22.03.2007 / 18:45

Што 25-га? Дзень Волі, цемра ты неадукаваная! :) Сьцёбна-сур'ёзныя нататкі 3

Апазыцыя спакваля падточвае дзяржаўную ідэалёгію. Але разам з тым страчвае манаполію на незалежніцкую рыторыку. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Можна, канешне, проста пасьцябацца з нагоды таго, што БРСМаўцы нібыта паводле чыстага супадзеньня — ну вясна прыйшла! — ладзяць 25 сакавіка сваю акцыю "За незалежную Беларусь!".

А можна ўбачыць і пачатак іншага працэсу: высілкі нацыянальна сьвядомай апазыцыі далі плён. Спакваля падтачылі маналіт дзяржаўнай ідэалёгіі з ейным нігілізмам адносна неБССРаўскай вэрсіі паўставаньня беларускай дзяржаўнасьці.

Гэтым разам ідэя альтэрнатыўнай імпрэзы нарадзілася ў кабінэтах ідэалягічнае вэртыкалі пэўна ж спантанна. (Дарэчы, заўважце: улада мусіць дзейнічаць рэактыўна, а ініцыятыва на баку яе апанэнтаў.) А вось налета, уявеце, вымуштраваныя функцыянэры будуць ужо загадзя плянаваць мерапрыемствы на Дзень Волі.

Такім чынам, вэртыкаль фактычна пачынае — хай сабе і няўклюдна, наступаючы на горла ўласнай песьні — працаваць на прасоўваньне ў масы ўсьведамленьня даБССРаўскіх каранёў дзяржаўнасьці. Тым самым размываецца і псэўданезалежніцкі падмурак афіцыйнае даты 3 ліпеня. Калі і дзяржаўныя (ці прадзяржаўныя) структуры, і апазыцыянэры сьвяткуюць пад лёзунгамі незалежнасьці 25 сакавіка, то апрыёры зьмякчаецца звыклая палітычная антытэза.

Вось і Мілінкевіч канстатуе: улады часткова прызналі 25 сакавіка.

Канешне, робіцца карава — усе гэтыя расьцяжкі па-расейску і г.д. І ўсё ж — "За независимую Беларусь!", а не за "братскую интеграцию" ды "единение", як боўталася паўсюдна яшчэ некалькі гадоў таму.

Бадай, адыгралі сваю ролю і раскрытыкаваныя максымалістамі звароты арганізатараў Дня волі, інтэлектуалаў да кіроўных вярхоў: давайце адзначым супольна!

Канешне, наіўна было б усклікаць: во яны, прыкметы жаданай кансалідацыі! Ідыліяй і ня пахне. Як і перад леташнімі выбарамі, зараз перад 25-м ідзе шырокая зачыстка актыву з ужываньнем той самай тактыкі дробнага фолу.

Добра, калі само сьвяткаваньне для тых, хто зьбіраецца на пляц Каліноўскага, пройдзе без асаблівых эксцэсаў.

Дарэчы, а ці атрымліваў БРСМ дазвол на акцыю?

Мо' апазыянэрам варта павесьці калёну ад Акадэміі навук да "чупа-чупса" — там дакладна чапаць ня будуць? :)

Я вось са смайлікам, па-блазанску напісаў, а потым знайшоў у Сеціве інтэрвію, дзе цалкам сур'ёзны чалавек — акадэмік Вайтовіч на тую ж тэму разважае.

Жарты жартамі, а кропля камень точыць. Лёзунгі незалежнікаў заваёўваюць новы абсяг. Хаця паралельна апазыцыя разьвітваецца — ужо, шчыра кажучы, разьвіталася — з манаполіяй на адпаведную рыторыку. І ў гэтым таксама ёсьць, калі хочаце, стымул — вылазіць са старой шкарлупіны, генэраваць палітычны крэатыў.

Працэс фармаваньня нацыянальнай самасьвядомасьці ідзе ў парадаксальных, часам трохі анэкдатычных формах. Але ж пакрысе ідзе!

...Уяўляеце, як камсорг ("бэрэсэморг"? :) выхоўвае нядбайнага сябра арганізацыі:

— Каб 25-га быў на імпрэзе як штых!

— А што 25-га?

— Ну ты і цемра! Як што? Дзень Волі!

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
Napalm / Адказаць
22.03.2007 / 21:42
Даўно ўжо пара перастаць разглядаць выбраную народам уладу як ''акупацыйны'' рэжым. Яна не акупацыйная, а такая ж ''хворая'', аднак нашая, як і большасць беларусаў, якія проста іншага жыцця ніколі не бачылі. У гэтым і уся хвароба. Часам здаецца, што калі б Малады Фронт не ганяўся у кошкі-мышкі з КДБ, а ва ўсім складзе увайшоў у БРСМ, то гэта быў бы ўжо іншы БРСМ, і карысці з дапамогай дзяржаўных грошай зрабіць можна было б паболей, чым вывешваючы расцяжкі... Ну прышлось бы пару разоў пахваліць Лукашэнку, па цяперашніх часах - ня самае дрэннае, абаронца суверэнітэту і будаўнік незалежнай Беларусі дэ-факта... Ёсць такая прымаўка: Can't beat them - join them (Не можаце іх перамагчы - далучыцеся да іх). Па нашай сітуацыі - самае то.
0
Ігар / Адказаць
22.03.2007 / 23:24
Лічу, што да сьвяткаваньня Дня Волі БРСМаўскія акцыя маюць толькі адно дачыненьне - адцягнуць моладзь з Кастрычніцкай плошчы. Разьлік на дзьве катэгорыі моладзі - тых, каму ўсё роўна дзе быць, абы адобра адцягнуцца, і тых, у каго каша ў галаве, і хто можа падумаць, што якраз каля "дыямэнту" той самы Дзень Волі, пра які ва ўлётках, і сьвяткуецца. Казаць, што ўлада, хоць бы і ўскосна, прызнала Дзень Волі - проста недарэчна. Задача адна - адцягнуць моладзь. Знайшлі лёзунг і форму мерапрыемства, якія, на думку ўлады, спрацуюць на вырашэньне гэтай задачы. "Усялякія супадзеньні выпадковыя...", як пішуць у тытрах фільмаў.
0
Аляксандар КЛАСКОЎСКІ to Ігар / Адказаць
23.03.2007 / 08:43
"Лічу, што да сьвяткаваньня Дня Волі БРСМаўскія акцыя маюць толькі адно дачыненьне - адцягнуць моладзь з Кастрычніцкай плошчы". ======================================= Дык хто б сумняваўся! Палітычная канкурэнцыя :) Як пры сапраўднай дэмакратыі :) Калі ж сур'ёзна, дык я і падкрэсьліваю: працэс ідзе ў нас ў парадаксальных і нават анэкдатычных формах. Але так ці іначай даце надаецца рэзананс. Так што сапраўды кропля камень точыць.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру