Намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч выйшаў з ліку заяўнікаў акцыі 25 сакавіка. 23 сакавіка на сустрэчы з начальнікам ГУУС Мінгарвыканкама Анатолем Куляшовым ён зрабіў заяву аб тым, што адклікае свой подпіс пад заяўкай на правядзенне акцыі і здымае з сябе адказнасць за падзеі, якія могуць адбыцца ў гэты дзень на Кастрычніцкай плошчы Мінска.

У інтэрв’ю БелаПАН А.Ляўковіч заявіў: «Наша партыя ніколі не іграла па сцэнарыях улады. Я быў заяўнікам таго, каб галоўнае свята Беларусі прайшло на галоўнай плошчы краіны. Улада нам ізноў прапанавала старыя маршруты».

Паводле слоў палітыка, калі 19 сакавіка Мінгарвыканкам дазволіў удзельнікам акцыі прайсці ад акадэміі навук да плошчы Бангалор, ён быў абураны, «але ўсё ж спадзяваўся, што ў наступныя дні ўлада пойдзе на кампраміс, з павагай паставіцца да беларускага народа і яго галоўнага свята». Я адклікаю подпіс і не адказваю за тое, да чаго можа прывесці сцэнарый улады, — заявіў Ляўковіч.

Зараз заяўнікамі акцыі застаюцца Аляксандр Мілінкевіч, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Шынкарык і намеснік старшні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?