02.06.2012 / 12:01

Спачатку зямлю далі ў пажыццёвае карыстанне, а затым адабралі 2

Абяцалі рассяліць у дзве кватэры, а ў выніку далі адну.

Дом 37 на вуліцы Тыражнай належаў дзеду Вячаслава Шварумяна. Зямельны надзел той атрымаў яшчэ да вайны. Пасля яго смерці хату падзялілі нашчадкі. Так Вячаслаў і атрымаў сваю частку. А ў 2008-м даведаліся, што дом падлягае зносу, а зямлю забірае дзяржава.

Ульяна, былая жонка Вячаслава, развялася з ім за год да высялення. Але жыла разам з мужчынам і дзвюма непаўналетнімі дочкамі. У ліпені 2008-га яны атрымалі ліст ад дырэктара адной будаўнічай фірмы. У ім паведамлялася, што ўсе жыхары дома запрашаюцца для разгляду пытання аб перасяленні. У выпадку нез’яўлення цягам пяці дзён дырэкцыя фірмы пагражала падаць у суд на прымусовае высяленне.

У лісце гаварылася пра знос дома на дзяржаўныя патрэбы, што, па словах дырэктара фірмы, замацавана адпаведным рашэннем Мінгарвыканкама ў 2007-м (насамрэч толькі 30 кастрычніка 2008 гарадскія ўлады прынялі такое рашэнне). У ім гаворыцца аб перадачы канфіскаваных надзелаў у часовае карыстанне фірме пад будаўніцтва.

У часе сустрэчы, па словах Ульяны, было дамоўлена, што гэтая фірма набудзе для Вячаслава і яе дзецей асобныя кватэры (жанчына не з’яўлялася саўласніцай дома, таму не прэтэндавала на асобную кватэру і для сябе). Яна тады падабрала сабе 3-пакаёўку на вул. Мірашнічэнкі. А Вячаслаў папрасіў выкупіць яму 1-пакаёўку — у Бараўлянах. Ульяна кажа, што не прагнула новай кватэры ў цэнтры. Галоўнае для яе — раз’ехацца з былым мужам.

Да кастрычніка 2009-га кватэраў так і не аформілі. Мужчына пабачыў кватэру ў Бараўлянах і адмовіўся ў яе перасяліцца, пакуль там не выправяць хібы:
былі скручаны лічыльнікі, адсутнічала пліта на кухні. Урэшце ў лютым 2010 будфірма падала заяву ў суд аб прымусовым высяленні Шварумянаў.

На судзе фігуравала толькі адна кватэра для ўсіх — на вул. Мірашнічэнкі. І 2 красавіка 2010-га было вынесена рашэнне аб высяленні сям’і Шварумянаў. Тут адбылася трагедыя: Вячаслаў павесіўся.

На 13 верасня 2010 прызначылі высяленне сям’і. Жанчына запратэставала: два гады ў кватэры на Мірашнічэнкі не была, не бачыла яе стан. Паехала туды і ўбачыла жах — туалет разбіты, усюды антысанітарыя. Перасяляцца адмовілася. Калі прызначылі паўторнае высяленне, у кватэры пафарбавалі падлогу, адрамантавалі прыбіральню. Будаўнічая фірма яшчэ выплаціла 3 мільёны рублёў (на той час гэта была тысяча даляраў) «для выпраўлення недахопаў кватэры сваімі сіламі».

…Ульяна адзначае, што матэрыяльных прэтэнзій не мае да будаўнічай фірмы. Але яна абурана сістэмай. Спачатку зямлю далі ў пажыццёвае карыстанне, а затым адабралі. Закон не на баку ўласніка, упэўнена Ульяна.

Цяпер на месцы дома на Тыражнай, 37 будуецца жылы комплекс. Квадратны метр у навабудзе каштуе 1180–1250 у.а.

Сяргей Макарэвіч

0
Просты саўгаснік / Адказаць
03.06.2012 / 17:42
Еще один пример тому, что в этой стране нам ничего не принадлежит. Удивляюсь людям, которые кричат о любви "к своей стране", с чего это она вдруг ваша? Мы все и дышим-то только с великодушного разрешения царя-батюшки.
0
Bert / Адказаць
06.06.2012 / 17:15
Нічога не зразумеў. Тое, што гэтыя клапоўнікі трэба зносіць - даўно вядома. Фірма кватэру дала, прэтэнзій да яе няма, як я разумею. Заканчэнне ўвогуле ідыетскае -- зямлю далі "ў карыстанне", але закон не на баку "уласніка"????
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру