17.58.
Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук не дачакала прыходу судовых выканаўцаў, сышла. Таму сёння высялення дакладна не будзе — без прысутнасці спадарыні Пінчук гэта немагчыма.
17.50.
Прыйшлі два чалавекі, праўдападобна, судовыя выканаўцы. Аднак, пабачыўшы журналістаў, у пад'езд не пайшлі. Пастаялі каля дома, папрасілі ў фотакарэспандэнта "Нашай Нівы" цыгарэтаў і сышлі...
17.35.
Каля офіса сабраліся каля 15 чалавек — праваабаронцы, журналісты. Судовых выканаўцаў пакуль няма, хаця час, імі прызначаны, ужо прайшоў. Як кажуць праваабаронцы, у кватэры засталася шафы, сталы, крэслы і адзін тэлефон. Ніякай камп'ютарнай тэхнікі ў кватэры даўно няма, паведамляе Еўрарадыё.
***
Яны маюць намер апісаць маёмасць асуджанага кіраўніка цэнтра Алеся Бяляцкага. Праваабаронца Таццяна Равяка напісала ў сваім Фэйсбуку, што іх папярэдзілі: «У бліжэйшую гадзіну да нас у офіс прыйдуць судовыя выканаўцы, якія апішуць маёмасць, вызначаную ў межах крымінальнай справы Алеся Бяляцкага».
Судовыя выканаўцы выклікалі жонку Алеся Бяляцкага, каб яна прысутнічала пры працэдуры вопісу маёмасці.
Як паведамляюць праваабаронцы, кватэра на праспекце Незалежнасці, у якой месціцца офіс зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна», была набытая ў 2000 годзе. Па ўзгодненым рашэнні рады кватэра была аформленая на прыватную асобу, у ёй быў афіцыйна зарэгістраваны Алесь Бяляцкі. Дзякуючы таму, што офіс з’яўляўся прыватнай уласнасцю, «Вясна» змагла прапрацаваць у ім 11 апошніх гадоў.
Нагадаем, што праваабаронца Алесь Бяляцкі быў асуджаны ў лістападзе 2011 года на 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго звінавацілі ў нявыплаце падаткаў з замежных рахункаў. Грошы на тых рахунках прызначаліся на праваабарончую дзейнасць. Бяляцкі намінаваны шэрагам еўрапейскіх палітыкаў і арганізацый на Нобелеўскую прэмію міра.
Па стане на 18.00 праваабаронцы нікога ў офіс не запускалі.