Акрэсціна не пустуе. Тэрмін за тэрмінам атрымліваюць актывісты Маладога Фронту — пратэставай, нон-канфармісцкай арганізацыі моладзі.

Пасля заканчэння апошняй адседкі маладафронтаўцы нават не выйшлі самастойна за сцены ізалятара — іх адразу прывезлі ў самы справядлівы суд на свеце і далі новыя «суткі».
Згодна з пратаколамі, усё выглядае законна: вызваліўся, выйшаў з ЦІП незаўважаным паплечнікамі, якія стаялі ля дзвярэй, паехаў у Малінаўку, мацюкнуўся — і зноў на Акрэсьціна ў ізалятары.
Дзяжурныя з ЦІП і РУУС на пытанні родных і сяброў затрыманых халодным голасам адказваюць: «Освободился по времени».
На пытанне, ці бачылі вы яго на выхадзе, кожны дзяжурны дае даслоўна такі самы адказ, некаторыя, праўда, апускаюць вочы долу.
На судзе над Змітром Крамянецкім хадайніцтва адваката аб праглядзе відэа з камер задаволілі, але гэта не ўратавала Змітра ад наступнага тэрміну, бо ў гэты дзень відэакамеры сталічнага ізалятара... «не працавалі».

Юнакоў вінавацяць у адным і тым жа — брыдкаслоўі, прысуджваюць аднолькавыя 10 сутак арышту, і ў самай чэснай пракуратуры свету гэтыя факты не выклікаюць здзіўлення.

Як распавёў адзін з затрыманых праз адваката, супрацоўнікі КДБ падчас допытаў у Цэнтры ізаляцыі адкрытым тэкстам паведамілі маладафронтаўцам: «Будзеце сядзець, покуль не з'едзе Пуцін!»

«Закладнікі ў цэнтры Еўропы», — піша пра сітуацыю сайт mfront.net.

* * *

Адміністрацыйныя арышты адбыліся:

Раман Васільеў асуджаны 15.05 на 12 сутак, 26.05 — на 12;

Уладзімір Яроменак асуджаны 17.05 на 7 сутак, 24.05 — на 10;

Зміцер Крамянецкі асуджаны 15.05 на 10 сутак, 25.05 — на 10;

Міхась Мускі асуджаны 9.05 на 10 сутак, з ізалятара яго адвезлі ў вайсковую часць пад Лепелем, дзе ён будзе служыць;

Мікола Дземідзенка 27.04. асуджаны на 15 сутак, за кратамі трапіў у бальніцу і ў яго неадбытымі застаюцца 3 сутак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?