Пад такой назвай адбылося мерапрыемства па ўшанаванню памяці самага маладога класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча ў яго музеі ў Мінску. 120 гадоў таму нарадзіўся будучы беларускі паэт. І ўжо 95 гадоў, як ён вярнуўся на неба.

Няпоўных шэсць з іх Багдановіч правёў на Беларусі, але як моцна любіў ён Радзіму! Таму, напэўна, абсалютна заслужана, калі і гэты год пройдзе пад дэвізам «Максіму — 120 гадоў!»
Бо, як адзначала дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Таццяна Шэляговіч, дзень нараджэння ў яго быў у канцы мінулага года, у снежні. І цяпер, менавіта на працягу гэтага года, паэту сто двадцаць. І вось «пад зоркай Максіма» 25 мая зноў сустрэліся аматары яго творчасці.

Існуе даўняя традыцыя распачынаць мерапрыемства з ускладання кветак ля помніка паэту. І ў гэтым годзе

выказаць свае шчырыя словы любові і павагі да паэта сабраліся тыя, хто з’яўляецца сапраўднымі прыхільнікамі творчасці М.Багдановіча,
пачынаючы ад маленькіх школьнікаў да сталых спраўджаных грамадзян. Не маглі не засведчыць значнасці гэтай асобы ў гісторыі нашай краіны, сучасныя дзеячы культуры і літаратуры, сярод якіх першы дырэктар Літаратурнага музея М.Багдановіча Міхась Пазнякоў, Заслужаны дзеяч мастацтваў, аўтар мастацкай канцэпцыі музея Эдуард Агуновіч, беларускі пісьменнік, намеснік старшыні рэспубліканскага грамадскага савета па культуры і мастацтве пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь Анатоль Бутэвіч, паэтка Людміла Хейдарава, сваячка паэта па бацькавай лініі Вольга Дашкоўская. Для кожнага з іх Максім не толькі быў, ён і сёння жывы праз свае творы, праз сваё служэнне Беларусі.

Многія людзі, у тым ліку і хрысціяне, вераць, што душа чалавека не памірае. Таму мы павінны ўспамінаць спачылых і перад Богам, асабліва ў дні іх зямной смерці. Па-традыцыі

ў Свята-Петра-Паўлаўскім саборы адбылася паніхіда па Максіму, яго спачылых родных і блізкіх.
М.Багдановіч пакінуў на зямлі светлы след сваіх спраў. За свой кароткі век ён зрабіў усё, што мог. І памяць людская пра М.Багдановіча, напэўна, і праз сто гадоў не затухне на нашай зямлі. І па словах спадзявання, выказаных пасля памінальнай малітвы іерэем Мікалаем Багдановічам, яна будзе жывая і за межамі Беларусі, дзе таксама шануюць выдатнага творцу.

І насамрэч, паэта любяць не толькі ў нашай краіне. У гэтым упэўніўся і пісьменнік А.Бутэвіч, які падзяліўся сваімі думкамі на літаратурна-музычнай імпрэзе ў Літаратурным музеі М.Багдановіча. Анатоль Іванавіч быў вельмі ўзрушаны, калі напрыканцы мінулага года, у дні шанавання Максіма Багдановіча ў Ялце, далёка ад Беларусі, яму давялося пачуць верш, прысвечаны паэту з вуснаў маленькага дзіцяці на чысцюткай беларускай мове. Каб ушанаваць памяць, выступіць з адной ці дзвюма песнямі прыязджалі за свой кошт з розных куткоў Украіны прадстаўнікі беларускай дыяспары.

Спадар Анатоль выказаў адну крыху сумную думку: беларускую мову і культуру больш любяць і шануюць не на радзіме, а ўдалечыні ад яе… Можа гэта павінна нас прымусіць задумацца, ці не прыйшоў час змяніць да нацыянальнага свае часам прахалодныя адносіны?..

Праўда, многія беларусы гэта ўжо разумеюць даўно. Ці не таму рупяцца яны над выданнем творчай спадчыны нашых выбітных дзеячаў літаратуры і культуры, над пераасэнсаваннем і сучасным яго прачытаннем? Пры жыцці Максім Багдановіч пабачыў толькі адну сваю кнігу «Вянок». Сёння яго спадчына адкрыта чытачу праз трохтомнае выданне. Да 120-годдзя паэта вышаў россып найцікавейшых кніг, у тым ліку ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Здавалася, што б яшчэ новага можна сказаць пра М. Багдановіча. Але з кожнай новай кнігай мы адкрываем для сябе цікавыя факты, маем магчымасць пад іншым ракурсам глянуць на ўжо вядомыя акалічнасці.

