Cупрацоўнікі міліцыі Першамайскага раёну Менску затрымалі актывістаў незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Сержука Гумінскага, Касю Галіцкую, непаўналетнюю Насту Палажанку і яшчэ двух чалавек, прозьвішчы якіх высьвятляюцца.
Як стала вядома ўсіх затрыманых, акрамя Галіцкай вызвалілі.
Затрыманы сябра моладзевага крыла БНФ Сяржук Карповіч, якога зьвінавацілі ў дробным хуліганстве. Зараз ён знаходзіцца ў Кастрычніцкім РУУСе. На пяць сутак асуджаны Аляксей Шыдлоўскі, на трое сутак - Людміла Атакулава.
Як расказвае моладзь, міліцыянты маюць задачу сканфіскаваць сьцягі і транспаранты "Маладога фронту", але пакуль ім гэта не ўдалося.
Усяго за апошнія суткі затрымана каля трыццаці чалавек. Сярод іх Вячаслаў Сіўчык: яго затрымалі а 19.00 у суботу на вуліцы Захарава. Паводле інфармацыі ягонай адвакаткі, яго вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў.
Па ўсёй краіны адбыліся прэвэнтыўныя затрыманьні актывістаў, паводле зьвінавачваньняў у дробным хуліганстве. На думку праваабаронцаў, гэта робіцца ў мэтах запалохваньня. Яны мяркуюць, што гэта дакладная прыкмета, што ў сам дзень 25-га, як гэта бывала раней, у прысутнасьці тэлекамэраў і дыпляматаў, маніфэстацыя пройдзе без правакацый.