Дастаткова зірнуць на кінабіяграфію рэжысёра, які за ўсю сваю шматгадовую кар’еру не зняў правальнага фільма.

Рыдлі Скот

Рыдлі Скот

Самы маленькі павільён студыі Pinewood

Самы маленькі павільён студыі Pinewood

«Праметэй»

«Праметэй»

«Настрома»

«Настрома»

Майкл Фасбендэр

Майкл Фасбендэр

Кадр з фільма «Чужы»

Кадр з фільма «Чужы»

Той самы Эш са спагеці і малаком

Той самы Эш са спагеці і малаком

Культавыя «Бегучы па лязе» і «Тэльма і Луіза», аскараносны «Гладыятар» і «Чорны ястраб», маштабныя «Робін Гуд» і «Царства нябеснае». Нават калі нейкія працы Рыдлі Скота не знаходзілі разумення ў крытыкаў (напрыклад, «Ганібал»), гледачы ў большасці сваёй прымалі іх на ўра.

Талент, размах і атмасфернасць — вось асноўныя складнікі поспеху брытанца. Спачатку яны дапамаглі яму засвоіць рэкламны бізнэс (успомніць хоць бы легендарны ролік Apple Macintosh з адсылкай да рамана Джорджа Оруэла «1984»), затым — упісаць сваё імя ў гісторыю кінематографа.

Поўнаметражны дэбют будучага мэтра адбыўся 35 гадоў таму: менавіта тады выйшаў яго фільм «Дуэлянты». Майстэрства 39-гадовага рэжысёра нават адзначылі на Канскім кінафестывалі — проста так на Залатую пальмавую галіну не намінуюць. А праз два гады з’явіўся «Чужы» — фільм, які паўплываў на жанр кінафантастыкі не менш, чым «2001: Касмічная Адысея» і чацвёрты эпізод «Зорных войнаў» да яго. Нябачанае дагэтуль адчуванне трывогі ад сустрэчы з Невядомым да дрыжыкаў палохала гледачоў і нават змяніла гастранамічныя прыхільнасці некаторых з іх, а тэхнічныя сродкі візуалізацыі агіднасці прывялі ў захапленне ледзь не ўсіх рэцэнзентаў.

Спачатку «Праметэй» павінен быў стаць прыквелам да «Чужога». Памятаеце эпізод з арыгінальнага фільма, калі экіпаж «Настрома» пранікае на іншапланетны карабель і знаходзіць закамянелае цела прыхадня-гіганта, празванага Касмічным Жакеем? Меркавалася, што стужка раскажа перадгісторыю пра тое, як гэтая істота трапіла на мёртвую планету і якое дачыненне яна мае да ксенаморфаў. Падчас вытворчасці сюжэт зведаў значныя змены, і хоць дзеянне карціны адбываецца ў сусвеце «Чужых», паўнавартасным прыквелам цяпер пахне слаба. «Праметэй» — самастойная стужка з уласнай гісторыяй, Касмічнымі Жакеямі (цяпер іх называюць Інжынерамі) і людзьмі, што зноў сутыкаюцца з чужой Невядомасцю.

На гэты раз кінагуру паабяцаў падняць і паспрабаваць адказаць на — ні многа ні мала — пытанні светабудовы. Ці атрымаецца? Хутчэй за ўсё, так, прычым відовішчна і з эфектамі, якія нельга прапусціць. Пра тое, як здымаўся «Праметэй» і да якіх тэхнічных хітрыкаў звярталася здымачная каманда, — далей у гэтым артыкуле.

Эфектнасць без спецэфектаў

Яшчэ да выхаду «Праметэя» фільм пачалі супрацьпастаўляць «Аватару». Пры гэтым, мабыць, плануецца, што па зборах стварэнне Рыдлі Скота наблізіцца да гісторыі Джэймса Кэмерана пра планету Пандора. Цікава, што Кэмеран таксама цесна звязаны з франшызай пра варожых прышэльцаў з кіслатой замест крыві — у свой час ён зняў працяг «Чужога», прычым не менш паспяховы, чым арыгінал. Аднак падыходы да стварэння фільмаў у двух рэжысёраў кардынальна адрозніваюцца: Джэймс Кэмеран свядома робіць стаўку на максімум лічбавых эфектаў, у той час як Рыдлі Скот надзвычай кансерватыўны ў гэтым плане і аддае перавагу натурным здымкам і «жывым» візуальным эфектам.

