Разьмеркаваньне выпускнікоў мэдунівэрсытэта (БДМУ) прайшло 21 сакавіка. Болей за 400 чалавек атрымалі свой «квіток» на працу. Як гэта было і хто будзе працаваць у лепшых лякарнях?

Выпускніца БДМУ Кася, ужо амаль патолягаанатам у Маладзечна, распавяла як праходзіў гэты працэс пад напоўненым для студэнтаў зьмяшанымі эмоцыямі словам – разьмеркаваньне.

«На кожнага студэнта было недзе 30‑40 сэкундаў. Заходзіш, сядаеш, пасьпяваеш сказаць «замужам‑нязамужам», прапіску – і ўсё – дзе будзеш працаваць, ужо вырашылі. Я заходзіла ў першай сотні студэнтаў – там збольшага месца працы супадала з тым, якое было на пераразьмеркаваньні. А вось ужо ў другой сотні многія выходзілі са сьлязьмі, бо многіх з горадоў кінулі на вёскі.»

Касіна сяброўка вучылася па мэтавым накіраваньні і ад пачатку свайго навучаньня ведала, што будзе працаваць у Маладзечна, дзе й нарадзілася. Але ў апошні момант высьветлілася, што заплянаванага месца працы няма. Цяпер студэнтка зь лёгкай рукі камісіі паедзе працаваць мэдыкам у Копыль.

Чарга трапляньня да камісіі па разьмеркаваньні, як адзначаюць іншыя студэнты, залежала ад твайго сярэдняга балу. Але ня проста ад балу па пасьпяховасьці навучаньня. Некаторыя пры навучаньні па пяцібальнай сыстэме мелі 20 балаў, а то й болей, бо да сярэдняга балу дадаваліся таксама разнастайныя грамадзкія працы.

Так, удзел у спартовых спаборніцтвах, у БРСМ, сьпеўных кружках, праца старастаў і прафсаюзьнікаў на плынях і ў інтэрнатах, навуковыя працы – усё гэта дадатковыя балы. Такім чынам, у лепшых лякарнях будуць працаваць няхай і троечнікі, але ж з досьведам грамадзкай працы, пастаўленымі галасамі і спартовымі разрадамі.

Воля Кузьміч, Studenty.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0