На плошчы імя Якуба Коласа ў Мінску 7 чэрвеня адкрыецца выстава рэпрадукцый работ Марка Шагала «Мастак і горад», прысвечаная 125-годдзю з дня яго нараджэння.

Як паведаміла 30 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталля Шаранговіч, у выставе пад адкрытым небам будуць выстаўлены рэпрадукцыі 19 карцін мастака, якія знаходзяцца ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Дзяржаўным Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу і Музеі Марка Шагала ў Віцебску. Усе гэтыя работы мастак стварыў яшчэ да ад’езду з Беларусі ў Францыю.

Паводле яе слоў, фармат выставы з’яўляецца для Беларусі дастаткова новым. «Калі летась мы правялі на плошчы выставу беларуска-польскага плаката, мы ўбачылі, наколькі ў гэтым выпадку ў людзей мяняецца разуменне мастацтва», — сказала Шаранговіч.

Усяго на плошчы будзе выстаўлена дзевяць стэндаў, на адным з якіх будзе размешчана біяграфія Шагала і яго партрэт, а на астатніх — рэпрадукцыі карцін з подпісамі і тлумачэннямі на чатырох мовах — рускай, беларускай, англійскай і французскай.

На выставе работы Шагала будуць паказаны ў павялічаным маштабе, што зробіць іх, на думку дырэктара музея, больш эфектнымі. «Гэта дапаможа любому чалавеку заўважыць работы Шагала, падысці, разгледзець іх і пачытаць, што напісана на стэндах», — зазначыла Шаранговіч.

Для стварэння якасных рэпрадукцый карцін у павялічаным маштабе арганізатарам давялося адмовіцца ад з самага пачатку невялікіх па памеры работ мастака. «Мы пакінулі работы, якія будуць сапраўды добра выглядаць у прасторы плошчы, паколькі Шагал — музейны мастак», — зазначыла на прэс-канферэнцыі эксперт Камітэта Марка Шагала мастацтвазнаўца Тамара Карандашава.

«У рэпрадукцыі жывапіс вельмі цяжка паказаць так, як яна падаецца ў арыгінале, — важна захаваць колер, перадаць жывы рух пэндзля, каб рэпрадукцыі не выглядалі плакатамі», — растлумачыла яна.

Выстава «Мастак і горад» будзе працаваць на працягу трох месяцаў.
Таксама ў межах праекта ў сталіцы пройдуць дзіцячыя пленэры, выстава сучасных мастакоў, натхнёных работамі Шагала, адбудзецца адкрыццё дзіцячай арт-галерэі і будзе прэзентаваны спектакль аб жыцці і творчасці мастака «Анёл Шагал над дахамі».

Праект рэалізуецца міжнародным сацыяльна-эканамічным фондам «Ідэя» пры падтрымцы пасольства Францыі ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?