Практычна ўся сучасная фантастыка з багаццем спецэфектаў ствараецца паводле тэхналогіі «хромакей» (chroma key). Трылогія «Валадар пярсцёнкаў», «Аватар», «300 спартанцаў» і многія іншыя блакбастары ледзь не цалкам здымаліся з дапамогай гэтай тэхналогіі. Для хромакей-здымак звычайна выкарыстоўваецца зялёны (радзей — блакітны) каляровы фон, так званы рыр-экран. Ён размяшчаецца ззаду актораў ці нейкіх іншых ключавых аб’ектаў. Асноўная частка здымак праходзіць на фоне такога экрана, пасля чаго аднатонны колер замяняецца на любы тэматычны малюнак, на створаныя на кампутары дэкарацыі. У «Праметэі» таксама ёсць адзнятыя ў «храмакей» сцэны, але іх параўнальна няшмат. Занятыя ў фільме акторы нават дзівіліся, што падчас здымак гэтая тэхналогія выкарыстоўвалася ўсяго пяць ці шэсць разоў.

Каб уразіць гледача, Рыдлі Скот пайшоў іншым, больш дарагім, але правераным і эфектным шляхам. Рэжысёр зрабіў стаўку на сапраўдныя дэкарацыі — нябачаная раскоша для сучасных фантастычных блакбастараў. Стваральнікі карціны выкарыстоўвалі павільёны адной з найбуйнейшых у Еўропе кінастудый — брытанскай Pinewood. Раней тут здымалі «бандыяну», стужкі «Шэрлак Холмс: Гульня ценяў», «Захавальнік часу», «Гары Потэр і дары смерці», «Прынц Персіі: Пяскі часу», «Цёмны рыцар»… Паслужны спіс студыі ўражвае.

Даўжыня толькі аднаго павільёна — як у аднаго з паловай футбольнага поля, карыснай плошчы сцэны дастаткова для размяшчэння трох самалётаў Boeing 747. І такіх павільёнаў здымачнай групе спатрэбілася цэлых пяць. На адных галоўны мастак фільма Артур Макс узнавіў іншапланетны рэльеф і збудаванні, астатнія заставілі фантастычнымі транспартнымі сродкамі, у тым ліку гіганцкім караблём «Праметэй» са старанна прапрацаванымі палубамі, каютамі і розным касмічным «начыннем».

Перад тым як узводзіць «Праметэй» Артур Макс з групай мастакоў вывучыў касмічныя караблі NASA і Еўрапейскага касмічнага агенцтва. У выніку было створана два дзясяткі розных эскізаў «Праметэя», з якіх Рыдлі Скот абраў адзін — менавіта ён і трапіў на экран. Прыхільнікі «чужаніяды» абавязкова знойдуць падабенства «Праметэя» з «Настрома», і гэта лішні раз даказвае, што ўвагі дэталям стваральнікі стужкі аддалі шмат. Сюжэтна падабенства караблёў тлумачыцца тым, што «Праметэй» створаны карпарацыяй Weyland, а ў «Чужым» «Настрома» сышоў з верфі Weyland-Yutani — вытворцы, які ўтварыўся са зліцця дзвюх кампаній. На стварэнне карабля ў натуральным маштабе пайшло амаль тры месяцы, калі не лічыць яшчэ два месяцы, затрачаных на яго праектаванне і чарцяжы.

Паводле словаў занятых у стужцы актораў, з дапамогай дэкарацый Рыдлі Скот хацеў стварыць у іх адчуванне прысутнасці на чужароднай планеце. Пры здымках па тэхналогіі «хромакей» дамагчыся такога эфекту, мякка кажучы, цяжка: выканаўцам роляў даводзіцца хадзіць, скакаць і строіць грымасы ў гукаізаляваным памяшканні з зялёнай сцяной у якасці фону. Майкл Фасбендэр, выканаўца ролі кібарга Дэвіда ў «Праметэі», успамінае: «Гэта было проста неверагодна! У гэтых надзіва рэалістычных дэкарацыях літаральна апынаешся на месцы падзей».

Дарэчы, непасрэдны ўдзел у стварэнні дэкарацый браў не толькі галоўны мастак, але і сам Рыдлі Скот. Ледзь не кожную раніцу ён маляваў эскізы і макеты сцэн, сапраўдныя графічныя навелы паводле матываў сцэнару, якія дапамагалі акторам «адчуць» здымачны дзень. «Адчуванне падчас здымак было такое, што мы насамрэч пакінулі планету Зямля і апынуліся ў новым, цалкам рэалістычным вымярэнні, без прытворства і нязграбных дэкарацый», — сказала ў інтэрв’ю часопісу «Фільм» Нумі Рапас, выканаўца галоўнай ролі ў «Праметэі».

Акрамя «чужога» ландшафту і тэхнікі будучыні ў фільме ёсць яшчэ на што паглядзець. Як вам, напрыклад, пакрыты іерогліфамі высачэзны курган, над узвядзеннем якога больш за дзвесце спецыялістаў працавалі амаль чатыры месяцы? А дзесяціметровы малюнак твару, быццам высечанага ў камні, што сустракаецца ў кожным другім постары «Праметэя»?

