У савецкія часы была такая пастанова — дазвол часовай прапіскі для студэнтаў‑завочнікаў. Выкарыстаўшы, можна было паспрабаваць атрымаць бясплатнае жыльлё. Данута Лебедзева скарыстала свой шанец…

Горад даваў ёй незалежнасьць ад хваробы і магчымасьць самарэалізацыі. Інвалід зь дзяцінства. Вельмі складаны дыягназ. Больш за дваццаць пераломаў. Магчымасьць перамяшчацца толькі на мыліцах або вазку. Школа ў Івянецкім доме‑інтэрнаце. Вучоба на факультэце расейскае мовы і літаратуры пэдагагічнага інстытуту. Спадзяваньня на працу па спэцыяльнасьці не было, але… Дана жыла і дыхала вершамі і прозай, мовай. На апошніх курсах філфаку — сустрэча з будучым мужам. Аляксандра, запароскага хлопца, падарожны вецер закінуў у Менск. Горад спадабаўся, і спадабалася маладая жанчына на вазку, зь якой сустрэліся ў адных знаёмых. А ёй хацелася сям’і і моцнага мужчынскага пляча, разуменьня і падтрымкі. Любові? Напэўна… Дана і Саша разам 15 год. Іх сыну Пашу — 12, але гэта ўжо асобная гісторыя…

Жанчыне‑інваліду мець дзяцей забараняецца…

Дана разумела — цяпер ці ніколі. Яна вельмі хацела сына, муж таксама хацеў дзіця. Ім было цяжка. Дане трэба было заканчваць інстытут. У Сашы — невялікі заробак. Вырашылі — дадуць рады. Была кватэра, і пляны на будучыню — таксама былі.

Жанчыне ў такім становішчы патрэбна хоць крыху падтрымкі і такту, але спадзявацца прыйшлося адно на свае сілы і… веру ў Бога. Прыйшоўла агрэсію мэдыкаў і непрыняцьце таго факту, што жанчына‑інвалід хоча дзіця. Пасьпяхова прайшоўшы ўсе аналізы, яна зноў і зноў чула словы загадчыка аддзяленьня: «Вы інвалід. Вы не павінныя і ня можаце нараджаць. Навошта дзіцяці маці‑інвалід? Вазьміце лепш дзіця з дому‑інтэрнату!» Было крыўдна і балюча, але Дана мужна паспрабавала спрачацца і даказваць адваротнае. Тое, што многія рэчы па гаспадарцы яна здольная рабіць сама… Тое, што ёсьць муж і кватэра, муж працуе, а яна набывае вышэйшую адукацыю… І, нарэшце, тое, што ніхто ў нашай краіне не дазволіць чалавеку з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі ўсынавіць сірату. Не дапамагло. Жанчыне даказвалі адваротнае — вам павінна быць сорамна, што вы захацелі мець дзіця. Пасьля такога сутыкненьня з «самай лепшай і гуманнай на сьвеце мэдыцынай» прыйшлося хуценька здаць сэсію ды зьехаць на вёску да бацькоў — супакоіцца, прыйсьці ў сябе, адпачыць. Дана зьявілася ў больніцы, калі нельга было адкладваць: да апошняга моманту яна баялася прымусовага аборту…

Дана і Саша разумелі, што наўрад ці адважацца на другое дзіця — трэба ж улічваць здароўе Даны і нельга забывацца на праблемы фінансавыя. Ім бы вырасьціць‑выгадаваць першынца! Яны ўсё ведалі — свае магчымасьці і свае цяжкасьці. І ўсё ж… Маленькую (а рост Даны — 130 см) і мужную жанчыну паставілі перад фактам — гэта ня вашае рашэньне. Звычайная практыка беларускай мэдыцыны — стэрылізацыя жанчын‑інвалідаў падчас родаў. Вы — інвалід. Мы лепш ведаем, што патрэбна вам. Падпішыце паперы. Падпісала. Стамілася змагацца з постсавецкім маразмам. Галоўнае — дзіця. Толькі б нарадзіўся здаровенькі! Толькі б яму не перашкаджалі нарадзіцца!.. Жыцьцё цудоўнае і прыгожае, ён мае права ўбачыць і зразумець гэта. Пашка нарадзіўся здаровы — сын, падтрымка, надзея.

Ці разумелі вышэйназваныя дактары, што яны парушалі правы чалавека? І законы сумленьня.

І яшчэ. Нярэдкія выпадкі, калі маці‑алькагалічка нараджае восем, дзесяць дзяцей (іх нельга назваць здаровымі), а потым кідае на волю лёсу, дзяржавы і падаткаплатнікаў. Такой жанчыне ня сорам мець дзяцей? Пытаньне без адказу.

Звычайнае жыцьцё звычайнай жанчыны

Ужо восем год Дана працуе псыхолягам тэлефону даверу. Дома. Тэлефон і голас чалавека, якому цяжка і патрэбна дапамога, парада, падтрымка… Слова, зноўку СЛОВА, якое можа даць надзею або зьнішчыць яе. Калі не надзею — пазытыўны настрой.

Адукацыю псыхоляга Дана атрымала пасьля нараджэньня Пашы. Праца падабаецца. Падабаюцца зносіны з новымі людзьмі. Усім хочацца дапамагчы: «цяжкім» падлеткам, бабулям, што не знаходзяць паразуменьня з унукамі, людзям абмежаваных фізычных магчымасьцяў, якія зь цяжкасьцю атрымалі адукацыю, а цяпер ня могуць знайсьці працы, хлопцу, які паралізаваны на працягу шаснаццаці гадоў і імкнецца рассунуць межы свайго судакрананьня са сьветам (зь ім побач — толькі маці…).

Зразумела, галоўная прафэсія Даны — мама. Хвалюецца за сына. Засмучаецца няўдачам, радуецца посьпехам. Перажывае, што Пашка, як і многія тынэйджары, мала чытае… Спрабуе выправіць такую сытуацыю.

Прыгажосьць выратуе сьвет? Магчыма. Дану заўжды ратуе прыгажосьць прыроды і… мастацтва: карціны, кнігі, тэатар. Ня так даўно з дапамогай пляменьніка трапіла на балет. Надвор’е было жудасна дажджлівае. Выйшаўшы з машыны, Дана ўбачыла, што «ўсе маляўнічыя агеньчыкі начнога гораду адлюстроўваюцца на мокрым асфальце…». Яна заўважае мноства залацістых дзьмухаўцоў увесну, зыркія фарбы лета, чырвоныя клёны на фоне блакітнага неба восеньню, дрэвы ў сьнезе ды шэрані зімой… Прыгажосьць прыроды — тое, што заўважае чалавек са шчырым сэрцам і сьветлай душой. Тэатар — таксама цудоўна, але трапіць вазочніку ў любы тэатар Менску перашкаджае вялікая колькасьць прыступак. Хтосьці падумае: тэатар, кіно, карцінная галерэя — ня самыя неабходныя рэчы ў жыцьці. Але ж… Ня хлебам адзіным жыве чалавек. Кожны выбірае па сабе — і нельга пазбаўляць іншых права выбару.

На разьвітаньне Дана сказала: «Заўжды трэба шукаць варыянты рашэньня пастаўленых лёсам задач. Нават калі штосьці здаецца немагчымым — гэта вырашаецца лёгікай рэчаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?