Гісторыя гэтай дзяўчыны згубілася да пары ў гучных палітычных справах міжваеннага часу. Сапраўднае імя нашай гераіні — Ганна Антонаўна Доўгерд. У свае 20 гадоў Ганна была найлепшай выведніцай беларускай партызанкі «Зялёны Дуб».

Пад імем Марыі Кавальчук Ганну ведаў эсэр-тэрарыст Барыс Савінкаў. На разведку ў савецкі Менск яна хадзіла як Марыя Зайцава. Як Ганну Тамашэўскую яе апазнаў Кастусь Кецка, арыштаваны ў 1921 слуцкі паўстанец…
«Ганна Зайцава — любоўніца Дзергача (кіраўніка „Зялёнага Дуба“ — НС) — самая адважная. Прабіралася неаднаразова ў Мінск, дзе даставала каштоўныя звесткі…», — пісаў пра яе ў «Кароткім нарысе дзейнасці „Зялёнага Дуба“ за 1920–1922» для следчых ГПУ атаман Крук, зеленадубец, які перабег на савецкі бок ў 1922.

Гісторыя яе кароткага жыцця знайшлася на старонках архіўнай крыніцы пад назваю «Савінкаўскія справы». На вокладцы пазначана «Шпіёнская група ў горадзе Мінску» — «Зялёны Дуб». Пяты том справы — «агентурны матэрыял».

Такія крыніцы рэдка трапляюць у рукі даследчыка.

У 1921 г. савецкая ўлада яшчэ мела няпэўныя пазіцыі, а віжаванне, агентурная праца, данясенні рабіліся з машыннай дакладнасцю.

Першую згадку пра Ганну Доўгерд сустракаем у данясенні аднаго з агентаў ЧК, які падпісваўся «Арцыбашаў»,
ад 10 чэрвеня 1921. Ён піша: «Перад пераходам мяжы ў Радашкавічах я пазнаёміўся з дзяўчынай, агентам партыі „Зялёны Дуб“, нявестай Дзергача. Яна ад Дзергача ведала, што я еду ад Савінкава і маю добрыя адносіны з верхаводамі „Зялёнага Дуба“… Ад яе я даведаўся, што:

1. Да мяжы каля Маладзечна маюць прыбыць 6 тысяч паўстанцаў польскіх з Сілезіі;

2. 47-ы польскі крэсовы полк будзе перададзены зеленадубцам;

3. камандзір 40 асобнага батальёна войскаў ВЧК нібыта агент зеленадубцаў…»

Яшчэ Ганна расказала, што

зараз адбываецца канцэнтрацыя ўсіх партызанскіх сілаў.
Ёсць спадзеў, што войскі Балаховіча, інтэрнаваныя на тэрыторыі Польшчы пасля «Палескага паходу» 1920-га, пяройдуць да «Зялёнага Дуба».
На канец жніўня — пачатак верасня 1921 кіраўніцтва савінкаўскага «Народнага Саюза Абароны Радзімы і Свабоды» разам з «Зяленым Дубам» планавалі паўстанне супраць саветаў.
Галоўныя падзеі мусілі разгарнуцца ў Беларусі. Была створана сетка камітэтаў НСАРС у Мінску, Гомелі, Магілеве, Барысаве, Ігумене. «Зайцава» ішла даведацца пра гатоўнасць мінскіх суполак да паўстання, а заадно здабыць савецкі план абароны горада… Каго ж яна сустрэла ў Радашкавічах?

Найхутчэй, Станіслава Глінскага — «крата», які «падкапаў» камітэт НСАРС у Магілёве. Глінскі, польскі камуніст, з канца 1920-га быў памочнікам начальніка па агентурнай рабоце Асобага аддзела бальшавіцкай 16-й арміі (А 16-я армія выконвала функцыі рэпрэсіўнага органа на тэрыторыі Заходняга фронту.) 29 жніўня 1921 (назаўтра пасля арышту Ганны) Глінскі будзе ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцягу за ўдзел у паспяховай аперацыі па ліквідацыі «савінкаўскіх тэрарыстаў».

У кіраўніцтве савінкаўскага Саюза і «ЗД» Глінскага ведалі як чальца падпольнай антысавецкай арганізацыі «Ліберальныя дэмакраты».

