За апошні тыдзень суддзя Таццяна Моталь адправіла трох маладафронтаўцаў — Уладзіміра Яроменку, Змітра Крамянецкага, Рамана Васільева — на чарговыя адміністрацыйныя арышты. Усіх трох прывозілі на суды непасрэдна з-за кратаў, дзе тыя адбывалі папярэднія «суткі». За тыдзень да гэтага маладафронтаўца Міхася Мускага з сутак адправілі служыць у войска.

Сітуацыю вакол арыштаў пракаментаваў адзін з заснавальнікаў «МФ», палітвязень Павел Севярынец.

«Наша Ніва»:У чым значэнне гэтых «канвеерных судоў»?

Павел Севярынец: Па-першае, у «Маладым Фронце» вырасла новае пакаленне. Гэта — Крамянецкі, Мускі, Пратасевіч. Яны гатовы ахвяравацца, вывешваць сцягі, адкрыта выходзіць дэманстраваць. І, безумоўна, улады хочуць збіць гэтую хвалю. Тым больш, што быццам усю апазіцыю «прыгладзілі», а тут на табе — маладыя актыўныя хлопцы.

Па-другое, чакаецца прыезд Пуціна. Татальная зачыстка ўключае ў сябе нейтралізацыю ўсіх больш ці менш адважна настроеных маладых людзей. «Маладога Фронту» рэжым традыцыйна баіцца. І правільна робіць.

Хлопцаў спрабуюць і ў войска запхаць. Могуць і крымінальную справу сфабрыкаваць. Не выключана, што і вярбоўка ідзе, пакуль яны на сутках. Да Яроменкі дакладна прыходзіў чэкіст. Думаю, супрацоўнікі КДБ спрабуюць слабыя месцы знайсці, пераканаць неяк. Калі я апошні раз быў на Акрэсціна, зразумеў, што справа са «стукам», як кажуць, пастаўлена значна больш шырока, чым гадоў дзесяць таму — у разгар маёй маладафронтаўскай дзейнасці.

«НН»: Якім чынам павінна праяўляцца гэтая салідарнасць?

ПС: Для пачатку дастаткова сабрацца і прыняць заявы, і пачаць метадычна абыходзіць усе ўстановы, адказныя за гвалт супраць маладых людзей: пракуратуры, КДБ, МУС… Чым больш будзем паказваць, колькі людзей супраць незаконных дзеянняў, тым лепш. Бо яны расслабляюцца ад беспакаранасці. Відаць, як норма ўспрымаецца, што хлопцаў прапускаюць праз гэты «суткавы канвеер».

Трэба сабрацца і ўсім разам прыехаць 16 чэрвеня на прысягу да Міхася Мускага. Падтрымаць іх сем’і — зрабіць нейкі ўнёсак, грашовы перавод, каб людзі не пачуваліся кінутымі. Як бацькі глядзяць на хлопцаў: маўляў, вы прыносіце праблемы, вы лезіце куды не трэба замест таго, каб вучыцца. Хлопцы адстойваюць гонар Беларусі, а грамадства абыякава маўчыць.

«НН»: Што Вы перадалі б тым хлопцам, якія адбываюць суткі, і тым людзям, якім давядзецца трапіць пад суды?

ПС: Трэба памятаць, што ўсё ў руках Божых. Суткі, якія дае рэжым, трэба выкарыстаць для малітвы, самаадукацыі, для аналізу дзейнасці. Гэта час, які быў досыць плённым у нашага пакалення маладафронтаўцаў. У рэшце рэшт памятаць: Верым! Можам! Пераможам! Трэба размаўляць з няшчаснымі людзьмі, якія туды трапілі, і з міліцыянтамі. Размаўляць і пераконваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?