Міхаэль Ханэке ўжо другі раз у сваёй кар’еры робіцца лаўрэатам галоўнай узнагароды самага прэстыжнага кінаагляду свету. Яго цяперашні прыз не ганаровы, а актуальны, асэнсаваны, своечасовы. У Канах-2012 добрая палова фільмаў была так ці інакш прысвечаная каханню, але ніхто не выказаўся па старадаўнім пытанні так выразна і глыбока, як Ханэке. Ён упершыню паказаў сябе больш гуманістам, чым маралістам, і прадэманстраваў рэдкую мудрасць, бясстрашна атакаваўшы зацяганую тэму. Прыз заслужаны, а меркаванні наконт таго, як па-дурному даваць за другі фільм запар тую самую ўзнагароду, не вартыя сур’ёзнай гутаркі.

«Каханне» было найлепшым фільмам фестывалю. Цяпер гэта задакументавана афіцыйна.

Прэтэнзіі да журы, якое ўзначальваў італьянскі рэжысёр і культуртрегер Нані Марэці, выказалі, здаецца, усе. І гэта зразумела: цяжка знайсці тую карціну свету, у якую ўпішуцца адначасова эстэт-радыкал Карлас Рэйгадас і Матэа Гаронэ, што дагаджае папулярным густам, аскетызм румынскай новай хвалі Крысціяна Мунджыу і дыхтоўнае сацыяльнае кіно Томаса Вінтэрберга або Кена Лоўча. Мяркуючы па ўсім, вердыкт журы — сапраўды плён калектыўнай працы, а не спроба паслядоўнага выказвання пра стан свету і кінематографу. Аднак калі гэта і кампраміс, то кампраміс высокага класа.

Сінефілам кінулі костку, даўшы Рэйгадасу за яго «Post Tenebras Lux» рэжысёрскі прыз.

Кіно не з самых удалых, але смелыя эксперыменты трэба заахвочваць. Але і шырокай аўдыторыі Каны павінныя дагадзіць, інакш ім наканавана будзе ператварыцца ў Лакарна або Ратэрдам, страціўшы ўвагу ўсяго свету. Адсюль (а зусім не з мафіёзных меркаванняў, як западозрылі скептыкі) і прысуджэнне прэстыжнага Гран-пры «Рэальнасці» Гаронэ, якаснаму і далёка не дурному ўзору італьянскай сацыяльнай камедыі. Іншы прыклад — атрымала прыз журы «Доля анёла» Лоўча. Таксама смешная і аптымістычная камедыя, таксама з палітычным падтэкстам.

Вядома, тэматычная актуальнасць вельмі важная. Няхай «Паляванне» Вінтэрберга — карціна кансерватыўная, але гісторыя прыстойнага чалавека, якога западозрылі ў педафіліі, своечасовая і надзённая.

Журы мудра абышло сам фільм, але ўручыла прыз бясспрэчнаму ўлюбёнцу публікі Мадсу Мікельсэну, які і сыграў вельмі добра, і ў прызе мае патрэбу больш, чым які-небудзь Брэд Піт (таксама тэарэтычны прэтэндэнт). З іншага боку, Мікельсэн — еўрапейская зорка, а фестывалі павінныя заахвочваць пачаткоўцаў. Раўнавага была адноўленая шляхам прысуджэння прыза за найлепшую жаночую ролю адразу дзвюм дзяўчатам-дэбютанткам, фенаменальна пераканаўчым у драме «За пагоркамі» Мунджыу — Крысціне Флутур і Касміне Стратан.

Цяжка штосьці запярэчыць і супраць узнагароджання самога Мунджыу за сцэнар: румынскі аўтар прайшоў па вастрыі нажа, звёўшы ў адным сюжэце атэістаў і фанатыкаў, закаханых і абыякавых.

Так, яго ж фільм таксама пра каханне.

