Днямі экс-мінчук Барыс Гельфанд прайграў матч за шахматнае чэмпіёнства ў фінале з Анандам, хоць і меў шанцы перамагчы.

Уся гэтая абсалютна праўдзівая гісторыя здарылася годзе дзесьці ў 1993—1994, калі Барыс Гельфанд, тады яшчэ беларускі гросмайстар, падаваў шахматныя надзеі і, як цяпер высвятляецца, дакументы на ПМЖ у Ізраіль.

Гросмайстар жыў у Мінску на вуліцы Кузьмы Чорнага непадалёк ад Батсаду, за сто метраў ад крамы «Тысяча дробязяў».
У тым самым доме жыў мой аднакласнік. Назавём аднакласніка Ераміем, паводле біблійнага Ераміі, што ўзносіў свой фірмовы плач, — усё таму што ў гэтай гісторыі аднакласнік будзе шмат бедаваць і плакацца ад несправядлівых і справядлівых кар. Сапраўднага імені не скажу: нашто ўскідваць на вочы грахі юнацтва даросламу сур’ёзнаму чалавеку? Хоць, па шчырасці, калі апошні раз я бачыў Ерамію на афіцэрскіх курсах у Тэль-Авіве гадоў пяць таму, ён дарослым і сур’ёзным яшчэ не стаў: у звальненні вырашыў пасмаляць з «М-16» па пустэльным беразе Міжземнага мора з акна кватэры ды ўпоцемку прастрэліў нагу выпадковаму аматару прыбярэжнай рамантыкі.

Дык вернемся да гісторыі пра залаты медаль. Калі Барыс Гельфанд выпраўляўся на спаборніцтвы, яго мама, з якой ён жыў у кватэры на Чорнага, таксама з’язджала да сваякоў, каб не быць адной. І давала суседзям і сябрам — бацькам Ераміі — ключ ад кватэры, каб тыя палівалі кветкі.

І вось аднойчы, вярнуўшыся з чарговай паездкі, Барыс Гельфанд выявіў у кватэры сякія-такія нястачы.
Гросмайстар, чалавек аналітычнага складу, хутка і абсалютна справядліва вылічыўшы Ерамію, сказаў ягоным бацькам гэтак: «Мы ўсе ў гэтым доме людзі не чужыя. Ваша мама мыла пялюшкі мне. Мая мама — вашаму Ераміі. І калі мы капнём далей, дык наша мінулае — суцэльнае радовішча з агульных пялюшак, але я не пра гэта... Я гатовы дараваць вашаму сыну разведзеную на сто працэнтаў вадой гарэлку, якую я пакідаў у бары серванта на чорны дзень, і нават скрадзены з бруха парцалянавага Рабіндраната Тагора залаты ланцуг, які я ашчадзіў на тую ж дату. Дарую ўсе страты, акрамя адной рэчы — і ваш непаўналетні бандыт Ерамія ведае якой менавіта. І калі гэтай рэчы не будзе праз 24 гадзіны, дык я маю намеры заявіцца ў міліцыю на Інструментальным завулку».

Усю гэтую Барысаву тыраду мне слова ў слова паўтарыў сам Ерамія, калі пануры прыцёгся да маёй кватэры і прадэманстраваў спярэшчаны чырвонымі пісягамі азадак.

Але што такое бацькава папруга, нават тысяча бацькавых папруг, у параўнанні з дзіцячай калоніяй?

Пакуль чытач мяркуе сабе, што гэта магла быць за такая каштоўная штучка-дручка, я дараспавяду некаторыя важныя факты пра Ерамію.

У школе, калі ты руды і яшчэ ў дадатак габрэй, дык ты без шанцаў. І толькі не трэба мне пра адсутнасць тут антысемітызму, бо я нервовы. Гэтак вы прыпадабняецеся да інжынера Івана Стасюка, удзельніка публічнага дыспуту на тэму «Ці ёсць антысемітызм у БССР?», што ладзіўся адным майскім вечарам на лавачцы ў дварэ Ераміявага-гельфандаўскага дома. На гэтым векапомным дыспуце баба Фаня з райана, прывёўшы шматлікія асабістыя прыклады і выпадкі з жыцця, здаецца, пераканаўча давяла, што антысемітызм, родненькі, ёсць, Іван Стасюк высунуў у супрацьвагу геніяльны ў сваёй вытанчанасці сілагізм: «Антысемітызму тут няма, дарагая Фаня Міхелеўна, бо я яго не адчуваю».

Дык вось, у школе Ерамію за адхіленні ад колеравай і нацыянальнай нормы лупцавалі штомоцы. Абражалі — яшчэ больш. І гэта доўжылася, пакуль на сёмым годзе біцця Ерамію не выратавала карцёжная гульня «рамс» на грошы. Не маючы здольнасцяў да спаборніцтваў і да тактыкі, на дзіва ўсёй школе Ерамія гуляў ад рана да рана, нават не наведваў заняткаў. Уваходзіў у гульню: крычаў, лётаў вакол, нервова соўгаўся і рыкаў ад нецярплівасці. Падпільноўваў, як гуляюць іншыя, рупна і доўга выпрацоўваў тактыкі ставак, блефу і хаджэння ва-банк. І заўсёды прайграваў.

