Рабочай групе ААН па адвольных затрыманнях актывісты ініцыятывы «Праваабаронцы супраць катаванняў» накіравалі тэрміновае паведамленне з просьбай адрэагаваць на хвалю адвольных адміністрацыйных арыштаў у Беларусі.

Як паведамляе сайт protivpytok.org, у скарзе ўтрымліваецца інфармацыя пра Дзмітрыя Крамянецкага, Рамана Васільева, Уладзіміра Яроменку, Івана Амельчанку. Апісваецца схема, якая шматразова паўтараецца апошнім часам, калі чалавеку, які ўжо адбыў адміністрацыйны арышт, без вызвалення прад’яўляецца новае фальшывае абвінавачанне, у сувязі з якім яго зноў прыгаворваюць да арышту.

Як адзначаюць праваабаронцы, фактычна маладыя людзі не выходзяць на волю і нават тэарэтычна не могуць учыніць правапарушэнняў, у якіх яны абвінавачваюцца. Таксама невядома, ці будуць яны вызваленыя пасля адбывання чарговых «сутак».

«Небяспека заключаецца ў тым, што ўмовы ўтрымання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў з’яўляюцца бесчалавечымі і зневажаюць чалавечую годнасць: у камерах няма асобных спальных месцаў, пасцельная бялізна не выдаецца, няма штодзённых прагулак на свежым паветры, тэмпературныя ўмовы ў начны час сутак дасягаюць 13–14 градусаў, — гаворыцца ў скарзе. — Такім чынам, у сукупнасці ўмовы ўтрымання не адпавядаюць арт. 9, арт. 10, арт. 11, арт. 12, арт. 19, п. 2 арт. 20, п. 1 арт. 21 Мінімальных стандартных правілаў абыходжання са зняволенымі ААН, і з’яўляюцца парушэннем арт. 7 Пакта. Такія ўмовы ўтрымання могуць прычыніць істотны ўрон здароўю актывістаў».

Аўтары просяць групу па адвольных затрыманнях неадкладна заклікаць беларускія ўлады спыніць адвольныя затрыманні Дзмітрыя Крамянецкага, Рамана Васільева, Уладзіміра Яроменку, Івана Амельчанку за выказванне іх думкі, выконваць іх права на асабістую недатыкальнасць і справядлівы суд.

«Асаблівасці тэрміновых працэдур у тым, што для звароту ў парадку гэтых мер не абавязкова праходзіць усе эфектыўныя сродкі прававой абароны, — патлумачыў праваабаронца Сяргей Усцінаў. — Тэрміновыя меры існуюць для таго, каб спыніць пэўныя дзеянні ў парушэнні права не зведваць адвольнае затрыманне канкрэтных асоб, а таксама калі ёсць сур’ёзныя апасенні таго, што ў асобы, якая зведала адвольнае затрыманне, у выніку гэтага могуць быць сур’ёзныя праблемы са здароўем. Рабочая група, калі палічыць патрэбным, накіроўвае ў тэрміновым парадку заклік да міністра замежных спраў адпаведнай дзяржавы з просьбай да ўрада прыняць неабходныя меры да забеспячэння правоў чалавека затрыманых».

Нагадаем, раней незарэгістраваны праваабарончы цэнтр «Вясна» прыняў заяву, у якой таксама запатрабаваў спыніць палітычны пераслед грамадскіх актывістаў. Праваабаронцы асудзілі незаконнае прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арыштаў маладзёжных актывістаў Міхаіла Мускага, Дзмітрыя Крамянецкага, Рамана Васільева, Мікалая Дземідзенкі, Паўла Вінаградава, а таксама праваабаронцы Алега Волчака.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што сістэматычнае асуджэнне грамадскіх актывістаў «на аснове сфальсіфікаваных матэрыялаў аб адміністрацыйным правапарушэнні за дробнае хуліганства з’яўляецца злачыннай формай адвольных затрыманняў». «Ганебна, што ў гэты незаконны пераслед уцягнутыя не толькі органы ўнутраных спраў, але і суды, якія выносяць прыгаворы на аснове фальшывых матэрыялаў», — гаворыцца ў заяве.

Як адзначаюць праваабаронцы, Мускі, Крамянецкі і Дземідзенка ўвогуле толькі за вясну 2012 года адбылі 37 сутак адміністрацыйнага арышту, а Вінаградаў і Волчак двойчы былі асуджаныя «на аснове сфальсіфікаваных супрацоўнікамі міліцыі матэрыялаў».

Незарэгістраваны ПЦ «Вясна» запатрабавала неадкладна спыніць практыку адміністрацыйнага пераследу і незаконнага асуджэння грамадскіх актывістаў па сфальсіфікаваных абвінавачаннях, а таксама прыцягнуць да адказнасці ўсіх службовых асоб, вінаватых у незаконных асуджэннях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?