Гродзенскі гурт «Людзі на балоце» сканчае працу над сваім дэбютным альбомам, што будзе цалкам прысвечаны тэме антыбальшавіцкага супраціву ў Беларусі.

Музыкі з гурту «Людзі на балоце» запісалі ўжо восем песень для свайго дэбютнага альбома. Цяпер матэрыял знаходзіцца на стадыі звядзення. Назвы ў дыска пакуль няма, але вядома, што ўсе песні зь яго будуць прысвечаныя антыбальшавіцкім паўстаньням у Беларусі. Гэтым праца і будзе ўнікальная, бо айчынныя музыканты раней практычна не звярталіся да гэтай тэматыкі.

Усе тэксты на альбоме аўтарства лідара каманды Алеся Дзянісава, за выключэннем аднаго — «Зброя», які напісаў вядомы гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут, у мінулым таксама рок-музыка.
«Мы спрабуем паглядзець на тыя гістарычныя падзеі без нейкага налёту ідэалогіі. Нас больш цікавіць пункт гледжаньня простых людзей, якія жылі ў той час — як яны гэта ўспрымалі, як на іх гэта адбілася», — кажа Алесь.
«Людзі на балоце» пачыналіся, як акустычнае адгалінаваньне беларускай панк-рок славутасці — гурту «КальЯн».
У маі музыкі гурту падрыхтавалі акустычныя версіі сваіх песень ды ўключылі яшчэ колькі новых. Але з цягам часу стала зразумела, што «Людзі на балоце» выглядае на цалкам самастойны гурт, што працуе ў сваім адметным стылі — фолк-рок. «Пра гэта сведчыла ўсё большая адрознасць рэпэртуару, што выклікала патрэбу адмежавацца ад „КальЯну“ і стварыць цалкам незалежную каманду», — распавядае Алесь Дзянісаў. Як «КальЯн» музыкі выступілі яшчэ ў праекце «Тузін. Unplugged», але пасля святкавання 15-годдзя «КальЯну», Алесь вырашыў засяродзіцца на працы з «Людзьмі…». На сёння ў склад каманды акрамя яго ўваходзяць: Аляксандар «Барабан» Рацько (вакал, перкусія), Мікола Палякоў (акардэон), Наста Цыбізава (вакал, скрыпка), Вася «Хіпар» Валошчык (флейта), Паша «Трабл» Трублін (бас-гітара).

Гурт паказаў ужо некалькі разоў сваю праграму на невялікіх імпрэзах у Мінску і Гродне. Аднайменная назве гурту песня ў жывым выкананні нядаўна з’явілася ў сеціве. Прэм’ера альбому на вялікую аўдыторыю адбудзецца 9 чэрвеня падчас Halfway Festival у Беластоку, а таксама 30 чэрвеня ў Шаблях на «ПІКНІК.BY».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?