22.03.2007 / 18:58

Корбана адпусьцілі, Гарэцкага асудзілі на 12 сутак

Паводле міліцыянтаў, Барыс ішоў па вуліцы і гучна нецэнзурна лаяўся.

Суд Першамайскага раёну Менску арыштаваў Барыса Гарэцкага на 12 сутак. На знак пратэсу моладзевы актывіст абвесьціў галадоўку. Барыса супрацоўнікі міліцыі затрымалі ўчора на вуліцы Валгаградзкай, калі ён выходзіў з дому. Яны праверылі ў ягоным заплечніку ўсе рэчы і завезьлі хлопца ў дзяжурную частку міліцыі Першамайскага раёну Менску. У міліцыі на Барыса Гарэцкага склалі пратакол за дробнае хуліганства. Паводле міліцыянтаў, Барыс ішоў па вуліцы і гучна нецэнзурна лаяўся.

Актывіста незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Алега Корбана, якога затрымалі сёньня зранку, адпусьцілі на волю, пратрымаўшы болей за 3 гадзіны. Супрацоўнікі міліцыі Партызанскага раёну Менску цікавіліся ў А.Корбана, дзе могуць быць бел‑чырвона‑белыя сьцягі і інфармацыйныя ўлёткі пра акцыю на Дзень Волі 25 сакавіка.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру