Перавод офіса Беларускай калійнай кампаніі пад юрысдыкцыю Швейцарыі дазволіць Беларусі засцерагчыся ад магчымых эканамічных санкцый з боку ЕС і ЗША у адносінах да паставак мінеральных угнаенняў. Такую думку выказаў БелаПАН аналітык расійскай кампаніі Aton Міхаіл Пак.

Пра верагоднасць пераводу офіса БКК пад іншую юрысдыкцыю паведаміў генеральны дырэктар ААТ «Уралкалій» Уладзіслаў Баўмгертнер. «У якасці аднаго з варыянтаў юрысдыкцый партнёры разглядаюць Швейцарыю, дзе знаходзяцца офісы большасці сусветных гандлёвых кампаній», — цытуе прэс-служба расійскай кампаніі заяву Баўмгертнера.

Паводле слоў гендырэктара «Уралкалія», гэта дазволіць атрымаць дадатковыя канкурэнтныя перавагі, найперш эфектыўнае гандлёвае фінансаванне для рэалізацыі сумесных інвестпраектаў на рынках збыту.

Аднак, на думку Пака, тут ёсць і іншыя выгоды: «Ініцыятыва перарэгістраваць кампанію ў Швейцарыі — гэта цвярозая думка. Кампанія зніме з сябе палітычныя і краінавыя рызыкі».

На яго думку, змена рэгістрацыі дазволіць кампаніі ў выпадку неабходнасці выступаць гарантам па здзелках. Пры гэтым контрагентам будзе больш спакойна працаваць з БКК.

«Колькі разоў узнікалі рызыкі ўвядзення ЗША эканамічнага эмбарга на пэўныя віды прадукцыі. Калі ж трэйдар будзе зарэгістраваны ў Швейцарыі, пагроза санкцый знікне сама сабой, і Беларусь зможа спакойна прадаваць мінеральныя ўгнаенні», — растлумачыў Пак.

Эксперт зазначыў, што змена юрысдыкцыі на Швейцарыю — распаўсюджаны крок з боку шэрагу кампаній. «Напрыклад, у Швейцарыі зарэгістравана вялікая колькасць расійскіх нафтатрэйдараў», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?