Вядома, што «ліберальны дэмакрат» з чэкісцкай легенды сустракаўся з прадстаўніком генерала Булак-Балаховіча, абмяркоўваў планы захопу Мінска, і нават, карыстаючыся перахопленымі паролямі, інспектаваў (!) баявыя аддзелы савінкаўцаў і «Зялёнага Дубу».
Верагоднасць, што менавіта з ім дзяўчына гуляла па Мінску, вялікая. Але адкуль псеўданім «Арцыбашаў»? Глінскі — варшавяк па паходжанні, а ў тыя гады вельмі папулярным у дэмакратычным асяродку замежжа быў расейскі пісьменнік Арцыбашаў, аўтар спачатку эротычных раманаў, а потым вострых антысавецкіх артыкулаў у савінкаўскай газеце «За Свободу»…

Агент Арцыбашаў будзе праходзіць як «Чорны» у данясеннях іншага агента, які падпісваўся О.К. З. Чытаем «Агентурную запіску ад 25 жніўня 1921 па справе Ганны, якой чэкісты далі мянушку „Прыгажуня“.

Бачна, што рыхтаваў дакумент чалавек з професійным досведам. Які за царом, магчыма, насіў блакітны мундзір жандара:
„Прыгажуня“ пры Керанскім жыла ў Кіеве, дзе пасле кастрычніцкага перавароту яе бацьку і брата расстралялі бальшавікі. Пасля гэтага яна ўцякла, працавала ў падполлі і пры ўзнікненні ва Украіне махноўшчыны працавала і служыла ў бандзе Сакалоўскага і далей перайшла ў армію Пятлюры. Разам з ёй інтэрнаваная. …паступіла на службу да Савінкава. Дзяржмяжу ў Савецкую Беларусію пераходзіць у 10-ы раз…
Пасведчанне асобы носіць завязаным у вузельчык у канцы насоўкі, у другім канцы ў такім самым вузельчыку маецца цыяністы калій, які яна напэўна збіраецца прыняць пры арышце. Хусцінку трымае з правага боку за карсажам…
Хоць не адмаўляецца ад спіртных напояў, але маральна не сапсаваная, перакананая прыхільніца НСЗРС і поўная помсты за расстрэл бацькі і брата… Яе зварот да „Чорнага“, думаю, супадзенне… У сваіх дзеяннях смелая, рашучая, мае шырокія знаёмствы ў Мінску, асцярожная…»

«Марыя Зайцава» прыйшла з Маладзечна. Мяжу перасекла ў Крычках. Мая вёска Пятрышкі (станцыя Радашковічы на маладзечненскім кірунку) амаль зраслася з Крычкамі. Дзяржаўная мяжа праходзіла па лініі сучаснага чыгуначнага пераезду. З заходняга (польскага) боку да Крычак падыходзіла дарога, абсаджаная дубамі. Магутныя, прыгожыя, яны пазначаюць ранейшы шлях, па якім прыйшла наша гераіня.

У Маладзечне ўлетку 1921 месціўся Галоўны штаб «Зялёнага Дуба». Узброеныя групоўкі канцэнтраваліся паміж Маладзечнам і дзяржаўнай мяжой. Пра тыя часы начальнік Галоўнага штабу «ЗД», атаман Грач (Уладзімір Ксяневіч) напісаў у паказаннях: «У Маладзечне ўжо ўсе амаль былі ў зборы: Дзяргач, Касінскі, Корч, Іван Густалес, Браніслаў Рак, Аня з сяброўкай, Крук з жонкай і дзіцём, Сакалоў (Сямёнаў)…

Працы ніякай. Жылі ў нумары гатэля „Вільня“. Аня з сяброўкай гатавалі ежу».
Хлопцы гулялі ў шахматы, дыскутавалі па праблемах релігіі і веры.
Аня, трэба думаць, у перапынках паміж абедамі, хадзіла ў разведку. Дзяргач з таго, што прыносіла каханка, складаў інфармдаведкі для Варшавы і саюзнікаў з НСАРС.

Польская цывільная ўлада ставілася да іх варожа. Камісар польскай адміністрацыі быў пэўны, што «гэты штаб арганізуе і адпраўляе ўзброеныя атрады па 20–30 чалавек за кардон, якія здзяйсняюць узброеныя напады на савецкія пагранпасты. Бальшавікі ўздымаюць шум, што мы парушаем Рыжскую дамову». І галоўнае, што палохала польскія ўлады — «…гэты штаб арганізуе на нашай тэрыторыі баявыя дружыны, якія маюць намер выступіць са зброяй». Палякі абшукалі той самы пакой у гатэлі «Вільня». Знайшлі інструкцыі для начальнікаў партызанскіх аддзелаў, абвесткі аб змене ўлады, ліквідацыі саветаў на тэрыторыях паўстання, а таксама «Загад № 1», які пагражаў фізічным знішчэннем камуністам, якія «у семідзённы тэрмін не выйдуць з партыі». Дакументы былі завізаваныя круглай пячаткай з чэрапам, скрыжаванымі касцьмі і трыма дубовымі лістамі… З гэтых данясенняў можна ўявіць, якая абстаноўка была на савецка-польскай мяжы ў канцы лета 1921-га.

