Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін паводле вынікаў перамоў, што прайшлі 31 мая ў рэзідэнцыі «Заслаўе», прынялі сумесную заяву, у якой адзначаецца «стратэгічны характар стасункаў паміж дзвюма краінамі ва ўсіх сферах міждзяржаўнага ўзаемадзеяння».

Паведамляецца, што перамовы прайшлі «ў атмасферы дружбы, узаемаразумення і высокага даверу». «Кіраўнікі дзяржаў абмяняліся думкамі па актуальных міжнародных і рэгіянальных праблемах, абмеркавалі шырокі спектр пытанняў двухбаковага парадку дня, узгаднілі перспектыўныя кірункі далейшага паступальнага развіцця расійска-беларускіх стасункаў», — гаворыцца ў заяве.

Бакі «пацвердзілі зацікаўленасць у далейшым развіцці Саюзнай дзяржавы, а таксама выказалі ўпэўненасць, што Еўразійскі эканамічны саюз з удзелам Беларусі, Казахстана і Расіі будзе магутным і ўплывовым геапалітычным утварэннем».

Кіраўнікі дзвюх краін «абмеркавалі пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў кантэксце выпрацоўкі адзіных узгодненых умоў гаспадарання для эканамічных суб’ектаў як у межах Саюзнай дзяржавы, гэтак і Адзінай эканамічнай прасторы». У заяве падкрэсліваецца, што «фармаванне і правядзенне адзінай прамысловай, энергетычнай, транспартна-лагістычнай, гандлёвай палітыкі дзвюх дзяржаў будзе асновай для нарошчвання іх экспартнага патэнцыялу і далейшага развіцця прадуктыўнага супрацоўніцтва з трэцімі краінамі, транснацыянальнымі карпарацыямі, іншымі суб’ектамі міжнародных эканамічных сувязяў».

Лукашэнка і Пуцін адзначылі «высокі ўзровень узаемадзеяння па рэалізацыі перадавога па ўзроўні бяспекі праекта будаўніцтва АЭС і пацвердзілі гатоўнасць развіваць эфектыўнае супрацоўніцтва ў мэтах падтрымання глабальнай ядзернай бяспекі».

У выніковай заяве паведамляецца, што «асаблівая ўвага была нададзена тэме мадэрнізацыі рэальнага сектара эканомікі, у тым ліку пераходу ад энергаёмістых індустрыяльных тэхналогій да экалагічна чыстых».

«Былі разгледжаны пытанні ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва і ўмацавання калектыўнай бяспекі, пацверджана гатоўнасць забяспечваць цесную каардынацыю ў супрацоўніцтве па адстойванні і прасоўванні на міжнароднай арэне агульных інтарэсаў дзвюх краін», — гаворыцца ў дакуменце.

Лукашэнка і Пуцін «выказалі намер і далей садзейнічаць умацаванню міру, бяспекі і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў адносінах з іншымі дзяржавамі». «Расія і Беларусь маюць намер браць актыўны ўдзел у калектыўных дзеяннях па ўмацаванні стабільнасці на ўсіх узроўнях, у тым ліку па прадухіленні і мірным урэгуляванні міжнародных канфліктаў і супрацьдзеянні такім выклікам і пагрозам, як міжнародны тэрарызм, распаўсюджанне зброі масавага знішчэння, трансмежавая арганізаваная злачыннасць, незаконная вытворчасць і абарот наркотыкаў, гандаль людзьмі, прыродныя і тэхнагенныя катастрофы, — гаворыцца ў заяве. — Пры гэтым абедзве краіны зыходзяць з неабходнасці вырашэння спрэчных міжнародных праблем палітыка-дыпламатычным шляхам і ў строгай адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права».

Зазначаецца, што Беларусь і Расія «будуць каардынаваць намаганні па супрацьдзеянні спробам умяшання ва ўнутраныя справы краін — удзельніц Саюзнай дзяржавы і членаў АЭП,
аказання на іх націску шляхам увядзення абмежавальных або санкцыйных мер, у адпаведнасці з мэтамі і прынцыпамі статута ААН і зыходзячы з каштоўнасці разнастайнасці шляхоў прагрэсіўнага развіцця».

Кіраўнікі дзвюх краін выказалі ўпэўненасць, што старшынства Расіі ў «Групе дваццаці» ў 2013 годзе надасць дадатковы імпульс дзейнасці гэтага аб’яднання і адкрые перспектыву для арганізацыі новых форм міжнароднага супрацоўніцтва.

У прынятай заяве адзначана «важнасць працягу сумесных намаганняў па прасоўванні рэфармавання АБСЕ і вяртання гэтай арганізацыі ролі форуму па шырокім, адкрытым, раўнапраўным дыялогу ў Еўропе, выпрацоўцы і прыняцці калектыўных рашэнняў і развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва дзяржаў па ключавых праблемах бяспекі ў інтарэсах усіх удзельнікаў АБСЕ».

Лукашэнка і Пуцін таксама заявілі пра намер «забяспечыць эфектыўную рэалізацыю дасягнутых дамоўленасцяў у мэтах далейшага паглыблення стратэгічнага партнёрства паміж дзвюма краінамі на аснове раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага дыялогу».

Пуцін запрасіў Лукашэнку наведаць Расію з афіцыйным візітам у зручны для яго час, гаворыцца ў заяве.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?