Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі выявіў высокія страты дзяржаўных сродкаў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы Мінска.
Аб эфектыўным выкарыстанні дзяржаўных сродкаў і маёмасці ў ЖКГ сталіцы ішла сёння размова на пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржкантролю.

Як адначыў старшыня камітэта Аляксандр Якабсон, ёсць маса беспарадкаў, вялікі аб’ём парушэнняў у гэтай сферы, што прымусіла КДК дэталёва прааналізаваць сітуацыю. У многіх выпадках ад няправільна прынятых кіраўніцкіх рашэнняў узніклі страты дзяржаўных сродкаў. Правераны толькі 25 арганізацый са 182 дзеючых у жыллёва-камунальнай гаспадарцы горада. Але на кожным правераным прадпрыемстве выяўлены недахопы. Агульная сума страт дзяржсродкаў склала Br48 млрд.

«Калі пралічыць, што такія ж страты могуць быць у іншых арганізацыях, то агульная сума можа скласці амаль Br120 млрд.», — выказаў меркаванне старшыня камітэта. У некаторых буйных гарадах такая сума складае затраты на развіццё ЖКГ.

Сфера гарадской гаспадаркі Мінска была выбрана аб’ектам праверкі КДК невыпадкова. Гэта значная сфера як для дзяржавы, эканомікі сталіцы, так і для насельніцтва ў сувязі са значнымі расходамі дзяржавы на яе развіццё і ўтрыманне. Толькі гарадскі бюджэт на фінансаванне ЖКГ у 2010–2011 гадах накіраваў Br3,4 трлн., што складае амаль чвэрць яго расходаў.

На калегіі камітэта таксама было адзначана, што не выконваюцца задачы па рэфармаванню галіны, прадугледжаныя канцэпцыяй развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі на перыяд да 2015 года. Паводле ацэнкі КДК, у значнай ступені прычынай гэтага з’яўляецца адсутнасць у горадзе дзейснай сістэмы кіравання і кантролю ў сферы ЖКГ. Стварэнне такой сістэмы кіравання і кантролю дало б магчымасць выключыць неабгрунтаваныя страты дзяржаўных сродкаў і павысіць эфектыўнасць работы галіны, у тым ліку шляхам яе рэфармавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?