Тым часам Прыгажуня пасябравала з Чорным, не падазраючы, што ён працуе на ЧК. Як сведчыла агентура, Чорны прыязджаў на сустрэчы з Ганнай на пары белых коней з ардынарцам (гэта сведчыць, што ён быў вялікім савецкім начальнікам). Яны гутарылі ў доме па вуліцы Старажоўскай, 21, дзе Ганна спынілася. Гаспадар гэтага дома быў вядомы ЧК пад мянушкай «Дачнік». Там

Чорны перадаў Ганне план абароны Мінска, сказаўшы, што мусіць за яго заплаціць.
Ганна паабяцала прынесці патрэбныя 100 тысяч савецкіх рублёў заўтра яму на кватэру — на Багадзельную, 11. Заадно папрасіла здабыць баявыя загады па Заходнім фронце. Чорны пагадзіўся і папрасіў 50 мікалаеўскіх пяцісоценак (прыкладна ў пяць разоў болей за першую суму).

Таксама падчас размовы дзяўчына згадала супрацоўніцу тэлеграфа Ганну Паўлаўну, якая «перадае кожную тэлеграму ў дзвюх копіях і лоўка ўскрывае сакрэтныя пакеты». Тэлеграфістку чэкісты хутка знайшлі. Слежка паказала, што ўсе здабытыя ёй матэрыялы перапраўляюцца за мяжу ў Польшчу.

Назаўтра, 27 жніўня, Ганна Доўгерд перадала Чорнаму частку грошай і атрымала схему размяшчэння чырвоных каля Мазыра. Таксама сказала яму, што заўтра ідзе пешкі за мяжу, па рэшту сумы.

Таксама Чорны замовіў какаін, 4 аршыны сіняй дыяганалі, 5 фунтаў шакаладу и пару бутэлек лікёра- набор для аматара добра пажыць.

Выйшаўшы ад Чорнага, яна накіравалася па Прэабражэнскай, Захар’еўскай, праз Сквер і Гарадскі сад па 2-й Шпітальнай і, абагнуўшы горад, вышла да сваёй кватэры на Старажоўцы. Набліжалася развязка.

Яна апісаная ў «Дакладзе» аператыўнага аддзелу ЧК ад 29 жніўня 1921. Спецслужбісты сачылі за «Зайцавай» ад самага парога і ўзялі за 18 вёрст ад Мінска, па дарозе ў Заслаўе. Затрымалі яе нібыта «выпадкова», заўважыўшы непарадак у дакументах. Ганну прывезлі ў Мінск у ЧК. Усе агентурныя матэрыялы на яе былі перададзеныя следчаму Візнеру.

Ёсць у справе і «пратакол асабістага вобшуку», у якім значыцца, што «Зайцава Марыя была распранутая дагала і быў праведзены вобшук, але нічога знойдзены не было».

З анкеты, што запоўніла арыштаваная, можна даведацца, што Доўгерд Ганна Антонаўна — беларуска. Нарадзілася 15 студзеня 1901. Бацькі, Антон Леапольдавіч і Міхаліна Іванаўна Доўгерды, жылі ў Валынскай губерні. Бацька — мяшчанскага саслоўя, маці са шляхты. Месцам нараджэння Ганна спачатку назвала сяло Ракіціна Оўруцкай воласці Валынскай губерні. Там бацькі мелі два даходныя дамы.

На другім допыце дзяўчына сказала, што паходзіць з вескі Валокі Ашмянскага павета Віленскай губерні, ахрышчаная ў касцёле Жалудова.
Адукацыю атрымала ў вясковай двухкласнай вучэльні. Мела братоў Феліцыяна і Вітольда і сястру Ядвігу. Прафессія — польская агентка (следчы падказаў, як называецца яе «работа»). Месца працы — інфармацыйнае бюро № 3, 2-гі аддзел Польскага Генеральнага Штаба (выведка). Па палітычных перакананнях — «дэмакратка».

З судовай справы ясна, з кім Ганна сустракалася ў Мінску. Яе гасцінна прыняло грамадскае аб’яднанне рупліўцаў нацыянальнай справы «Беларуская хатка». Актывістам «Хаткі» Тэраўскаму, Фальскаму, Кубару дастаткова было сказаць: прыйшла ад Дзергача, іх былога калегі па тэатральнай трупе.

