22.03.2007 / 18:01

Мастацтва немагчымага 1

З боку спосабу вытворчасьці, мы разьвіталіся з савецкім мінулым, але з гледзішча каштоўнасьцяў — да канчатковых высноваў грамадзтва дагэтуль не прыйшло. Пра кнігу Вінцэся Мудрова піша Даніла Жукоўскі.

Увага да савецкае эпохі ў апошні час набірае моц, і гэта выглядае заканамерным і справядлівым. Грамадзтва набрала пэўную часавую дыстанцыю, пазбавілася большае часткі савецкіх рэаліяў — што ў сфэры побыту, што ў сфэры вытворчасьці й адміністраваньня. Настальгія па СССР больш не ўспрымаецца як заклік да павароту назад, імгненнага вяртаньня да «ўчора», бо ўчора СССР ужо не было. Сёньняшняе актыўнае выкарыстаньне (асьвятленьнем шмат якія вольныя фантазіі назваць цяжка) савецкае эпохі ў мэдыях, заўзятае культываваньне настальгіі ці па сталінізму, ці па брэжнеўскім застоі мае на мэце ўсяго толькі вырашэньне задачаў маніпуляваньня грамадзкай думкаю, якія ставіць новая, сучасная сытуацыя.

Адлегласьць, празь якую мы азіраемся сёньня на кілбасныя цягнікі й бабінныя магнітафоны, чынна спрычыняецца да выцясьненьня савецкага са сфэры публіцыстыкі ў сфэру мастацтва. Досьвед тае эпохі (а дакладней, шэрагу эпохаў), пазбаўлены ў значнай ступені тактычнай «злобы дня», цяпер лягчэй выкарыстоўваць для дасьледаваньня адвечных праблемаў — то бок для таго, чым ахвотней займаюцца не журналісты, а літаратары. Але істотнаю перашкодаю робіцца неадрэфлексаванасьць савецкага мінулага. Карыстаючыся моваю таго часу, з боку спосабу вытворчасьці, мы зь ім рашуча разьвіталіся, але з гледзішча каштоўнасьцяў — да нейкіх канчатковых высноваў грамадзтва дагэтуль не прыйшло.

Таму, знаёмячыся з кожным творам адпаведнае тэматыкі — ці то кніжкаю, ці то тэлеперадачаю — заўсёды шукаеш адказу менавіта на галоўныя пытаньні: «добра ці дрэнна?», «злачынцы ці героі?». Кожны з аўтараў мусіць сам выносіць прысуд. Гэта нялёгкая справа, але без акрэсьленай пазыцыі аўтара кожная спроба зрабіць хай сабе сьціплую панараму савецкага жыцьця імгненна й незваротна ператвараецца ў фальш.

Твор сп.Мудрова, на маю думку, пазьбегне гэткага непрыемнага лёсу, бо выдатнай рысай ягонага аўтара ёсьць спэцыфічная мэмуарная сумленнасьць. Гэта асабліва востра адчуваецца, калі чытаеш «Альбом сямейны» ўперамешку з мэмуарамі сп.Краўчанкі1 пра крыху пазьнейшы гістарычны пэрыяд. Пра што б ні пісаў творца з Полацку, ён ня здраджвае ані сабе колішняму, ані сабе сёньняшняму. Мудроў можа памыляцца, фантазіяваць і прыдумляць, але ў тэксьце не зьяўляецца нічога супраць ягонай асабістай праўды, заснаванай, з аднаго боку, на добрай памяці, зь іншага — на здольнасьці супаставіць даўнія ўражаньні з агулам асабістага досьведу.

Самі па сабе абразкі савецкага побыту мяне ня надта захапілі (выняткам стаў хіба абразок пра цукеркі‑»падушачкі»). Як гэта часта здараецца, тое, што прыстасавана для гучаньня ў радыёэтэры, у выглядзе тэксту засмучае ляканізмам. Патрабуецца вельмі шмат паперы, каб з дапамогаю адных толькі літараў і знакаў прыпынку данесьці да чытача выразнасьць жывога голасу, нюансы, нязмушана перадаваныя інтанацыяй менш чым за сэкунду.