Выдатную працу ў гэтым накірунку правёў госць мерапрыемства, укладальнік кнігі «Максім Багдановіч: вядомы і невядомы» Ціхан Чарнякевіч.
Дырэктар музея Таццяна Шэляговіч адзначыла, што гэтая кніга будзе карыснай і цікавай нават для тых, хто доўга працаваў у музеі паэта і прачытаў шмат інфармацыі пра яго. Нельга было не ўспомніць і пра выданне «Максім Багдановіч» (серыя «ЖЗЛ»), якое павінна стаць падмуркам для тых, хто хоча больш падрабязна пазнаёміцца з асобай паэта. Грунтоўным і важкім словам пра М.Багдановіча стала і энцыклапедыя «Максім Багдановіч». Няхай сабе гэта і не кропка ў той даследчыцкай справе, якая ўрэшце прыйшла да завяршэння, але хоць бы шматкроп’е. І, можа, калі-небудзь супрацоўнікі Літаратурнага музея М.Багдановіча зноў стануць ініцыятарамі, на гэты ўжо раз пераапрацаванага і дапоўненага выдання. У гэтым рэчышчы
адна з актыўнейшых стваральніц энцыклапедыі, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Літаратурнага музея М.Багдановіча Ірына Мышкавец звяртаецца да ўсіх, каму цікава асоба і творчасць паэта не маўчаць, а пісаць свае заўвагі, прапановы, каб наступнае выданне стала яшчэ лепшым.

Але, нягледзячы на безліч кніжных навінак, сучасны чалавек усё меней звяртаецца за ведамі да кнігі. Перавага яго часцей скіравана да інтэрнэта і тэлебачання. Вялікая ўдача, што ў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь працуюць людзі, неабыякавыя да беларускай культуры. Тут

нельга не згадаць пра аўтарскі Алега Лукашэвіча «Эпоха», сярод 50 серый якога 4 прысвечаныя М.Багдановічу.
Алег Лукашэвіч прыйшоў на імпрэзу не з пустымі рукамі — дыск з фільмам, у якім у цікавай форме, сучаснымі сродкамі прадстаўлена бачанне часу паэта, сама яго шматгранная асоба зойме дастойнае месца ў фондах музея.

Памяць М.Багдановіча ўшаноўваеца па-рознаму. І ў кожнага віда мастацтва свае сродкі ўздзеяння. А калі талент паэта памнажаецца на талент акцёра, то застацца абыякавым не магчыма. Для артыстаў тэатра «Жывое слова», напрыклад, Максім Багдановіч не проста паэт, гэта амаль родны для іх чалавек, бо тыя вершы, якія выбіраюць для прачытання хлопцы і дзяўчаты, перажываюцца імі, з’яўляюцца неад’емнай часткай іх жыцця. І кожны іх выступ у Літаратурным музеі М.Багдановіча — проста падарунак для наведведвальнікаў.

Асабліва кранае, калі на творчасць М.Багдановіча адгукаюцца дзеці. Каб зацікавіць іх непраграмным М.Багдановічам

быў абвешчаны мастацкі конкурс «Зорка Венера», які праводзіўся па ініцыятыве выдавецтва «Пачатковая школа». Вынікам яго сталі каля двухсот пераможцаў у розных жанрах і тэхніках.
Намеснік дырэктара выдавецтва Вольга Ваніна запэўніла, што дзецям з розных куткоў Беларусі М.Багдановіч вельмі блізкі. А часопіс з работамі пераможцаў, закладкі з вершамі паэта і дзіцячымі ілюстацыямі да яго, падораныя падчас імпрэзы, таксама знойдуць месца ў фондах музея.

Дарэчы, да мерапрыемства была падрыхтаваная выстава з фондаў, на якой былі прадстаўлены розныя юбілейныя выданні (юбілейная манета, медаль, шэраг кніг, праграмы канцэртаў, канферэнцый, фотаздымкі і г.д), якія выходзілі на працягу 2011 г. і былі прысвечаны М.Багдановічу.

У выніку хочацца прыцягнуць увагу да апошняга Максімавага верша, які пісаў ён далёка ад Радзімы, ад родных і сяброў: «У краіне светлай, дзе я ўміраю // у белым доме ля сіняй бухты // я не самотны, я кнігу маю // з друкарні пана Марціна Кухты». Можа, і стараўся сам сябе пераканаць паэт, што ён не самотны, не адзін. Але гэта так і ёсць. Упэўніваемся ў гэтым пасля кожнага такога мерапрыемства. Максім Багдановіч, ты не адзін, мы ўсе разам з табой, і «…усе мы разам ляцім да зор»!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?