Верагодна, аналітычнай і віртуознай стужцы Сяргея Лазніцы «У тумане», на думку журы, не хапіла менавіта эмацыйнасці і цяпла, якія адчуваюцца ў кожнай з узнагароджаных карцін. Затое крытыкам гэта не перашкодзіла ўручыць яму прыз міжнароднай прэсы ФІПРЭСІ, а для любога рэжысёра аўтарскага кіно прызнанне крытыкаў важнейшае за іншыя трафеі.

Яшчэ больш пашанцавала ўчорашняй студэнтцы ВГИКа Таісіі Ігуменцавай з паўгадзіннай працай «Дарога на», прадстаўленай у конкурсе дыпломных карцін «Сінефандасьён».

Ігуменцава атрымала першы прыз і 15 тысяч еўра з рук прэзідэнта кароткаметражнага журы Жан-П’ера Дардэна. Дарэчы, яе фільм таксама пра вострую форму кахання, якое перажываюць маладыя касірка і клерк.

Неардынарнай формай выражэння гэтага пачуцця робіцца своеасаблівы перформанс, падчас якога закаханыя, надзеўшы свае найлепшыя касцюмы, прыходзяць ноччу на двор маскоўскай шматпавярхоўкі і голасна пакрываюць яе спячых насельнікаў такім жа шматпавярховым матам.

Вельмі далікатнае кіно і вельмі пацешнае, хоць цяперашнюю канскую лаўрэатку Ігуменцаву і не хацелі атэстоўваць у родным інстытуце — маўляў, няма чаго лаяцца з экрана.

Многія абураюцца тым, што журы насмелілася праігнараваць іх фаварытаў. Далей прозвішчы вар’ююцца: адным крыўдна за Леоса Каракса, другім — за Хона Сан-Су, трэціх абразіла няўвага суддзяў да старэнькага Алена Рэнэ.

Тут час успомніць, што фестываль — усяго толькі ўмоўная гульня ў пераможцаў і пераможаных, і для любых прадзюсараў нашмат важнейшыя продажы фільма на кінарынку і рэцэнзіі пасля афіцыйнай прэм’еры, чым адзнака пра прыз на постары.

У тых жа Каракса і Хона ёсць магутныя фан-базы, якія іх узнясуць без лішніх «пальмаў», а Рэнэ паспелі прысудзіць ганаровую ўзнагароду яшчэ за мінулы фільм (які быў лепшы за цяперашні) і хопіць. Ён, дзякуй Богу, даўно гаворыць з вечнасцю, а не з Нані Марэці.

Апошнім падарункам Канаў стаў паказ фільма «Мад», новай працы аднаго з самых маладых канкурсантаў — 34-гадовага Джэфа Нікалса. Яго адсутнасць у спісе прызёраў можа тлумачыцца рэзкай нелюбоўю Марэці да амерыканскага кіно або тым, што да суботы прызы ўжо былі размеркаваныя, і расклад вырашылі не мяняць.

Так ці інакш, «Мад» стаўся адной з самых кранальных і пацешных карцін пра першае каханне, знятых за апошнія 100 гадоў. Тут каханне не элемент інтрыгі, а разлітая ў паветры субстанцыя, магутная ідэя, гатовая ўвасобіцца ў першым сустрэчным і першай сустрэчнай, якімі б недасканалымі яны ні былі.

Што да сюжэту, то ён з’яўляецца разгорнутым парафразам «Прыгодаў Тома Соера і Гекльберы Фіна». Двое цэнтральных герояў — хлопчыкі, якія жывуць на берагах Місісіпі, а таямнічы Мад (нечакана эфектная роля Мэцью Маконахі) — рамантычны ўцякач, які ўчыніў забойства ў імя каханай дзяўчыны; па сутнасці, індзеец Джо, які робіцца не ворагам, а саюзнікам сучасных Тома з Гекам. Няспынныя апладысменты на фінальных тытрах сведчылі не толькі пра талент Нікалса, рэжысёра насамрэч самабытнага, але і пра тое, што слова «каханне» ў загалоўку самога нашумелага канскага фільма паўстала зусім невыпадкова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?