Мудроў не спэкулюе на моднай сёньня тэме (хоць пакост каньюнктурнасьці ўсё адно адчуваецца) — ён узнаўляе тое, што захавалася ў памяці, і сумленна намагаецца пазьбегнуць забруджваньня жанру. У выніку тэкст выклікае павагу індывідуалізаванасьцю дакладна ўваскрэшаных эмоцыяў. Будзе недарэчным папікаць за неаб’ектыўнасьць нешта нагэтулькі асабістае. Крытыкаваць «Альбом...» — усё адно што сумнявацца ў зьмесьце пераказанага сну. Закінуць нешта яму можна хіба што з гледзішча Эклезіясту і Геракліта, то бок — прынцыповую марнасьць змаганьня з часам. Але ці варта папікаць чалавека, што ён застаўся сабою, калі на ягоных вачах развалілася адна краіна, паўстала новая, зьмяніўся дзяржаўны лад, грамадзтва, культура, сама цывілізацыя? Хіба тое, што Вінцэсь Мудроў захаваў сябе ў гэтым катаклізьме, можна паставіць яму як папрок? Вядома ж, не.

Кожны чалавек нясе ў памяці некалькі сусьветаў, і найбольш яскравы зь іх зазвычай — сусьвет раньніх гадоў жыцьця. Мудроў дазволіў слухачам «Свабоды» зазірнуць у сябе, расчыніў інвэнтары сваёй памяці, даў удыхнуць пыл найпатаемных, цяжкадаступных асабістых архіваў. Аўтар «Альбому...» не пашкадаваў захадаў, каб гэтая экскурсія па скарбніцах ягонага эга прайшла прыемна, была павучальнаю і ня надта нуднаю — няпростая задача, бо герархія каштоўнасьцяў у гэткіх прыватных зборах вельмі своеасаблівая.

Найскладаней, не губляючы непаўторнасьці, дамагчыся адэкватнага разуменьня іншымі. Аўтар з даўно ўжо несталічнага Полацку ўдала прапануе свой адказ на кардынальнае пытаньне адносна эпохі «разьвітога» сацыялізму: адкуль браліся і як распаўсюджваліся ў гэтым грамадзтве флюіды свабоды.

Савецкага чалавека штурхала на гэткія палітычна хісткія ўчынкі цікавасьць да новага і невядомага, выхаваная ў ім савецкай школай, савецкай літаратурай, савецкім кінематографам. Глыбокая і невыкараняльная супярэчнасьць савецкага ладу палягала ў тым, што, гвалтам трымаючы людзей у вузкіх межах ідэалягічна дазволенага, гэты лад усёй моцай сыстэмы асьветы навучаў навуковаму спосабу пазнаваньня сьвету там, дзе гэта ня шкодзіла ідэалягічным догмам. Ідэал асьветы, які вызнаваўся ў СССР, натуральнай лёгікай кіраваў людзей да свабоды думкі, і стрымліваць гэты працэс можна было толькі рэпрэсіямі. Задачагічнага запаведніка і адначасна заахвочваць сьмелыя пошукі ў іншых сфэрах у больш‑менш далёкай пэрспэктыве была вырачаная на паразу.

На шляху да сумнага фіналу гэткая сыстэма кіраваньня думкамі грамадзян спараджае доўгі шэраг кампаній супраць ідалапаклонства перад Захадам, абмежаваньняў на распаўсюд «нянашых» твораў мастацтва ды іншых пачвараў «мастацтва немагчымага»: менавіта гэтак мусілі б называцца распаўсюджаныя ў пэрыяд «сьпелага» сацыялізму адносна бяскроўныя практыкі ідэалягічнай барацьбы і контрапрапаганды. У гэтым ракурсе спробы Мудрова аднавіць жывое дыханьне эпохі атрымліваюць дадатковую сымбалічную глыбіню: прыватныя пошукі страчанага часу ўваходзяць у мастацкі рэзананс з рэаліямі ідэалягічнага абсурду: немагчымае памнажаецца на немагчымае.

