Як стала вядома Naviny.by, падаткавікі працягваюць настойваць на рэалізацыі сваёй галоўнай ідэі — узаконіць права работнікаў даносіць на наймальнікаў, якія грашаць выплатамі шэрых заробкаў з наступным накладаннем штрафу на працадаўцу.

Праект адпаведнага ўказа ўжо накіраваны ў бізнэс-саюзы. Аднак прадстаўнікі дзелавой супольнасці катэгарычна супраць стукацтва, мяркуючы, што гэта не рашэнне праблемы.

Паводле дадзеных МПЗ, у 2011 годзе было выяўлена 1072 выпадкі выплат заробкаў у канвертах. Па выніках праверак у бюджэт было спагнана больш за 960 млн рублёў у выглядзе падаткаў і штрафаў. Аднак гэта толькі невялікая частка агульнага пірага, які атрымалася адхапіць падатковым органам. Паводле ацэнак падаткавікоў, праз выплату заробкаў у канвертах штогод у бюджэт недапаступалі прыкладна 150–200 млрд рублёў падаходнага падатку. Гэта прыкладна 10% ад усёй сумы, якая спаганяецца ў выглядзе падаходнага падатку.

«Радыкальна змяніць становішча можна толькі завяршэннем працэсу, які сёння вядзецца па змене заканадаўства. Спадзяюся, што Беларусі першай на постсавецкай прасторы ўдасца справіцца з гэтай з’явай», — яшчэ ў канцы 2010 года на прэс-канферэнцыі заявіў намеснік міністра па падатках і зборах Васіль Каменка. І тады ж ён паведаміў, што на разгляд у Адміністрацыю прэзідэнта накіраваны праект указа, які ўзмацняе адказнасць наймальніка за выплату заробка ў канверце.

Але што ўвесь гэты час адбывалася з гэтым дакументам і чаму да бізнэс-саюзаў ён дайшоў толькі цяпер?
Наверсе зразумелі, што прапанаваныя МПЗ метады барацьбы з шэрымі заробкамі патрабуюць дадатковага аналізу, і законапраект давялося дапрацоўваць?

На думку сустаршыні Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктара Маргелава, знікненне праекта ўказа з поля зроку магло быць звязана з дырэктывай № 4.

«Усе былі занятыя дырэктывай і не думалі пра іншыя дакументы. Але, на жаль, сёння маятнік пачынае хіліцца ў іншы бок. На нарадах чыноўнікі ў адкрытую заяўляюць, што дырэктыва састарэла, і час пра яе забыцца. І тут жа пачынаюць усплываць старыя ініцыятывы і законапраекты», — адзначыў эксперт.

Ідэя падаткавікоў зводзіцца да таго, каб стымуляваць работнікаў паведамляць пра факты выплат шэрых заробкаў. Паводле цяперашняга заканадаўства, за такую ініцыятыву прадугледжанае пакаранне. Калі наёмны работнік паведаміць пра факт выплаты яму зарплаты ў канверце, то будзе вымушаны сам даплаціць падаходны падатак. Гэта стрымлівае ініцыятыву работнікаў паведамляць пра выплату шэрых заробкаў.

У адпаведнасці з праектам указа наёмны работнік вызваляецца ад адказнасці пры раскрыцці інфармацыі пра выплату заробка ў канверце. Аплачваць усе падаткі і штрафы будзе наймальнік. І МПЗ разлічвае, што пагроза адміністрацыйнай адказнасці стане дзейсным спосабам стрымлівання выплат заробкаў у канвертах.

Хоць неадназначную рэакцыю выклікаюць памеры прапанаваных штрафных санкцый. За падатковы падман службовая асоба, юрыдычная асоба або ІП можа быць аштрафавана ў памеры ад 50 да 100 базавых велічынь. Паўторнае ўчыненне падатковага падману пацягне накладанне штрафу ў памеры 100–200 базавых велічынь

Аднак для часткі прадпрыемстваў, якія плацяць шэрыя заробкі, такія санкцыі — не больш чым дробная непрыемнасць.
Хутчэй тут можна казаць пра пагрозу дробнаму бізнэсу. Як падкрэслівае Віктар Маргелаў, менавіта на дробных прадпрыемствах часцей за ўсё практыкуецца выплата шэрых заробкаў.