Усяго для фільма было пабудавана 16 маштабных дэкарацый. Параўнайце: «Аватару» хапіла пяці. Не абышлося і без здымак на прыродзе. У пачатку «Праметэя», напрыклад, ёсць сцэна, знятая на радзіме вулкана Эяф’ятлаёкудль — у Ісландыі. Халодная, гарыстая, непрыязная мясцовасць гарманічна дапоўніла змрочную атмасферу карціны.

Нягледзячы на кансерватыўнасць рэжысёра ў пытаннях спецэфектаў, без іх, вядома ж, «Праметэй» зняць было немагчыма. Выбухі, пясчаная бура, чужародная фаўна — без лічбавай графікі не абысціся. Дэкарацыі дэкарацыямі, але прывесці ў рух той жа касмічны карабель таксама можа толькі камп’ютарная апрацоўка. Зрэшты, і тут Рыдлі Скот можа развесці «лічбу» жывымі дзеяннямі. Так, у арыгінальным «Чужым», каб стварыць эфект рэзкага паскарэння карабля, некалькі чалавек трэслі крэслы, у якіх сядзелі акторы. Проста, эфектна і амаль бясплатна!

У сусветным пракаце з’явіцца як звычайная, так і стэрэаскапічная версія «Праметэя». Аператар пераканаў брытанскага рэжысёра, што сёння здымаць 3D не складаней чым звыклую кінастужку. Рыдлі Скоту, праўда, давялося пагадзіцца на больш высокую, чым меркавалася, асветленасць здымачных пляцовак. Таму «гасіць» святло і надаваць змрочную атмасферу карціне давялося на апошнім этапе вытворчасці. Гэтая нязручнасць, зрэшты, не збянтэжыла рэжысёра, якому настолькі спадабалася працаваць у 3D, што ён паабяцаў кожны свой фільм здымаць у гэтым фармаце.

Не божыя стварэнні

Візітоўкай «Чужога» назаўсёды стаў жудасны ксенаморф — сімвал бязлітаснага і няўяўна чужога Нечага, ад якога нельга схавацца і з якім нельга дамовіцца. Спяшаемся расчараваць тых, хто яшчэ не ў курсе: у «Праметэі», відаць, няма класічнага Alien. Ды і наогул іншапланетных стварэнняў няшмат. Аднак хвалявацца рана.

Са словаў Рыдлі Скота, эксплуатаваць аблічча «чужога» недарэчна, бо ён цалкам вычарпаў сябе ў рамках вядомай франшызы. Насамрэч, пасля невыразнага фільма «Чужы супраць Драпежніка» ад застрашлівага вобразу ксенаморфа нічога не засталося. Палохаць у «Праметэі» вырашылі па-іншаму — з дапамогай фантазіі самога гледача. Чым менш відаць монстра ў кадры, тым большы эфект ён можа зрабіць на наведніка кінатэатра з добра развітым уяўленнем.

Зрэшты, гэта не значыць, што нас будуць палохаць толькі ценямі, шолахамі і скрыгатам. Ва ўсёй красе паўстануць жывыя і не вельмі Жакеі. Як і ў выпадку з «чужымі», іх сыграюць акторы ў спецыяльных касцюмах. Наогул «жывёльны» свет «Праметэя» ў параўнанні з «Чужым» зрабілі менш арганічным і больш механічным.

У стужцы 1979 года менавіта арганіцы надавалася вялікая ўвага. Бясконцая слізь, жылістыя фэйсхагеры, коканы з эмбрыёнамі… У мяне захаваўся забаўны гастранамічны ўспамін, звязаны з гэтым фільмам. Упершыню паглядзець «Чужога» мне ўдалося ў вельмі далікатным узросце, які і блізка не адпавядаў рэйтынгу R. Доўгі час пасля гэтага я чамусьці ніяк не мог прымусіць сябе есці ежу з любой падліўкай, якая навявала асацыяцыі з мілым зубастым хлопцам з фільма Рыдлі Скота.

Падчас здымак арыгінальнай стужкі яе стваральнікі па-майстэрску выкарысталі харчовыя прадукты. Напрыклад, у сцэне выкрыцця фэйсхагера ў якасці вантробаў стварэння выкарыстоўваліся вустрыцы і авечая нырка, муляж галавы кібарга Эша нашпігавалі макаронай і буйнымі кольцамі цыбулі, а ў напаўпразрыстых коканах «чужых» плавалі сапраўдныя сэрцы і страўнікі кароў.

У «Праметэі» такога балявання чакаць не даводзіцца, сягоння на варце гонару і спакою нават забітых жывёл стаяць шматлікія праваабарончыя арганізацыі. Таму ў асноўным гледачоў будзе забаўляць бутафорскі рэквізіт, CGI-эфекты і згаданыя вышэй людзі ў касцюмах Касмічных Жакеяў.

Зрэшты, адмоўна на відовішчнасці гэта не мусіць адбіцца. Таму ўспамінайце легенду пра Праметэя, глядзіце добрае кіно і не забудзьцеся падзяліцца сваімі ўражаннямі.

«Вірусны» ролік фільма

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?