Узаемадзеяньне полацкага пісьменьніка з мэдыйнымі навацыямі радыё «Свабода» атрымліваецца, на мой погляд, менш гарманічным. Для тых, хто ўтрапёна пакланяецца адной толькі Аўтэнтычнай Спантаннасьці, а аналіз лёгка заступае мэтадам свабодных асацыяцыяў ды дробна нарэзанымі цытатамі, кожная спроба творчага ўмяшаньня ў матэрыял выглядала б ерасьсю. У выніку мастацкая фікцыя ў «Альбоме...» мае столькі сама правоў, колькі ў СССР мелі буржуазныя нацыяналісты, а ў пасьляваенных Злучаных Штатах — чарнаскурыя камуністы. А менавіта — ёй не адмаўляюць у праве быць, але нікуды не пушчаюць. Сучасная свабодаўская канцэпцыя жорстка абмежавала творчую ініцыятыву Мудрова‑пісьменьніка.

«Альбом...» выгадна адрозьніваецца ад «Верша на Свабоду», што выйшаў у той самай сэрыі, высокаю кампэтэнтнасьцю творцы ды стылёвым адзінствам. Але пракруставы ўяўленьні рэдакцыі ператварылі шмат якія абразкі з жывых аповедаў у шыльдачкі да пакладзеных пад шкляны каўпак музэйных экспанатаў. Тое, што ў мастацкім творы, у абрамленьні сюжэту, у выкананьні цікавага характарам пэрсанажу зайграла б на струнах нашай душы, шмат калі азываецца толькі халодным пачуцьцём нэўтральнага пазнаваньня: «Так, было такое — а я ўжо амаль што забыўся. Ну і хай — вялікая каштоўнасьць: чамадан фібравы, часопісы польскія...». Патэнцыял вобразу, гэтаксама, як патэнцыял аўтара, выкарыстаныя хіба на некалькі працэнтаў.

Абмежаваньні, накладзеныя на аўтара, у некаторых месцах істотна пашкодзілі твору. Прыкладам, у аповедзе пра Патрыса Лумумбу рыторыка Мудрова ня зьдзеклівая ў адносінах да афрыканскага дзеяча, а выкрывальніцкая ў адносінах да ілжывае нястрымнае глярыфікацыі, якую зьведвалі ў той час усе больш‑менш зручныя для прапаганды выпадкі. Але, каб не палічыць кепікі Мудрова за паблажлівасьць да няшчаснага Патрыса, трэба ведаць эпоху. З самога тэксту неабазнаны чытач нічога не зразумее. Каб данесьці да яго гэткую ня надта й складаную думку трэба выйсьці па‑за межы жанру карацелек з памяці.

У выніку, як у шмат якіх іншых праектах «Свабоды», мы даведваемся істотна менш пра тое, чаму твор прысьвечаны, але затое трохі пра няпростае становішча самога аўтара, якому трэба тлумачыць рэаліі аднае ідэалягічнае сыстэмы, не парушаючы табу іншае, зьвяртаючыся да аўдыторыі, для якой абедзьве гэтыя сыстэмы збольшага чужыя. Адвечны спадарожнік ідэалягізацыі — мастацтва немагчымага...

***

Вінцэсь Мудроў. Альбом сямейны (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). — Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2007. — 232 с.: іл.

Даніла Жукоўскі

0
Уладзімер / Адказаць
26.03.2007 / 12:58
Усё б гэта магло быць. З лайна можна конікаў ляпіць. Але для гэтага трэба талент. Пажадана вялікі.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру