Прыём заявак на ўдзел у адборачным туры фестывалю «Бардаўская восень — 2012» вырашана працягнуць да 10 чэрвеня. Удзел у адборы можа ўзяць кожны беларускамоўны выканаўца, які выступае сольна, альбо гурт, які мае акустычную праграму. Заяўкі з запоўненай анкетай, фотаздымкам і дэма-запісам прымаюцца на паштовую скрыню [email protected]. Заяву можна спампаваць тут.

Тым часам сталі вядомыя падрабязнасці адборачнага канцэрта на фестываль «Бардаўская восень — 2012». Імпрэза адбудзецца 17 чэрвеня і пройдзе ў мінскай кавярні «Піўная гісторыя». Традыцыйна на канцэрце выступяць усе канкурсанты фестывалю і спецыяльна запрошаны госць. Сёлета госцяй адбору стане маладая спявачка Паліна Рэспубліка, якая пачала сваю сцэнічную дзейнасць менавіта з перамогі на фестывалі «Бардаўская восень» у 2011 годзе. Выступоўцаў адборачнага канцэрта акрамя прысутных слухачоў будзе слухаць кваліфікаванае журы, якое абярэ ўдзельнікаў фэсту «Бардаўская восень — 2012». Пераможцы адбору пазмагаюцца за галоўныя прызы сёлетняга фестывалю ў Бельску Падляскім (Польшча), «Бардаўская восень» пройдзе ўжо 19-ы раз, традыцыйна ў канцы кастрычніка.

Пасля заканчэння прыёму заявак ад канкурсантаў пачнецца інтэрнэт-галасаванне за найлепшую конкурсную песню «Бардаўскай восені — 2012». Пройдзе галасаванка на музычным партале ultra-music.com. Пераможца хіт-параду трапляе на фэст аўтаматычна, а таксама выступіць на канцэрце 17 чэрвеня ў «Піўной гісторыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?