якую выпускалі БСГ і эсэры.

За год гісторыку стала вядома, што Дзяніс Крывадубскі, які разам з Міколам Шылам быў акторам у тэатры Ігната Буйніцкага, перапісваўся з рэдактрам-выдаўцом «НН» Аляксандрам Уласавым, а адзін свой допіс у газету падпісаў псеўданімам «Дзяніс з-пад Слуцка».

0
Алех:) / Адказаць
02.06.2012 / 12:04
Дзякуй сп.Анатоль за цікавыя краязнаўчыя артыкулы і за папулярызацыю нашай мінуўшчыны. А калі з'явяцца ў Вас сапраўдныя канкурэнты?:)
0
бабка Ганна / Адказаць
02.06.2012 / 13:55
Вельмі спадабалася. Вялікі дзякуй.
0
zdanek / Адказаць
02.06.2012 / 16:00
а потым быў кастрычнік 17-га...
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру