Актывіст міжнароднай маладзёжнай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Раман Васільеў 28 мая асуджаны яшчэ на 12 сутак адміністрацыйнага арышту. Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, такі прыгавор вынесла суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Матыль.

Падчас судовага разбору суддзя задаволіла хадайніцтва аб праглядзе матэрыялаў камер назірання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Аднак, як і ў ходзе разгляду спраў актывістаў «МФ» Дзмітрыя Крамянецкага, Уладзіміра Яроменка і Паўла Вінаградава, з ЦІП паведамілі, што камеры назірання не працавалі. Таксама Матыль адхіліла хадайніцтва аб атрыманні з ЦІП звестак аб часе дастаўлення і вызвалення актывіста «Маладога фронту».

Васільеў павінен быў выйсці на волю 26 мая пасля адбыцця 12-сутачнага арышту за вывешванне нацыянальнага сцяга ў гадавіну рэферэндуму аб змене сімволікі. Аднак у дачыненні да яго быў складзены новы адміністрацыйны пратакол. Праваабаронцы адзначаюць, што падобная гісторыя адбылася на мінулым тыдні з паплечнікамі Васільева — Яроменкам і Крамянецкім.

23 мая з ЦІП не быў вызвалены Яроменак, якога на наступны дзень асудзілі на 10 сутак арышту за дробнае хуліганства. 24 мая пасля адбыцця 10-сутачнага арышту ў ЦІП на Акрэсціна застаўся па новым абвінавачанні Крамянецкі. 25 мая Матыль прыгаварыла яго яшчэ да 10 сутак арышту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?