«Але робяць яны гэта не ад добрага жыцця, а таму, што выплата заробкаў у поўным аб’ёме без усякага ўтойвання прывядзе да закрыцця бізнэсу. Таму многія і выплачваюць часткова або цалкам зарплаты ў канвертах», — канстатуе сустаршыня РКП.

Вядома, для пэўнай часткі суб’ектаў гаспадарання штраф можа стацца хваравітым ударам. Але па словах начальніка юрыдычнага аддзела Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Вадзіма Барадулі, небяспека для бізнэсу заключаецца ў тым, што паводле праекта ўказа работнік можа абвінаваціць наймальніка ў выплаце шэрай зарплаты цягам трох гадоў з моманту здзяйснення правапарушэння.

«І ўявіце сітуацыю: работніка за п’янку, крадзеж ці прагулы звальняюць, а ён ідзе ў падатковую і паведамляе: „Два гады таму дырэктар выдаў мне заробак у канверце“.
Акрамя яго паказанняў больш нічога няма, але наймальнік рызыкуе аказацца вінаватым», — звяртае ўвагу Барадуля.

«А ў нас народ любіць паклёпнічаць. Акрамя таго, ёсць і незадаволеныя. Не таго прызначылі начальнікам аддзела, камусьці далі больш прэміі. І гэта таксама можа паслужыць падставай для абвінавачанняў працадаўцы. Таму мы заявілі МПЗ, што ў такім выглядзе прымаць законапраект не падыходзіць. І падаткавікі, падобна, пагадзіліся, што дакумент патрабуе дапрацоўкі», — заявіў прадстаўнік МССПіП.

Чакаецца, што бізнэс-саюзы абмяркуюць прапанаваны МПЗ праект указа і выпрацуюць агульную пазіцыю ў дачыненні да гэтага дакумента. «Але маё меркаванне — трэба ўжываць комплекс рашэнняў, каб скараціць выплаты заробкаў у канвертах, і самае галоўнае з іх — гэта знізіць сацыяльны падатак на бізнэс», — заявіў сустаршыня РКП Віктар Маргелаў.

Аналагічнага меркавання прытрымліваецца і старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін. Паводле яго словаў, праблему выплат шэрых заробкаў трэба вырашаць не шляхам рэпрэсіўных мер у дачыненні да наймальнікаў. Час нарэшце прыступіць да пераразмеркавання падатковай нагрузкі паміж наймальнікамі і работнікамі.

«А пакуль у наймальніка і работніка ёсць узаемная зацікаўленасць утойвання рэальных заробкаў, таму што наёмны работнік наогул не адчувае сябе падаткаплатнікам. І яго цікавіць, колькі ён атрымае, а не будучая пенсія. Таму трэба, каб сам работнік клапаціўся пра сваю будучыню», — перакананы кіраўнік БСП.

Прадстаўнікі бізнэс-саюзаў мяркуюць, што на першым этапе сацыяльны падатак на працадаўцу трэба знізіць з 34% хаця б да 25%. Аднак супраць паслаблення сацыяльнай нагрузкі на бізнэс выступіла Мінпрацы.

«Узносы працадаўцаў (34% фонду аплаты працы) і работнікаў (1% індывідуальнай зарплаты) з’яўляюцца адзінай крыніцай фінансавання пенсій і шэрагу іншых сацыяльных выплат», — тлумачаць сваю пазіцыю ў міністэрстве.

Але гэта не аргумент супраць зніжэння сацыяльнага падатку, адзначае ў сваю чаргу Віктар Маргелаў. «Так, для гэтага трэба праводзіць пенсійную рэформу. Але мы ўжо 10 гадоў гаворым, але нічога не робім. І гэта ўжо прывяло да страты нашай канкурэнтаздольнасці», — падкрэсліў эксперт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?