46,5% зон адпачынку Беларусі маюць парушэнні санітарных норм, паведаміла загадчыца аддзялення камунальнай гігіены Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Жаўняк 28 мая на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, часцей за ўсё гэта няўчасная ўборка тэрыторыі пляжа; неабходнасць правядзення пакосу пустазелля, афарбоўкі малых архітэктурных форм (грыбкі, лаўкі і інш.); адсутнасць кантэйнераў для збору смецця або ўтрыманне іх неналежным чынам.

Як паведаміла Жаўняк, у сувязі з выяўленымі парушэннямі накладзена 10 штрафаў на больш чым 3 млн. рублёў, выдадзена 280 прадпісанняў, накіравана 86 паведамленняў у мясцовыя органы выканаўчай улады.

Па стане на 24 мая органы санэпіднагляду абследавалі 98% зон адпачынку. Усяго ў Беларусі 565 рэкрэацыйных зон.

Начальнік аддзела выкарыстання і аховы вод Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Сліж адзначыла, што зоны адпачынку звычайна зацвярджаюцца рашэннямі мясцовых выканкамаў да 1 чэрвеня. Сёлета ў Віцебскай і Гомельскай абласцях звычайныя тэрміны могуць зрушыцца на некалькі тыдняў з прычыны шырокага разліву рэк: дагэтуль затоплены шматлікія пляжы каля Прыпяці і няма магчымасці рыхтаваць іх да масавага адпачынку.

Паводле слоў Сліж, пры падрыхтоўцы да новага купальнага сезона ў месцах масавага адпачынку ў межах водаахоўных зон было ўладкавана больш за 450 аўтастаянак, больш як 700 грамадскіх туалетаў, больш за тысячу інфармацыйных знакаў і больш за тысячу кантэйнераў для смецця.

Як паведаміла начальнік аддзела вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі і добраўпарадкавання ўпраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Валянціна Качаноўская, ведамства курыруе 210 пляжаў у рысе населеных пунктаў. Акты гатоўнасці да прыёму наведвальнікаў атрымалі пакуль 61% пляжаў (астатнія былі затопленыя падчас паводкі). На гарадскіх пляжах размешчана 2.290 адзінак пляжнага абсталявання, 781 кантэйнер, 259 грамадскіх туалетаў, 137 аўтапарковак, 129 спартыўных пляцовак, 111 дзіцячых гульнявых пляцовак. 84 пляжы абсталяваныя пітным водазабеспячэннем.

Кіраўнік службы па добраўпарадкаванні УП "Мінскзеленбуд" Анжаліка Пузанкова паведаміла, што ў межах сталіцы ўстаноўлена шэсць зон адпачынку — Заслаўскае вадасховішча, Пціч, Цна, Вяча, Крыніца і Дразды. У гэтых зонах адпачынку працуе 25 пляжаў. 25 мая ўсе пляжы былі прызнаныя гатовымі да эксплуатацыі. Пляжы на тэрыторыі Камсамольскага возера сёлета не ўвайшлі ў спіс зон масавага адпачынку, аднак умовы для купання там прадугледжаныя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?