Можа, у школе Ерамію і сталі лічыць яшчэ большым лашком, аднак я заўважыў цікавую акалічнасць: цяпер Ерамію перасталі лупцаваць. І зневажаць яго сталі значна менш.

Дзіва што. Суперніка, нават самага зненавіднага, не б’юць — бо ён жа не здолее ўзяць у рукі карты, якімі прагульвае табе грошы. І зневажаць таксама не рэкамендуецца — праціўнік можа пакрыўдзіцца і будзе сядзець дома, ды ягоныя багацці застануцца пры ім. Думаю, гэтак Ерамія, свядома прайграючы і стрымліваючы сваю гульнёвую спрактыкаванасць, купляў сяброў, а дакладней — падкупляў ворагаў. Вёў сваю партыю: паспяхова затыкаў хлебам рот злосніку свайму. І толькі каб выратавацца ад лупцоўкі, Ерамія гарэлку развёў вадою, а сям’ю Гельфандаў — на грошы. І потым, відаць, ад катастрафічнай нястачы прызавога фонду, створанага для падачак крыўдзіцелям, Ерамія сцягнуў тую рэч, якую скрадаць у гросмайстра нельга было ну ні ў якім разе.

Пачуўшы пра катэгарычныя Гельфандавы ўмовы ад панурага Ераміі, які цяпер на запрашэнне пасядзець сціпла адмаўляўся, я паабяцаў сябру, што дапамагу з пошукамі.

І пачаўся наш 24-гадзінны марафон.
Ерамія прыгадваў маршрут сваіх рамсавых гастроляў, і мы беглі па адрасе: з Чорнага на праспект, з праспекта на Валгаградскую, Коласа, Трэцюю Пасялковую, нават з’ездзілі ў Серабранку да нейкага былога аднакласніка, які колісь вучыўся ў нашым раёне і разок перакінуўся з Ераміем у парцейку. За зварот каштоўнай рэчы Ерамія прапаноўваў былым супернікам па рамсе любыя багацці. Ушчуваў, плакаў, прасіў дазволу на вобшук хаты, станавіўся ля вушака дзвярэй на калені.
І здарыўся цуд: у кватэры нашага аднакласніка, Дзяніса Кажарчука, у вазачцы з паламанымі алоўкамі мы знайшлі тое, што беларускі гросмайстар Барыс Гельфанд ацаніў значна вышэй за ювілерны выраб і стратэгічныя запасы алкаголю.

Ерамія цалаваў Дзянісу ногі. Неяк па-дзявочы абяцаў думаць пра яго з удзячнасцю штовечар перад сном (маліцца тады мы яшчэ не ўмелі). Пакуль ён гэта рабіў, Дзяніс Кажарчук распавёў, як Ерамія, прайграўшы ў гэтай кватэры ўсе свае запасы грошай, пару пляшак разведзенай гарэлкі і яшчэ нейкую металічную нядбаліцу, нават не паспрабаваў адгуляцца і адразу сышоў. Потым рэзаліся ў карты без Ераміі, але гульцы не маглі сцяміць: як ацаніць гэты, падобны да юбілейнага рубля (але ўсё ж не рубель, бо без наміналу) — латунны кругляк?

Тое, што цяпер сціскаў шчаслівы Ерамія ў руках, было Гельфандавым залатым медалём за сканчэнне мінскай школы без адзінай чацвёркі.

Вось так. Потым я з’ехаў у Ізраіль, дзе меў яшчэ адну каляшахматную прыгоду, якая дазволіла мне сабраць матэрыял для апавядання «Як я выратаваў Гары Каспарава ад пэўнай смерці».

Гэтае апавяданне я напішу некалі потым. Відаць, калі Гары выйграе які-небудзь чэмпіянат. Бо як жа інакш, без асаблівай інфармацыйнай нагоды, выцягваць на свет Божы гульню, якая і недаспорт, і бесперспектыўны навіновы перастарак? Гульню, на якую ўсе энергічна забыліся, як забыліся колісь на залаты медаль Барыса Гельфанда ў купе паламаных алоўкаў? Бо як інакш, без мудрагелістых уступаў і залішніх прабачэнняў, прыгадаць людзей, якія быццам і жылі-былі па тутэйшых дварах, але ад якіх цяпер амаль ні следу, ні зыку? Бо як жа інакш, зусім без нагодаў, узяць і апісаць сваё юнацтва, якое, як упарта сведчаць усе навакольныя прыкметы, не існуе ўжо нідзе, за выключэннем нашай памяці?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?