Са знакамітых асоб у судовым спісе яшчэ і Язэп Лёсік, і Змітрок Бядуля. На іх шчасце, Ганна да іх не патрапіла. Лёсіка не было дома, а да Бядулі не дасталася, часу не хапіла.

Уладзімір Кубар, служачы Мінскай губхарчкамісіі, адзін з першых да каго завітала наша гераіня, па агентурнай даведцы «Белы». Быў арыштаваны 2 верасня 1921 года. На допыце паказаў, што знаёмы з Дзергачом і Карчом, з якімі «служыў пры Беларускім тэатры» харыстам.

Ён запэўніваў следчага, што да паўстанцка-партызанскай справы культурніцкі асяродак не мае ніякіх адносін: «гурткі маюць характар адраджэння беларускай мовы, гісторыі і культуры… народ Беларусі выхаваны ў расейскай культуры і 9/10 русафілы і з беларускай мовай не могуць прымірыцца».
Цікава, што сам Кубар, у мінулым матрос Волжскай флатыліі, ваяваў супраць белачэхаў і Калчака, актыўна спрычыніўся да беларускай справы і, па сутнасці, за яе загінуў.

Праз беларускі тэатр і капэлу Тэраўскага з Дзергачом (Вячаславам Адамовічам) былі знаёмыя іншыя фігуранты працэсу.

Як згадаваў Усевалад Фальскі, Адамовіч быў аўтарам некаторых п’ес з репертуара тэатру, а мянушка «Дзяргач» была яго літаратурным і сцэнічным псеўданімам.
На допыце Фальскі спрабаваў заступіцца за Дзергача. Следчы з яго слоў запісаў: «Зялёны Дуб» хоць і бярэ ад палякаў сродкі, але мае свае таемныя палітычныя мэты (уз’яднанне Беларусі), якія ад палякаў хавае».

Харыстам быў і Мікалай Крывашэін (капітан Корч) — ад’ютант атамана Дзергача. Праз Ганну ён перадаў брату Георгію у Мінск скураныя боты і просьбу дапамагчы ёй. Гэта ў яго доме на Старажоўцы Ганна спынілася, калі была ў Мінску.

Георгій, які займаў пасаду ў Рабоча-сялянскай інспекцыі Чырвонай Арміі, зрабіў для Ганны пасведчанне, прынёс планы абароны Мінска. У агентурных зводках праходзіць пад мянушкай «Дачнік».

Першая старонка архіўнай крыніцы, з часткай якой мы пазнаёміліся, утрымлівае спіс тых, каго судзілі пралетарскім судом. Усяго 32 чалавекі. Да расстрэлу прысудзілі пяцёх:

«Каменданту Камісіі. Згодна з пастановай калегіі ЧКБ ад 23 верасня прапануецца вам прывесці ў выкананне прысуд вышэйшай меры пакарання — расстрэл над наступнымі асобамі:

1. Зайцава Марыя Іванаўна, яна ж Доўгерд Ганна Антонаўна, в. Валокі Ашмянскага павета Віленскай губерні, 20 гадоў, абвінавачваецца ў прыналежнасці да арганізацыі „ЗД“ („Зялёны Дуб“ — НН) і шпіянажы.

2. Тэраўскі Уладзімір Васільевіч (выкраслена).

3. Крывашэін Георгій Віктаравіч, пражывае ў горадзе Мінску, 27 гадоў, адукацыя сярэдняя, абвінавачанне тое ж.

4. Кубар Уладзімір Мікалаевіч, пражывае ў горадзе Мінску, 36 гадоў. Абвінавачанне тое ж.

5. Бруевіч Ганна Паўлаўна, паходзіць: сяло Рогіна Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, 25 гадоў, тэлеграфістка. Абвінавачанне тое ж.

Пра выкананне данесці неадкладна».

Чацвёра з пяці асуджаных былі расстраляныя ў ноч на 19 кастрычніка 1921.

Уладзіміру Тэраўскаму, вядомаму кампазітару і хормайстру, пашчасціла ўратавацца. Смяротны прысуд яму, клопатамі А. Чарвякова, быў заменены на 5 год катаржнай турмы.
Але ў 1938-м пазбегнуць расстрэлу не ўдалося. На допыце праз 17 год яму нагадалі пра былое знаёмства з разведчыцай «Зялёнага Дуба» Ганнай Доўгерд.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?